За дапамогай і парадай

Калі намаляваць партрэт сапраўднага вясковага гаспадара, уяўляецца чалавек, які заўсёды знаходзіцца ў працы і клопатах, добра ведае зямлю і яе нораў, валодае сакрэтамі абыходжання са свойскай жывёлай, разважлівы і памяркоўны, мае дружную сям’ю, якою даражыць… Атрымоўваецца дакладная характарыстыка Уладзіміра Сяргеевіча ЕРМАКОВА, ясенскага жыхара, якога ведаюць і паважаюць усе аднавяскоўцы. За дапамогай і парадай ідуць да яго, узараць агарод ці прывезці ўраджай дадому — таксама, даставіць сена або абагнаць бульбу — ізноў жа сюды. Бо гаспадар трымае не толькі карову, быка, двух парсючкоў, але і такога неабходнага на падвор’і каня.

А абыходзіцца з хатняй жывёлай Уладзімір Сяргеевіч прафесіянальна: мае спецыяльнасць заатэхніка, не адзін год адпрацаваў на гэтай пасадзе ў калгасе.

Ён не мясцовы чалавек — ураджэнец Слаўгарадскага раёна, але трывала замацаваўся на Асіповіччыне. Хаця трапіў сюды выпадкова.

Як часта бывае ў маладосці, паездзіў па бязмежнай тады краіне, вучыўся ў Клімавіцкім тэхнікуме, працаваў на вёсцы загадчыкам фермы, пажыў у Мінску, Асіповічах, нават Балашысе. У апошняй, дарэчы, папрацаваў даволі вынікова: як пяецца ў песні «не вярнуўся дамоў халастым».

У падмаскоўны гарадок хлопец прыехаў у камандзіроўку ад Мінскага аўтазавода. Пасля напружанай работы маладыя рабочыя імкнуліся весела адпачыць. Жывучы ў інтэрнаце, збіраліся разам, слухалі музыку, гутарылі. Раз пайшлі яны з сябрам да дзяўчат паслухаць новую пласцінку «Па хвалях маёй памяці». Якія песні гучалі, малады чалавек дрэнна памятае — усю ўвагу прыкавала да сябе паварыха з рабочай сталовай, Вольга. Яна не толькі добра гатавала, але і была вельмі прыемнай з выгляду, а яшчэ добрай і надзейнай. У гэтым Уладзімір Сяргеевіч пераканаўся, пражыўшы з ёй 35 гадоў. Значыць, выбар быў зроблены правільна.

Маладая сям’я перабралася ў Асіповічы, але ўласнага дома не нажыла. Выпадак памог прыехаць у Ясень. Атрымалі кватэру, уладкаваліся на работу…

Прайшло 22 гады. Трое дзяцей, што вырасцілі, прывучаны да працы. І хоць у вёсцы застаўся толькі адзін сын, да бацькоў едуць, каб памагчы, усе. Сям’я добра-такі падрасла: 2 нявесткі і зяць, 3 унучкі і ўнук. Чарговы здабытак…

Калісьці галава сям’і хацеў стварыць фермерскую гаспадарку, але, калі даведаўся аб колькасьці неабходных дакументаў, перадумаў. А гаспадарку мае грунтоўную. Акрамя жывёлы, ёсць 40 сотак зямлі, да якой трэба прыкладваць штодзённую працу. З раніцы да вечара завіхаецца ён па дому, у двары. Работа заўсёды ў радасць. І хоць цяпер многія лічаць, што карову трымаць нявыгадна — калі раней сена атрымоў-валі ад калгасаў амаль бясплатна, то цяпер гаспадаркі выстаўляюць нерэальна высокія цэны, многа клопатаў з доглядам, рэалізацыяй малака і г.д. — наш герой не прытрымліваецца такога меркавання. Ён прывык да «свойскіх» малочных прадуктаў, якія і ядуцца смачней, і сіл надаюць больш.

Калі два дзясяткі гадоў таму ў вёсцы налічвалася 240 жывёлін, то цяпер ці набярэцца 70. Скарачаецца статак, павялічваецца колькасць незасеяных агародаў. У цэнтры ж вёскі размясціліся асобным мікрараёнам 18 двухкватэрных домікаў, агароды ля якіх акуратна апрацоўваюцца, радуючы вока назіральніка. І немалая заслуга ў тым Уладзіміра Сяргеевіча і яго працаўніка-коніка, які не падпарадкоўваецца іншым, звыкла слухае каманды толькі аднаго гаспадара, разумеючы яго з паўжэста і позірку.

Былая расіянка Вольга Васільеўна прызвычаілася ў беларускай вёсцы да любой дамашняй работы, муж дапамог асвоіць гаспадарчую навуку, а сам лёгка можа згатаваць, напрыклад, боршч такі, што пальчыкі абліжаш: жонка-паварыха навучыла. Вось так і жывуць, у ладзе ды згодзе, людзям у прыклад, ды дзецям на радасць. А ўнучка Кірачка, што бабуля з дзядулем узялі падгадаваць у вёску, прыдае дамашняй атмасферы ноткі гарэзліва-дзіцячай бесклапотнасці і размалёўвае яе ў вясёлкавыя колеры дзяцінства.

Последние новости

Общество

В центре внимания — память: в Осиповичском районе продолжают восстанавливать имена погибших

19 июня 2026
Читать новость
Прямая линия

Прямая линия с председателем Осиповичского райисполкома

19 июня 2026
Читать новость
Общество

Осиповичский район: летом в трудовых проектах планируется задействовать 320 молодых людей

19 июня 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 19 июня для всех знаков Зодиака

19 июня 2026
Читать новость
Власть

Президент поддержал предложения по корректировке плана строительства и развития ВС до 2030 года

18 июня 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко о важности подготовки офицеров: служить не ради «квартиры и кухни», а чтобы Родину защищать

18 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем