Лёс — спадар вельмі непрадказальны і капрызны. Ніколі не ведаеш, у які бок ён павернецца заўтра, праз год альбо дзесяць. Як заставацца моцным, жыццярадасным і рухацца толькі наперад, нягледзячы на яго “выкрутасы”, можна павучыцца ў Аляксандры Пышнай з вёскі Дрычын. Швачка, сакратар сельвыканкама, грамадскі дзеяч, спявачка, маці і бабуля — гэта ўсё яна.
Апынулася жанчына ў Дрычыне выпадкова. Дзя-цінства Аляксандры Андрэеўны прайшло недалёка ад гэтых месцаў, у вёсцы Няччо, потым сям’я пераехала ў Лапічы. Там жа дзяўчына захапілася шыццём. Працавала ў мясцовай швейнай майстэрні, а потым вырашыла атрымаць больш грунтоўныя веды і паступіла на курсы закройшчыкаў у Магілёве. Пасля іх яе накіравалі на працу ў комплексна-прыёмны пункт бытавога абслугоўвання Дрычына. Прыехала на работу маладая дзяўчына ў жніўні 1969 года і доўга затрымлівацца тут не збіралася. Але ж… Чарговы паварот лёсу — і ўжо праз некалькі месяцаў, у студзені, Аляксандра выйшла замуж. У 1974 годзе пераехала з мужам і дачкой у новую хату, дзе жыве і па сённяшні дзень.
Любімай справай яна заўсёды займалася з захапленнем, нават падчас водпуску па догляду дзіцяці пастаянна хадзіла на работу: “Пакіну дачку ненадоўга са свекрывёй, а сама бягу на працу. Накрою тканіны, каб швачкам было што рабіць і — хутчэй назад”. Дарэчы, дачок у Аляксандры Андрэеўны тры. Усіх выгадавала і паставіла на ногі, усе пастаянна прыязджаюць у госці да маці.
Але ж на працы ў “бытоўцы” яе кар’ера не спынілася. У 1986 годзе паступіла ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Яшчэ праз 2 гады змяніла работу ў КБА на пасаду сакратара Дрычынскага сельскага Савета.
Любімая работа, сям’я, уласная гаспадарка — здавалася, нічога не магло азмрочыць жаночага шчасця Аляксандры Пышнай, але — яшчэ адзін паварот лёсу… У 1995 годзе раптам памірае муж, а праз некалькі месяцаў — родная сястра. Так засталася адна з трыма дачкамі і свекрывёй-пенсіянеркай…
Толькі і ад такога жыццёвага ўдару жанчына не зламалася. Шмат працавала, шыла адзежу дочкам і аднавяскоўцам, трымала вялікую ўласную гаспадарку…
Штодзённая праца аказалася лепшым лекарам для душы. Нават ужо на пенсіі Аляксандра Андрэеўна працавала ў аддзеле кадраў калгаса “Пціч”, пакуль той не з’ядналі з суседнім СВК “Калгас імя Чарняхоўскага”.
Усе тры дачкі выйшлі замуж і жывуць у Асіповічах, а 6 унукаў і ўнучак, старэйшая з якіх ужо скончыла ўніверсітэт, а малодшы ходзіць у шосты клас, пастаянна прыязджаюць да бабулі на канікулы і выхадныя дні.
Акрамя плённай працы заставацца бадзёрай і пазітыўнай Аляксандры Андрэеўне дапамагаюць песні. Колькі жанчына жыве ў Дрычыне, столькі ж з’яўляецца салісткай народнага хору “Вярба”. Снег за акном, дождж, сонца — заўсёды яна спяшаецца на рэпетыцыі калектыву. А ў Дрычыне і ўсім савеце ні адно свята не абыходзіцца без звонкіх песень і яскравых выступленняў “Вярбы”.
Акрамя ўсяго, ужо каторы год Аляксандра Андрэеўна ўзначальвае Дрычынскі сельскі камітэт. Яна — праваднік паміж мясцовай уладай і вяскоўцамі. Парадак на вуліцах і вырашэнне штодзённых пытанняў людзей — з усім спраўляецца гэта актывістка на “выдатна”. Хата яе ніколі не бывае пустой: то дзеці прыедуць ці ўнукі, то аднавяскоўцы на кубак гарбаты завітаюць. Словам, і на пенсіі сумаваць няма калі. Дасюль яшчэ і шые тое-сёе адзенне для сям’і і сябровак, займаецца модным зараз відам рукадзелля пэчворкам — пашывам коўдры ці пледаў з кусочкаў тканіны. Яшчэ ў цяжкія 90-я гады, каб зарабіць лішнюю капейку, Аляксандра Пышная збірала грыбы ды ягады. Такія вось паходы ў лес сталі ўжо звычкай, таму і зараз летам ды восенню жанчыну цяжка застаць дома. Вялікай гаспадаркі, як раней, яна ўжо не трымае, але ж курэй усё яшчэ разводзіць.
Аляксандра Андрэеўна не можа не працаваць і толькі бавіць дні перад тэлевізарам, праглядаючы чарговы серыял. Гэта жанчына — нібы вечны рухавік, які працуе пастаянна і не патрабуе падзарадкі. І ні жыццёвыя абставіны, ні зігзагі лёсу спыніць яго пазітыўны рух не здольны.