Настаўнік пачатковых класаў і матэматыкі, а на працягу апошніх шасці гадоў — намеснік дырэктара ДУА «Гімназія г. Асіповічы», Таццяна Мікалаеўна Харытонава як асоба адбылася. Таленавіты педагог, умелы кіраўнік, творчы чалавек, цікавы субяседнік. За плячыма — 35 гадоў педагагічнай практыкі, выпрацоўка ўласнага стылю і почырку, сёння — дружная каманда аднадумцаў і зносіны з юнымі, наперадзе — пошук цікавых ідэй, гадзіны захаплення і новыя творчыя знаходкі.
Сакрэтамі поспеху яна і дзеліцца з нашымі чытачамі:
— Напачатку прафесійнага шляху важна сустрэцца з сапраўднымі асамі сваёй справы, якія валодаюць да таго ж цудоўнымі чалавечымі якасцямі. Такім настаўнікам і стала Ірына Іванаўна Цімошчанка, завуч Свіслацкай санаторнай школы, дзе бярэ пачатак мая працоўная сцяжына. Калектыў быў маладзёжны, творчы, заўзяты. Першыя гады работы залажылі падмурак, выпрацавалі ўзровень выкладання.
Наогул, педагог — гэта місія, а не прафесія. Поспех калектыву залежыць ад поспеху кожнага — і наадварот. Дасягненні настаўніка абумоўлены яго калегамі-паплечнікамі.
Натхняе на новыя дасягненні цікаўнасць, актыўнасць дзяцей, што прыхо-дзяць да нас з другіх школ. Нават з іншых населеных пунктаў дабіраюцца па веды, прычым іспыты здаюць удала.
Паспяхова прыжылася ў нас адукацыйная мадэль «Крок за крокам», у кожнай паралелі ёсць класы, якія працуюць па ёй. Настаўнікі ўмеюць зарадзіць жаданнем супрацоўнічаць і бацькоў.
Штодзённая праца, імкненне да чагосьці новага, любоў да сваёй прафесіі — важнейшыя складальнікі поспеху.
Яна жыве пачуццём гонару за сваю справу, знаходзіць радасць у паўсядзённасці. Нездарма вучні праз многа гадоў успамінаюць пра настаўніцу з цеплынёй і павагай. Цярпенне і такт, мудрая парада, іскрамётны гумар, уменне рашаць розныя жыццёвыя і прафесійныя пытанні — вось такія сакрэты яе поспеху называюць калегі.
Таццяна Мікалаеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. На рабоце акружаюць творчыя педагогі, таленавітыя вучні. Дома пануюць ўзаемаразуменне і дабрабыт. Дзеці выраслі, кожны знайшоў сябе ў жыцці. А яшчэ радуе душу сваім непаўторным каларытам кветкавае багацце на дачы…