Тут узяты добры старт для ажыццяўлення запланаванага на сёлета будаўніцтва. У Асаўку ўзводзіцца новая ферма, дзе ў двух памяшканнях будзе ўтрымлівацца 545 галоў дойнага статка. Нарыхтавана ў Каменіцкім лясніцтве і ўжо вывезена на пляцоўку 140 кубаметраў лесу. 25 кубоў драўніны трэба паставіць у гэтым месяцы на РВУП “Завод газетной бумаги” ў Шклоў, дзе з дошак будзе склеены брус. Гэты будматэрыял патрэбны для ўзвядзення верхняга поясу, на якім ставяцца кроквы.
Паралельна вядзецца ў гаспадарцы і рамонт склада мінеральных удабрэнняў — засталося толькі паднавіць дзверы.
СВК “Калгас “Чырвоны ўдарнік”
Адна з задач сельгаспрадпрыемства на 2012 год — павелічэнне вытворчасці малака. І ўжо зараз ёсць падставы меркаваць, што намечанае будзе ажыццёўлена. Так, летась тут атрымана на 90 цялят больш, чым за 2010 год. Расцёлы кароў дапамаглі справіцца з адставаннем і вярнуць ранейшыя “малочныя” паказчыкі. У агульным кожны дзень тут атрымліваюць на 4-х малочнатаварных фермах больш за 8 тон малака, рэалізацыя якога зараз складае 103% да мінулагодняга адпаведнага перыяду. Спецыяліс-ты гаспадаркі не выключаюць, што аднаўленню былых рубяжоў спрыяе і камбікорм, выпушчаны на заказ на ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”, якім тут кормяць жывёлу на працягу апошніх тыдняў.
СВК “Калгас “Лапічы”
Рамонт тэхнікі — такая першачарговая задача стаіць тут на парадку дня. Зараз у майстэрні знахо-дзіцца пасяўны агрэгат АКПМ-6, для якога ўжо набыты запчасткі, вядзецца рамонт раскідальніка мінеральных удабрэнняў, дыскаў для забараноўвання барознаў.
Нядаўна гаспадаркай куплены за ўласныя сродкі МТЗ-82. Гэты трактар не такі магутны, як “Беларус”, аднак больш манёўраны і для выканання некаторых работ проста неабходны. Для поўнага задавальнення тэхнічных патрэб гаспадарка плануе з цягам часу і пры наяўнасці магчымасці набыць у лізінг кормаўборачны камбайн, аўтапагрузчык “Амкадор”, сеялку для кукурузы, а таксама культыватар АКШ-6.
Філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”
Нядаўна тут узнікла добрая “завядзёнка”: праводзіць са сваёй падшэфнай установай адукацыі — а гэта Свіслацкая сярэдняя школа — спартыўныя спаборніцтвы. На канікулах прайшлі “Вясёлыя старты”, у якіх удзельнічалі каманды вучняў, настаўнікаў і ўпершыню — спецыялістаў (пераважна вет-урачы і заатэхнікі) філіяла “Белшына-агра”. І хоць прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства не сталі пераможцамі ў шматлікіх спартыўных выпрабаваннях, аднак спаборніцтвамі засталіся вельмі задаволены. Тым больш, што прызы і дыпломы ад гаспадаркі атрымала кожная каманда. Ужо ў хуткім часе намячаецца правесці першынство па валейболу.