У прыўзнятым эмацыянальным стане разыходзіліся з РЦК 4 мая аматары паэзіі з творчай вечарыны асіповіцкага паэта Анатоля Тамашэўскага. Ды і хіба мог быць іншым настрой, калі пераважная большасць твораў гэтага аўтара гумарыстычная, добра «прыпраўленая” вострым слоўцам ды трапнымі высновамі? Хто хоча ў гэтым пераканацца асабіста, варта пазнаёміцца з убачыўшым летась свет зборнікам «Жонка на дыеце”, які, прынамсі, і быў асноўнай нагодай для правядзення літаратурнай сустрэчы.
У сваім прывітальным слове старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік падкрэсліў, што мала знойдзецца лю-дзей, якія б унеслі такі адчувальны ўклад у культурнае жыццё нашага раёна. З гэтым вывадам адназначна пагадзілася і начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Раманчук, якая ўзгадала, што на Асіповіччыне толькі Анатоль Тамашэўскі мае званне Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь. А атрымаў такі «чын” ён, дарэчы, яшчэ ў 1992 годзе.
Літаратурныя творы знакамітага асіпаўчаніна цікавыя сваёй блізкасцю да жыцця, з яго шматграннасцю і непаўторнасцю. Яшчэ адна асаблівасць вершаў Тамашэўскага — іх можна не толькі дэкламаваць, але спяваць і нават інсцэніраваць. Гэтая акалічнасць і дазволіла ўключыць у праграму бенефісу самыя разнастайныя нумары. Нямала мілагучных песень прагучала ў выкананні народнага цымбальнага аркестра і хору ветэранаў, сярод якіх былі і «Ах, Марыя”, і «Дзень добры, Асіповічы мае”. Народны фальклорны ансамбль «Вечарынка” Ялізаўскага Дома культуры мае ў сваім рэпертуары «Па-над рэчкай туманы”, «Ой, кума!” і многія іншыя. З захапленнем гледачы ўспрымалі выступленне народнага тэатра РЦК «На-дзея”, які паказаў яркія гумарыстычныя мініяцюры.
Мяркуючы па жывой рэакцыі залы, творы Тамашэўскага захапляюць людзей рознага ўзросту: і моладзь, і тых, хто мае за плячыма ўжо салідны жыццёвы вопыт.
Тэматыка? Яна шмат-гранная. Паэта цікавяць розныя людскія ўзаемаадносіны: суседскія, мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, начальнікаў і падначаленых. Нямала ў яго знойдзецца і радкоў, прысвечаных роднаму краю, у тым ліку менавіта нашым Асіповічам.
Што ў планах паэта? Зараз, калі Анатоль Уладзіміравіч выйшаў на заслужаны адпачынак, у яго з’явілася магчымасць аддаваць творчасці столькі ўвагі, колькі душа жадае. Апошнім часам з-пад яго няўрымслівага пяра вый-шла нямала вершаў — як кажа, на паўкніжкі ўжо на-збіраецца.
Для яго гэты вечар быў не проста цікавым з-за ўдала складзенага сцэнарыя, але і вельмі хвалюючым. У зале не было свабодных месцаў, прыйшлі самыя блізкія людзі: жонка і дзве дачкі са сваімі сем’ямі, сябры, калегі і многія тыя, з кім лёс вёў Анатоля Уладзіміравіча па адной сцежцы. А колькі іх было за жыццё, гэтых сцежак!
Няхай жа наканаванае «цыганкамі” з калектыву «Анахата” клуба чыгуначнікаў спраўдзіцца, і напера-дзе нас чакае яшчэ многа сустрэч з новымі зборнікамі асіповіцкага паэта!
«Самае-самае” пра творчае жыццё Анатоля Тамашэўскага
Самае першае спатканне са сцэнай у хлопчыка было ў 4 класе.
Самы першы самастойны твор «Ветэранам працы” быў надрукаваны ў круглянскай раённай газеце. Юнаму паэту тады споўнілася 14 гадоў.
Самы любімы верш Анатоля Уладзіміравіча — «Прызнанне”. Ён прысвечаны бацькоўскай зямлі.
Самая першая песня, якая была напісана сумесна з асіповіцкім кампазітарам Віктарам Шышкаўцом, — «Асіпаўчаначка”. Усяго ж «лірычна-музычны” дуэт стварыў каля паўсотні цудоўных твораў. Сама часта з іх выконваецца песня «Па-над рэчкай туманы”.
Самы любімы паэт Тамашэўскага — Ніл Гілевіч.
Самы вялікі вершаваны твор, які давялося вывучыць Анатолю на памяць — урывак з паэмы Ягора Ісаева «Суд памяці”: дэкламацыя займала паўгадзіны, і было гэтае выступленне ў час службы ў арміі.
Сама часта субяседнікі просяць яго пачытаць верш «Чаго варты нашы грошы?”
Самы «хадавы” журналісцкі псеўданім Тамашэўскага — А.Друцкі. Гэта звязана з месцам нараджэння паэта — ён з’явіўся на свет у Круглянскім раёне, дзе нясе свае воды ціхаплынная Друць.