Гiмназія мае больш высокі статус чым звычайная школа — на III ступені навучання асобныя прадметы вывучаюцца па накірунках на павышаным узроўні, у дадатак да базавых ведаў навучэнцу даецца магчымасць больш цікавага, шматбаковага, універсальнага развіцця.
Мы ганарымся, што ўстанова адзіная ў вобласці беларускамоўная, і добра разумеем, што дзяцей і надалей трэба далучаць да нацыянальнай культуры, прывіваць ім любоў да роднай мовы.
Місія гімназіі — стварэнне ўмоў для нацыянальнай эліты краіны; асноўная мэта, над якой працуем, — фарміраванне ўсебакова развітай асобы, здольнай рэалізаваць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял у дынамічных сацыяльна-эканамічных умовах. Маем уласную сімволіку, гімн, традыцыі. Сярод іх — дзень гімназіі, прысвячэнне ў гімназісты, дзень самакіравання, свята талентаў, дні навук.
“Калі быць — то быць лепшымі” — перакананы педагагічны калектыў. За час існавання гімназіі, гісторыя якой пачынаецца з 1994 года, калектыў даў пуцёўку ў жыццё 766 юнакам і дзяўчатам, у ліку якіх 94 медалісты: 63 — залатыя, 31 сярэбраны. Радуе і тое, што ўсе нашы выпускнікі паступаюць у вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы.
Прыярытэтныя накірункі дзейнасці гімназіі — павышэнне якасці адукацыі праз работу з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі і ўзроўню выхаванасці праз актывізацыю работы органаў самакіравання, рэалізацыя здароўезберагаючых тэхналогій, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.
Для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў у нас паспяхова працуе навукова-даследчае таварыства старшакласнікаў “Пошук”, на I ступені навучання — навуковае таварыства “Прыступка ў будучыню”. Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у раённых і рэспубліканскіх — Мележаўскія чытанні ў г. Гомелі, Міжнародная навукова-даследчая канферэнцыя ў г. Калінкавічы — конкурсах навукова-даследчых работ. У гонар гімназістаў — пераможцаў міжнароднага конкурсу навукова-даследчых работ па матэматыцы Максіма Сінькевіча і Яўгена Яўсеенкі — названы малыя планеты, адкрытыя ў 2005 годзе ў лабараторыі імя Лінкальна ў Кліўлендзе.
На базе ўстановы працуе рэсурсны цэнтр па тэме: “Сістэма работы па арганізацыі факультатыўных заняткаў як сродак і асноўная ўмова задавальнення агульнаадукацыйных запытаў і пазнавальных інтарэсаў вучняў”, раённы цэнтр па рабоце з таленавітымі вучнямі. Сябруюць таксама гімназісты і са спортам, актыўна прапагандуюць здаровы лад жыцця.
Высокія паказчыкі навучэнцаў — вялікая заслуга педагагічнага калектыву. Сёння адукацыйны працэс ажыццяўляюць 73 настаўнікі, 82% з якіх маюць вышэйшую і I кваліфікацыйную катэгорыі. Двойчы нашы педагогі — С.В.Дзюбенка ў 2003 і Т.Л.Амбрушкевіч у 2006 годзе — станавіліся Настаўнікамі года Магілёўскай вобласці.
Прафесійнае развіццё настаўніка немагчыма без стварэння каманды аднадумцаў — і мы працуем толькі ў садружнасці.
Словам, навучанне ў гімназіі арыентавана на выяўленне інтарэсаў і здольнасцей вучня, развіццё яго патэнцыялу. Менавіта тут кожны можа праявіць свае інтарэсы да навукі, любому баку ведаў. I нашы дзверы адчынены для ўсіх, хто жадае знайсці верных сяброў і таленавітых настаўнікаў.