Яравы клін на палях Асіповіччыны сёлета будзе вы-глядаць наступным чынам: ячмень — 1.480 гектараў, пшаніца — 700, авёс — 310, грэчка — 300, зернебабовыя — 950, кукуруза — 6.500, у тым ліку 1.000 гектараў на зерне, 150 гектараў яравога рапсу ды 1.490 — цукровых буракоў. Каб якасна засеяць гэтыя плошчы, неабходна сур’ёзная падрыхтоўка.
Менавіта мэту рознабаковага настройвання і меў праведзены днямі на базе СВК “Калгас “Чырвоны ўдарнік” семінар з удзелам кандыдата тэхнічных навук, дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага вучэбнага Цэнтра павышэння кваліфікацыі кадраў, кансультавання і аграрнай рэформы Якава Яроцкага. Гэты навуковец з раёнам супрацоўнічае даўно, аналагічныя семінары праводзіў ужо не адзін раз, дэталёва ведае не толькі ўсе тонкасці работы з тэхнікай, але і як патрэбныя веды данесці да працаўнікоў гаспадарак.
Перад запрошанымі на мерапрыемства кіраўнікамі, галоўнымі аграномамі і інжынерамі сельгаспрадпрыемстваў, а таксама механізатарамі, якія будуць ажыццяўляць сяўбу яравых, выступіў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Поклад. Ён паставіў канкрэтныя задачы, акрэсліў тэрміны правядзення сельгасработ, нагадаў аб важнасці выканання тэхналагічных патрабаванняў.
Асноўная ўвага была нададзена тэхнічным настройкам, якія спрыяюць якаснаму выкананню розных тэхнала-гічных аперацый. І хоць на-двор’е не дазволіла ў вызначаны дзень выехаць у поле, аднак механізатары мелі магчымасць пераканацца, што правільна наладжаная тэхніка не толькі якасна працуе, але і не траціць лішняга гаручага. Недакручаная або перакручаная гайка можа падарваць эфектыўнасць працы ўсяго агрэгата. “Чырвоны ўдарнік” для правядзення семінара быў абраны невыпадкова: тут у наяўнасці ўся лінейка па-трэбнай на сяўбе тэхнікі, а памеры мехдвара дазвалялі без перашкод да яе падступацца з любога боку.
Падводзячы вынікі “сельгасурока”, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Ганна Яцко параіла ўсім па вяртанні ў свае гаспадаркі яшчэ раз дэталёва праверыць і адрэгуляваць настройкі тэхнікі, перагледзець заданні, нормы выпрацоўкі і аплаты працы на час актыўных сельгасработ. Механізатары павінны быць забяспечаны спецадзеннем і гарачым харчаваннем, каб маглі цалкам засяродзіць сваю ўвагу на працэсе сяўбы.