На ўскрайку лесу каля вёскі Амінавічы знаходзіцца загароджаны масіўным плотам вальер, які належыць раённай суполцы РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Ён дастаткова вялікі — мае плошчу каля 4 га — і прызначаны для правядзення своеасаблівых экзаменаў — «іспытаў лаек па падсадным дзіку”.
У прысутнасці прыдзірлівых экспертаў сабакі павінны за пэўны час знайсці дзіка, падаць голасам сігнал аб месцы, дзе ён знаходзіцца, пазбавіць магутную і агрэсіўную жывёліну магчымасці ўцякаць да моманту, калі паляўнічы падыдзе на дыстанцыю трапнага стрэлу, і, нарэшце, па камандзе гаспадара спыніць праследаванне.
Удзельнічаць у «тэсціраванні” не абавязкова, аднак пераважная колькасць заводчыкаў ад такой магчымасці не ўхіляецца. Паспяховае выкананне нарматываў дае паляўнічаму сабаку дыплом (трэцяй, другой альбо першай ступені), які ў сваю чаргу павышае і статус самога чатырохногага следапыта і, што, бадай, галоўнае, кошт яго нашчадкаў.
17 сакавіка пацвердзіць кандыцыі сваіх лаек сюды сабралася каля 40 паляўнічых: сяброў БТПР з Асіповіцкага раёна, Ганцавіч, Светлагорска, Мінска, Бабруйска, Клічава.
Падчас выпрабаванняў сабакі ў вальеры павінны знаходзіцца толькі эксперты і гаспадар, прычым перасоўвацца яны павінны па пэўных правілах, каб не падказваць «экзаменуемаму” і, зразумела, не парушаючы тэхнікі бяспекі. Дзікоў, хоць і жывуць яны ў вальеры ўжо даўно, ручнымі назваць нельга.
З-за гэтых абмежаванняў за паядынкамі дзіка і сабак гледачы маглі сачыць толькі ўрыўкамі — калі тыя набліжаліся да іх дастаткова блізка. Карэспандэнт «раёнкі” ў гэтым плане меў пэўныя перавагі, бо атрымаў дазвол знаходзіцца ў эпіцэнтры падзей. І вось што ён убачыў.
Усяго ў вальеры жывуць дзве самкі і самец. Свінні ў суботніх тэставых загонах не ўдзельнічалі — адна была сур’ёзна паранена падчас папярэдніх спаборніцтваў, другая павінна днямі прынесці пры-плод і знаходзілася ў «дэкрэтным адпачынку”. Таму супрацьстаяць сабачаму напору давялося аднаму 3-гадоваму вепруку. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што прыблізна трэць лаек дзіка так і не знайшла, а пераважная колькасць астатніх не праяўляла жадання на яго нападаць усур’ёз. Як падалося, дзік выдатна разумеў, што мітусня вакол яго асобы — гэта ўсяго толькі «матч па боксе”, у якім яму трэба проста ўстаяць на нагах да апошняга раўнда.
Пераважна дзік трымаўся каля агароджы, якая абмяжоўвала свабоду манеўру сабакі. Аднак рана ці позна апошні знаходзіў шчыліну ў дзічынай «абароне”, і тады пачыналася пагоня, спыніць якую можна было толькі схапіўшы раззадораную паляўнічым азартам лайку за карак. Дзік бегае з хуткасцю да 40 кіламетраў у гадзіну і, нягледзячы на грувасткасць і знешнюю няўклюднасць, можа за-кладваць хвацкія віражы і ўмее жорстка контратакаваць.
Толькі дзве сабакі здолелі ўтрымаць дзіка, з разгону ўчапіўшыся ў балявую кропку на яго сцягне. Як толькі гэта ўдавалася, вяпрук імгненна прыпыняў бег, некалькі разоў круціўся на месцы, спрабуючы адарваць лайку, а потым рэзка садзіўся, каб уціснуць яе морду ў зямлю. Адзін сабака сапраўды адскочыў, другі ж працягваў упарта сціскаць зубы і здабычу не выпусціў. Дзік, відаць, ад болю, пачаў гучна ляскаць зубамі…
Але асаблівай шкоды ўдалыя сабачыя атакі яму не нанеслі — гэтых жывёл заслужана называюць «жывымі танкамі”.
Пасля кожнай пагоні ў дзіка быў перапынак, які доўжыўся як мінімум 10 хвілін — столькі даецца сабаку на пошук здабычы. Увесь гэты час ён адпачываў — ляжаў у бліжэйшай лужыне. Халодная вада, напэўна, дазваляла хутчэй узбадзёрыцца і да таго ж перашкаджала шматлікім паразітам смактаць кроў з адносна тонкай скуры на грудзях і жываце. Падыходзіць да жывёлы падчас прыняцця «водных працэдур” можна было зусім блізка — дзік не праяўляў ніякай агрэсіўнасці.
Адны лайкі шукаюць звера па слядах, другія — па паху, які разносіць паветра. У вальеры, дзе свежых слядоў было вельмі многа, пэўныя перавагі мелі апошнія. Тыя, што метадычна сачылі толькі за пахам слядоў, часам прабягалі ў некалькіх метрах ад замаскіраванага ў кустоўі дзіка і не звярталі на яго ніякай увагі.
Па выніках іспытаў дыпломы атрымалі 23 сабакі. З іх дзве — 1-й ступені і чатыры — 2-й ступені. Ацэньвалі ж лайкавыя кандыцыі эксперты Уладзімір Сініца (міжнародная катэгорыя), Уладзімір Церахаў (рэспубліканская катэгорыя) і Канстанцін Макарэвіч (стажор).