Павагу адзін да аднаго пара Курыльчыкаў з Асіповіч пранесла праз усё жыццё

Выбар зроблены правільна
Перш, чым трапіць на Асіповіччыну, Ніна Курыльчык павандравала па свеце. Нарадзілася яна ў вёсцы Залукі Беластоцкай вобласці. У чатырохгадовым узросце асірацела. А тата, вярнуўшыся з вайны, прывёў у дом чужую жанчыну. Давялося дзяўчынцы на сабе спазнаць мачыхіну “ласку”. Праз пэўны час сям’я перабралася ў Ваўкавыск, а ў 1952 годзе завербавалася ў Карэлію, дзе Ніна і скончыла школу.
Пасля сямігодкі дзяўчына накіравалася па камсамольскай пуцёўцы ўзводзіць новы пасёлак: аўтаномная рэспубліка тады хуткімі тэмпамі пачала забудоў-вацца, а таму работы хапала ўсім. Працавала на лесанарыхтоўках, церабіла сучча на паваленых дрэвах.
У лесе і свой лёс сустрэла. Міхаіл таксама прыехаў у Карэлію на заробкі, бо ў калгасах грошы тады не плацілі. Вырас у Клічаўскім раёне, пасля школы адслужыў у арміі і падаўся на Поўнач.
Яна — камсамольская актывістка, ён — статны прыгажун. Чым не пара? Нават суровыя кліматычныя ўмовы не змаглі патушыць агонь кахання, які ўспыхнуў у маладых сэрцах.
Праз паўтара месяца жаніх запрог лясгасаўскага Орліка і павёз сваю выбранніцу рэгістравацца. Бацькі пра ўсё даведаліся пастфактум. Родныя сумняваліся, што маладыя доўга пражывуць разам, бо дужа ж маладзенькай была нявеста: толькі 18 споўнілася. Ды вось нава-спечаныя муж і жонка аказаліся мудрэйшымі, чым здавалася. І сёння можна смела казаць, што яны прайшлі выпрабаванне часам: тыдні два таму адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця.
Першым жыллём быў пакойчык, які выдзелілі маладой сям’і ў пасёлку. Побач жылі людзі розных нацыянальнасцей — знаёміліся, улюбляліся, жаніліся, сябравалі сем’ямі, працавалі з агеньчыкам і адпачывалі з душой. У краі прыгожых краявідаў сям’я Курыльчыкаў пачала прыбаўляцца. Адзін за другім нарадзіліся два сыны.
І хоць Карэлія вядома сваімі цудоўнымі лясамі і азёрамі, але прырода роднай Беларусі здавалася не менш прывабнай, і праз нейкі час муж і жонка вырашылі пераехаць на радзіму. Бацькі Міхаіла ўжо жылі ў Яноўцы, да іх і перабраліся. Нара-дзіўся яшчэ адзін сын.
Сваімі рукамі Міхаіл Малахавіч пабудаваў дом у Ліпені, а потым і сынам дапамагаў будавацца. Працаваў, як і калісьці ў Карэліі, у леспрамгасе. Меў за плячыма спецыяльнасць цесляра, якую атрымаў у школе фабрычна-заводскага навучання, акрамя таго — правы трактарыста і шафёра, а таму на прадпрыемстве прыйшоўся да месца. Круціў баранку, а потым працаваў механікам, майстрам лесу. Ніна ж рабіла ў магазіне: спачатку прыбіральшчыцай, потым — прадаўцом.
Сыны сталі на ногі, абзавя-ліся ўласнымі сем’ямі. Бацькі не нарадуюцца на нявестак: усе тры — педагогі, добрыя гаспадыні і маці, прыстойныя людзі, паважлівыя і годныя жанчыны. Ды і сямёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў знайшлі свае жыццёвыя шляхі. У адрозненне ад бацькоў, якія атабарыліся недалёка адзін ад аднаго, пражываюць у Мінску, Быхаве, Мар’інай Горцы, Гомелі і іншых месцах краіны. І пра кожнага з іх бабуля з дзядулем расказваюць з любоўю і гонарам. Значыць, жыццё ўдалося. Нездарма 6 дзесяцігоддзяў таму сустрэліся ў далёкай тайзе беларускія юнак і дзяўчына і разам з пасёлкам пабудавалі ўласнае жыццё.