“Бярэзіна”: берагі і плыні (з гісторыі калгаса)
Адкуль бярэ свае карані цяперашні СВК “Калгас “Бярэзіна”? Проста так да іх і не дакапаешся, бо схаваны яны пад некалькімі пластамі. І перш за ўсё варта заглянуць у 1933-34 гады, калі былі арганізаваны калгасы “Рассвет” у в. Галынка, імя Леніна ў Копчы, імя Кірава ў Рыдлё і імя Молатава ў Будзе. Хто яны былі, першыя камунары? Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, занатаванымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка, у вёсцы Кассё, напрыклад, такіх актывістаў налічвалася спачатку толькі 7 чалавек. Сярод іх — Наталля Астрашэнка, Міхаіл Цяцерын і Васіль Цяцерын. Першым брыгадзірам у в. Краснае быў Уладзімір Лабацкі. Першы старшыня калгаса імя Кірава — Канстанцін Барнавіцкі, з 1937 года і да пачатку вайны — Уладзімір Слуцкі, а пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас узначаліў Сямён Усаў. У 1950 годзе названыя гаспадаркі аб’ядналіся і вялікаму новаму была дадзена назва “Беларусь”. У яго склад уваходзіла 8 населеных пунктаў: Краснае — 161 двор, 351 чалавек, Кассё — 130/250, Чучча — 112/282, Шэйпічы — 104/260, Галынка — 45/126, Копча — 41/106, Сталяры — 25/60, Буда — 16/35. У 1961 годзе да “Беларусі” былі далучаны калгасы “Шлях да сацыялізму”, імя Энгельса і “Светлы шлях”. Старшынямі аб’яднанага сельгаспрадпрыемства ў розны час былі П.Ф.Багамолаў, М.К.Кандрацьеў, В.В.Татур, Р.І.Сакун, В.В.Новак, А.Ю.Германчук, М.А.Садкоў і іншыя.
Глыбокі след пакінуў у гісторыі калгаса Рыгор Ільіч Сакун. Яшчэ і зараз яго людзі з дабром успамінаюць. Кіраваў ён гаспадаркай з 1963 па 1982 год. Калгас тады славіўся, займаў у раёне лідарскія пазіцыі. На гэтым “гістарычным адрэзку” і спынімся падрабязней.
“Спраўны быў гаспадар Сакун, справядлівы кіраўнік і добры чалавек, — з задавальненнем успамінае былы галоўны аграном, адзін з лепшых у свой час спецыя-лістаў у раёне Галіна Фёдараўна Кандратовіч (Вера-шчака), — у 1975 годзе нашы нівы ўрадзілі збожжа больш за 31 цэнтнер з гектара. Для таго часу гэта быў вельмі добры вынік. Памятаю, я тады атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а старшыня — ордэн “Знак Пашаны”. Штогод мелі агульны ўмалот не менш за 2 тысячы тон. Зямлю выкарыстоўвалі мэтазгодна і ашчадна. Абавязковы план выглядаў прыблізна так: 720 гектараў — збожжа, 130 — кукурузы, 20 — караняплодаў, 110 — бульбы, ільну — 90. Дарэчы, лён тады дзялілі на ўчасткі і раздавалі працаў-нікам калгаса. Кожны сам даглядаў і апрацоўваў свой надзел, а калі прыходзіў час здаваць, самі і адвозілі на завод. Да 1960 года пункт прыёму апрацаванага льну быў у Асіповічах, пазней даводзілася яго дастаўляць у Кіраўск. Чым лепшай якасці быў вырашчаны лён, тым больш за яго можна было атрымаць грошай. Дапамагаў нам у доглядзе за гэтай культурай і шклозавод “Кастрычнік”.
Шмат было ў калгасе механізатараў — чалавек 40. Заўсёды добра працавалі Уладзімір Невяровіч, Міхаіл Васьковіч, Сяргей Цяцерын, Уладзімір Еркавец, Уладзімір Навіцкі. Да тэхнікі стараліся ставіцца беражліва, выходзілі ў поле і ў будні, і ў святы — калі была патрэба. Работа была арганізавана трыма брыгадамі, якія “базіраваліся” ў Красным, Чуччы і Шэйпічах. Адным са звеннявых быў Уладзімір Шугай.
Амаль кожная сям’я трымала прыватную гаспадарку, прычым немалую: кароў, свіней, дробную жыўнасць. Напрыклад, толькі ў Красным і навакольных вёсках было каля 90 уласных кароў”.
А вось як час 70-80-х характарызуе Марыя Міхайлаўна Гук, якая рабіла ў калгасе з 1954 па 1993 год, на працягу 28 гадоў займала пасаду галоўнага бухгалтара:
“Пачала працаваць, калі яшчэ налічвалі калгаснікам “палачкі” — працадні. У канцы года давалася натуральная аплата: зерне, бульба. З 1 ліпеня 1966 года сталі плаціць заробак грашыма. Была і так званая “13 зарплата” — розныя выплаты цялятнікам, даяркам, механізатарам. Каб заслужыць яе і адпускныя, трэба было адпрацаваць пэўную колькасць дзён. У мужчын і жанчын яна была розная — 250 і 200 адпаведна.
Важнай падзеяй былі калгасныя сходы. На іх падводзілі вынікі работы, абмяркоўвалі розныя аспекты жыцця гаспадаркі, адных ушчувалі за “паводзіны”, другіх хвалілі і ставілі ў прыклад іншым. Званне “Заслужаны калгаснік” таксама прысвойвалася на агульным сходзе. Такіх працаўнікоў у нашай гаспадарцы было чалавек 10. Сярод іх — вартаўнік Іван Багдановіч і палявод Вольга Гарадзецкая з Краснага, паляводы з Копчы Малання Кандратовіч і Вольга Дашук. Якія прывілеі давала гэтае званне? Штогод бясплатна афармлялася падпіска на газеты — часцей за ўсё гэта былі “раёнка” і якая-небудзь абласная, гаспадарка плаціла за радыё і электрычнасць. Ну а самым лепшым заахвочваннем была павага аднавяскоўцаў”.
Сваіх дамоў у 60-70-я гады гаспадарка не мела і нікога жыллём, як гэта цяпер заведзена, не забяспечвала. Гэта ўжо пазней, у пачатку 80-х, пачалі ўзводзіць калгасныя дамы, а раней было толькі некалькі выпадкаў, калі сельгаспрадпрыемства набывала ў вяскоўцаў хаты для сваіх работнікаў. На сёння, дарэчы, калгасам ужо пабудавана 39 дамоў, кожны, хто меў патрэбу, абзавёўся сваім “кутком”, ды і не абы-якім. Да слова, сярэдні ўзрост працаўнікоў калгаса ў 80-я быў каля 30-ці гадоў, а працавала тут, напрыклад, у 1989 годзе 235 чалавек.
Шмат інфармацыі заўсёды можна пачарпнуць з раённай газеты. Падшыўка 40-гадовай даўнасці — а гэта і былі часы, калі калгас “Беларусь” славіўся вытворчасцю мяса і малака — расказала нямала цікавых фактаў. Вось як, напрыклад, пра жывёлагадоўлю апавядаў заатэхнік калгаса Леанід Мікалаевіч Андрыевіч у “Запаветах Леніна” за 2 снежня 1971 года: “Нашы жывёлаводы павінны сёлета рэалізаваць 173 тоны мяса. У наступным годзе — 182 тоны і ў 1973 годзе давесці продаж ялавічыны і свініны да 222 тон… У вёсцы Кассё ўзвялі тыпавы адкормачнік на 300 галоў з поўнай механізацыяй вытворчых працэсаў… На ферме вёскі Галынка, дзе да гэтага часу вялася асноўная маса адкорму, працуе дружны калектыў даглядчыкаў. Гэта Сцяпан Аляксеевіч Гляцэвіч, Мікалай Карпавіч Смірноў і Яўген Сямёнавіч Хрушчынскі. Яны дабіваюцца самых высокіх і танных прываг у калгасе”.
На гэтай жа старонцы жывёлаводы дзеляцца вопытам дасягнення кілаграмовых прываг у гадаванцаў: “Мы даглядаем цяпер 148 галоў буйной рагатай жывёлы. Паступае да нас на адкорм маладняк па 180-200 кілаграмаў. Адразу нельга набраць поўнасцю раўнавагавай жывёлы на адкорм, таму набор вядзецца па партыях. Адвезлі на мясакамбінат адкормкаў, на іх месца ставім цялят. На ферме ўтвараецца статак з 3 катэгорый па вазе. Для кожнай катэгорыі выдаецца свой рацыён. Напрыклад, для жывёлы вагой ад 200 да 250 кіла-грамаў складзены рацыён, які ўтрымлівае 5,5-6 кармавых адзінак і 550 грамаў пераварымага пратэіну… У нас няма выпадкаў, каб каля бычка 250 кілаграмаў стаяла жывёліна вагой 350 кілаграмаў. Усе яны расстаўлены па аднолькавай вазе… Строга захоўваем распарадак дня. У 7 гадзін раніцы кормім першы раз, у 14 — другі і трэці раз — у 19 гадзін… Трэці год прымяняем карбамід. Дзённую дачу давялі да 90 грамаў на кожную галаву. Выдаем яго два разы ў суткі разам з канцэнтратамі. Пераканаліся, што карбамід не толькі кампенсуе недахопы бялку ў рацыёне, але і паляпшае апетыт жывёлы. За кошт таго, што скормліваем гэты прэпарат, атрымліваем штодня дадаткова па 100-150 грамаў прывагі ад кожнай жывёліны… Мы атрымліваем кілаграмовыя прывагі ўвесь год, 95% рэалізуемай жывёлы даводзім да вышэйшай кандыцыі”.
Наогул, жывёлагадоўля ў “Беларусі” была на добрым узроўні. Трымалі не толькі 350-400 кароў, 800-900 галоў маладняку, бычкоў на адкорме (у Галынцы яны былі па 350-400 кілаграмаў), але і свіней, авечак. Нямала ў калгасе мелася і коней — без іх нельга было справіцца з аб’ёмамі работ. Кароў даілі ўручную, норма на даярку — 12 галоў. І зараз праца аператараў машыннага даення не з лёгкіх, а тады і наогул лічылася, бадай, самай цяжкай. У ліку перадавых ферм у калгасе была Капчанская МТФ. Адна з яе працаўніц — Ніна Фёдараўна Галавач. Даярка брала сацыялістычныя абавязацельствы надаіць ад каровы 2.400 кілаграмаў малака за год — і добрасумленна іх выконвала.
Розныя складанасці не заміналі людзям мець да ўсяго добры настрой. І на работу ішлі з песнямі, і з работы. Па-сапраўднаму папулярнымі месцамі адпачынку вяскоўцаў былі сельскія клубы. Дзейнічалі яны ў вёсцы Кассё, Галынка. Хадзіў сюды народ розных узростаў: паглядзець які-небудзь фільм любілі ўсе. Акрамя таго, моладзь яшчэ бегала і на танцы. Потым з’явіўся Дом культуры і ў Красным. Ды і не толькі гэтую ўстанову пабудаваў калгас, а і дзіцячы сад, бібліятэку, кацельню, пошту — усю неабходную сельскую інфра-структуру.
Няпростыя для ўсіх 90-я запомніліся тагачасным працаўнікам калгаса адсутнасцю па 2-3 месяцы зарплаты, рознабаковай нестабільнасцю. Калгас “Беларусь”, як і шэраг іншых, не змог утрымаць ранейшых пазіцый, з перадавых гаспадарка стала адной з самых адсталых у раёне.
У кастрычніку 2002 года ён быў перайменаваны ў “Бярэзіну”.
У пачатку новага стагоддзя сельгаспрадпрыемства пад персанальную апеку ўзяў умелы гаспадар — прадпрымальнік Мікалай Сінькевіч, уліў туды пэўныя сродкі. Напрыклад, была набыта сістэма ахалоджвання малака для МТФ в. Кассё, іншае неабходнае абсталяванне, нават камбайн.
“Асноўнай задачай на той складаны час — а менавіта такім ён і быў, калі ад каровы мелі за год надой толькі 1.700 кілаграмаў — з’яўлялася захаванне статка, прасцей кажучы, не даць жывёле загінуць, — падзя-ліўся ўспамінамі Мікалай Яфімавіч. — Кармавая база была створана, справы па-ступова наладзіліся”.
Нададзены імпульс да развіцця гаспадаркі падтрымаў Іван Кандратовіч, які ўзначаліў калгас з 2005 года. Ён пачаў тут свой працоўны шлях некалі ў 1973 годзе. Быў брыгадзірам трактарнай брыгады, загадчыкам майстэрні, галоўным інжынерам. У 2008 годзе СВК “Калгас “Бярэзіна” за дасягненне добрых вынікаў у вытворчасці малака быў занесены на раённую Дошку гонару. На жаль, летась гэтага чалавека ўжо не стала…
Што такое “Бярэзіна” зараз? Гэта 90 працаўнікоў, 3 фермы — у вёсках Копча, Кассё і Чучча, 1.083 гектары раллі, 1.143 галавы буйной рагатай жывёлы, каля 4,5 тон малака ад кожнай каровы за год.
Ёсць нямала людзей, для якіх калгас стаў лёсам. З цяперашніх працаўнікоў больш за іншых тут працуюць загадчыца і цялятніца фермы “Чучча” Людміла Галацэвіч (з 1980 года) і Тамара Патапейка (з 1986). З 1985 года робіць у калгасе трактарыст Уладзімір Скіра.
Нядаўна гаспадарку ўзначаліў Валянцін Шкурын. Новы кіраўнік — новыя пачынанні. Шмат планаў ёсць на 2012 год: рэканструкцыя фермы ў Копчы і завяршэнне будаўніцтва зернесушылкі СЗК-10, атрыманне 1.000 тон цукровых буракоў. Плюс, не знізіць паказчыкі апошняга жніва, у час якога было сабрана 1.724 тоны хлеба, і давесці надоі ад каровы да ўзроўню 2010 года — да 5,5 тон.
Што ж, няхай усё атрымаецца, і ў летапіс калгаса будзе ўпісаны яшчэ адзін год плённай працы.
Валянціна КОРБАЛЬ.
У напісанні артыкула садзейнічалі праўленне калгаса “Бярэзіна”, Красненская сельская бібліятэка, ДУА “Красненскі ВПК дзіцячы сад-пачатковая школа”, ветэраны працы Галіна Кандратовіч і Марыя Гук.