Упершыню Ларыса ЩВАРЦ (Юхноўская) ступіла на карытнянскую зямлю 1 красавіка 1978 года. Было ёй тады крыху больш за 20. Трапіла дзяўчына сюды па размеркаванні пасля заканчэння Жыліцкага саўгаса-тэхнікума. Маладога агранома пасялілі на кватэры ў калгасніцы Настассі Каленік. Яна і зараз успамінае сваю былую гаспадыню добрым словам за спагадлівасць і душэўнае цяпло, якімі тая атуляла кватарантку. Помніць жанчына і словы былога старшыні райвыканкама Леаніда Крамінкіна, якія прагучалі як прадказанне: “Карытнае — месца нядрэннае. Думаецца, што дзяўчына там абавязкова прыжывецца, калі знойдзе сабе вясковага прыгажуна ды замуж выйдзе за яго”.
Так яно і сталася: не паспела паказацца на вачах у вяскоўцаў, як прыцягнула ўвагу маладога калгаснага шафёра Станіслава Шварца. У кастрычніку згулялі вяселле. У хуткім часе атрымалі ад гаспадаркі дом, у якім жывуць і зараз.
— Не шкадую, што так склаўся лёс, — гаворыць Ларыса Валянцінаўна. — Карытнае стала родным і блізкім, бо тут пусціла свае карані, прайшлі самыя лепшыя гады жыцця, нарадзіліся дзве дачушкі, Таня і Алена. І ўнукі мае паявіліся на свет менавіта тут.
— З’ехаць у горад не хацелася?
— Як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць. Мяне задавальняла ўсё. Адносіны з боку кіраўніцтва калгаса да маладых сямей у васьмідзясятыя гады былі ўважлівыя. Яно клапацілася аб працаўніках ферм і палёў, калі бачыла, што чалавек працуе на вынік. Ды і зараз аказвае дапамогу ў нарыхтоўцы сена, каб сяльчанін мог трымаць карову.
— Весці гаспадарку — нялёгкая справа, ды і час вольны патрэбен…
— Нягледзячы на занятасць калгаснай работай, паспявалі з мужам і дома сачыць за парадкам. У цяжкія дзевяностыя, калі з заробкамі ў калгасе было не надта добра, а ў магазіне — напруга з таварамі, менавіта дамашняя жыўнасць дапамагла справіцца са шмат-лікімі праблемамі. Малочнае не трэба было купляць, хапала і мяса з салам, бо без свіней хлеў ніколі не стаяў. Лішкі прадавалі часткова дзяржаве, а штосьці і на рынак вывозілі. Прычым ні я, ні муж ніколі не гаварылі, што нам нязручна, што сіл нестае. Разумелі, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Таму і буракі калгасныя палолі па 40 сотак, каб сена зарабіць, і ў агародзе шчыравалі. Ды і не толькі наша сям’я так завіхалася, — многія. Тады ся-ла, як зараз, не баяліся. І пра-цавалі натхнёна, не скардзіліся на цяжкасці. Уявіце толькі — машынна-трактарны парк налічваў больш за 100 адзінак тэхнікі! На 5 фермах стаяла шмат статка. Работа спорылася.
— Шкадуеце аб тым часе?
— Успамінаць пра яго прыемна, а вось шкадаваць… Трэба рухацца наперад, безумоўна, з улікам набытага вопыту. Зараз многае не так. І людзей у калгасе не столькі, і жывёлы стала на парадак менш як у калгасе, так і на прыватных падворках. Аднак вёска павінна жыць, інакш нельга. Шкада толькі, што неяк страцілася значнасць вясковай працы. Пакаленне, якому за 50, хутка пойдзе на заслужаны адпачынак. А маладыя шукаюць лепшага жыцця і маюць на гэта права…
— Але ж з гэтай мэтай стварылі аграгарадкі, пра-вільна?
— Яно так. Мне ж падаецца, у маладых няма цягі да працы на зямлі. Нават калі нехта з іх і застаецца ў вёсцы, то кароў ды свіней не надта імкнецца заводзіць. Мая малодшая дачка з мужам жывуць разам з намі, але ў калгасе не працуе ні адзін. Чаму? Прычына не толькі ў заробках, але і ў шмат чым іншым. Можа, я і хацела б, каб хтосьці з дзяцей ці ўнукаў працаваў у калгасе, аднак вырашаць за іх не магу. Так і з астатняй моладдзю. Большасць са спецыялістаў, якія прыязджаюць на вёску па размеркаванні, не хочуць быць сялянамі. Адбудуць сваё — і ў горад. А аграгарадкі — гэта добра. Дзякуючы такой палітыцы дзяржавы, многія вёскі ажылі, папрыгажэлі. У тым ліку і наша.
…Гледзячы на гэтую прывабную, энергічную жанчыну, цяжка паверыць, што яна нядаўна атрымала заслужаную пенсію. Па яе шчырым прызнанні, у гэта не верыцца і самой. Па-ранейшаму Ларыса Валянцінаўна спяшаецца на працу, дзе яе чакаюць не толькі як добрага спецыяліста, але і сябра, які дапаможа парадай, падтрымае добрым словам, ласкавай усмешкай. Побач з такімі людзьмі камфортна ўсюды — і на працы, і дома. І шчырую сімпатыю вы-клікаюць яе чалавечыя якасці —карэктнасць, спагада, уменне знайсці агульную мову з рознымі людзьмі.