Трыццаць восьмы год кожную раніцу крочыць да школьнага ганка Зоя Фёдараўна Мельнік, каб зноў і зноў сустракацца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, далучаць іх да таямніц роднай мовы і літаратурнай скарбніцы народа.
Школа — гэта яе жыццё. Яшчэ калі сама сядзела за вучнёўскай партай, марыла стаць настаўніцай і неадступна ішла да мэты. Сама родам з Вялікага Бору, і працаваць стала на тэрыторыі свайго сельсавета: у Жыціне, Крамку, а пасля закрыцця гэтых школ перайшла ў суседні Дрычын. Рабіла ў пачатковай школе, затым стала выкладаць родную мову і літаратуру ў сярэднім звяне і старшых класах.
— З вучнямі выпускнога класа лягчэй, — лічыць настаўніца, — яны ўжо ўсведамляюць неабходнасць атрымання ведаў, падрыхтоўкі да паступлення.
Зоя Фёдараўна перажывае, што сучасныя дзеці мала чытаюць, асабліва беларускіх твораў, а таму і сачыненне не могуць добра напісаць, перадаць свае ўражанні і думкі. Для папулярызацыі роднага друкаванага слова праводзіць усемагчымыя мера-прыемствы. Тыдзень беларускай мовы, віктарыны, інтэлектуальная гульня “Слабае звяно”, лінгвістычны калейдаскоп па краязнаўству, розныя конкурсы, фэсты, збор фальклорнага матэрыялу…
— Каб дзецям было цікава на ўроку, настаўнік напярэдадні павінен перабраць кучу часопісаў, метадычных дапаможнікаў, грунтоўна падрыхтавацца, — упэўнена субяседніца, — таму кладуся спаць і ўстаю з гукамі гімна. Але гэта не ў цяжар: вельмі люблю сваю работу…
Нездарма мае настаўніца вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі раённага і абласнога маштабаў. А сваёй любоўю да работы заражае вучняў, многія з якіх ідуць у навучальныя ўстановы педагагічнага про-філю. Напрыклад, у мінулым годзе з 9 выпускнікоў трое вырашылі стаць педагогамі і цяпер паспяхова асвойваюць навуку.
Нарадзілася яна ў вялікай сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Бацька — спецыяліст шырокага профілю: сталяр, каваль, інжынер, ветурач — мясцовы “кулібін”, а маці з адной рукою трэба было карміць, даглядаць усю гэту грамаду. Моцны маральны стрыжань, атрыманы ў спадчыну, перадала і сваім дзецям, якіх у яе трое. Асталяваліся яны недалёка ад бацькоўскай хаты: сын і дачка — у Асіповічах, яшчэ адна дачка — у Мінску. Муж, аграном па спецыяльнасці, захапляецца пчалярствам, а Зоя Фёдараўна знаходзіць асалоду ў зносінах з кветкамі: дэкаратыўныя і пакаёвыя, яны падобныя на дзяцей, дораць надзею і радуюць, уносячы ў жыццё новы сэнс.