Стрит-арт улицы Сумченко в Осиповичах — проект Дмитрия Полещука

Стрит-арт улицы Сумченко в Осиповичах — проект Дмитрия Полещука

Патрэбны чалавек у патрэбным месцы

Падрыхтоўка да “Дажынак-2020” — справа клапотная, аднак ёсць у ёй вялікі пазітыў. Нарэшце з’явілася магчымасць зрабіць нашаму райцэнтру даўно патрэбны “рэстайлінг”. Зразумела, у эпіцэнтр камунальна-будаўнічых намаганняў адным з першых патрапіў участак вуліцы Сумчанкі, які прылягае да галоўнай плошчы горада.

Тыповая савецкая забудова 60-70-х гадоў і архітэктурная выразнасць — словы не з аднаго аркуша і нават не з адной кнігі, аднак надаць ёй самабытнасці ўсё ж магчыма. Першы этап, так бы мовіць, тэхнічны: разбавіць шэра-бетонную “гаму” сцен жылых дамоў яркімі фарбамі. Другі — дапоўніць новы фон нейкай іскрынкай. І тут патрэбны добрыя ідэі ды творчыя людзі, якія могуць іх ажыццявіць найлепшым чынам.

Дзмітрый Палешчук — таленавіты ганчар, спецыяліст у галіне вонкавай рэкламы і проста мастак — даўно задумваўся, як можна зрабіць родны горад прыгажэй. На прапанову паўдзельнічаць ва ўпрыгажэнні вуліцы Сумчанкі згадзіўся з радасцю, тым больш атрымаўшы карт-бланш на выкананне досыць маштабнага праекта: аформіць у стылі стрыт-арт тарцовыя сцены двухпавярховак каля мясцовага галаўнога офіса “Беларусбанка”.

Па словах мастака, задумка такая: паказаць моманты чалавечага жыцця, што робяць яго яркім і запамінальным. Сэнсавае абагульненне і ўлік асяроддзя, часткай якога павінны стаць малюнкі, задалі мінімалістычную манеру выканання і каляровую гаму, дзе дамінуюць “паўсотні адценняў чорнага”. Атрымаўся свайго роду тэатр ценяў, які не муляе вока і тым не менш пакідае моцнае ўражанне.

Над праектам мастак працуе ўласнаручна: вопыт у падобных справах Дзмітрый мае ладны, так што афармленне аднаго дома завяршае за два-тры дні. Калі працуе, даволі часта падыходзяць людзі — каб выказаць сваё меркаванне. Абыякавых няма! Адны ў поўным захапленні, іншыя выказваюць крытыку, часам абгрунтаваную.

Такая розніца ўспрыняцця — добры знак, сведчанне таго, што землякам не ўсё роўна, дзе і як яны жывуць. Застаецца спадзявацца: гэтая пазітыўная энергія здольна “разраджацца” не толькі праз словы.

А крытыка арт-аб’ектаў, якія рэзка мяняюць выгляд горада, — з’ява гістарычна нармальная. Напрыклад, калісьці досыць вялікая колькасць парыжан лічыла, што Эйфелева вежа — сённяшні сімвал і гонар Францыі — выглядае пачварна. У такое цяжка паверыць, але гэта факт.

Аднак вернемся да нашых спраў. Вельмі хочацца спадзявацца, што калі-небудзь на месцы руін згарэўшага ўжо амаль сем гадоў таму дома на перакрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і Сумчанкі з’явіцца штосьці прывабнае і грамадска карыснае…

Дзмітрый САЎРЫЦКІ. Фота аўтара.

d.savrickiy@gzt-akray.by

Последние новости

Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Зачем спилили деревья

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Пра вопыт, давер, дапамогу

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Куда деть строительный мусор

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

46 гадоў працуе ў ПМК № 95 “Вадбуд” Сяргей Русачкоў

25 апреля 2026
Читать новость