Заўтра дзень самага цікавага і загадкавага віда мастацтва — беларускага кіно. Мне ж якраз пашанцавала мець дачыненне да кінематографа.Падчас вучобы ў Інстытуце журналістыкі БДУ запрасілі працаваць у прэс-цэнтры міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, што ладзіцца ў Мінску. Прэс-канферэнцыі, конкурсныя і пазаконкурсныя паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў, кулуарныя размовы з акцёрамі, сцэнарыстамі, рэжысёрамі… “Лістападзіла” тры сезоны. Два тыдні, якія цягнуўся кінафестываль, былі настолькі насычанымі, што пра іх можна смела сказаць: маленькае жыццё.
Сёлета мне выпала ўнікальная магчымасць стаць наогул сапраўдным “кіношнікам”, і адмовіцца ад запрашэння на здымкі поўнаметражнага мастацкага фільма не магла. Паспрабавала сябе ў ролі скрыпта — памочніка рэдактара карціны. Сачыла, каб акцёры не адхіляліся ад сцэнарыя. Падказвала рэплікі, занатоўвала, што было сказана ў розных дублях…
Акрамя скрыпта, была асістэнтам па акцёрах (замяняла дзяўчыну, якая здавала экзамен у інстытуце), касцюмерам (мастак па касцюмах неяк даведаўся, што я ўмею шыць) і нават знялася ў эпізодзе (актрыса з’ехала на спектакль).
Паводле дамовы з прадзюсарам, не магу агучыць ні назву фільма, ні прозвішчы выканаўцаў роляў. Скажу толькі, што папрацавала з вельмі вядомымі рускімі акцёрамі. Адзін з іх, напрыклад, іграў Пушкіна, Ясеніна, другіх…
Цяпер — прапанова вы-правіцца ў сціслую экскурсію на здымачную пляцоўку. Адразу папярэджваю: праца ў кіно — не казка. Тое, што мы пабачым, радыкальна адрозніваецца ад таго раю, які нам паказвае тэлевізар.
…На гадзінніку — 6 раніцы, час выязджаць на пляцоўку. Кожныя 2-3 дні група змяняе месца дыслакацыі. Сёння па плане — закінутая вёска ў Дзятлаўскім раёне Гро-дзенскай вобласці. Прыяз-джаем на базу (так называецца стаянка аўтамабіляў трупы, рулотаў для акцёраў і штаба, грым-вагена грымёркі, касцюм-вагена, буфета). Холадна, на траве — першы снег. На ўзгорку грэюцца каля раскладзенага вогнішча людзі ў шынелях — групоўка, якая актыўна задзейнічана ў творчым працэсе: здымаем ваенныя дзеянні. Да дрэў прывязаны коні. Іх больш за трыццаць: вайна немагчыма без батальных сцэн…
Чакаем рэжысёра, які прыедзе на гадзіну пазней. Пакуль мастакі, рэквізітары, рэканструктары рыхтуюць пляцоўку для здымачнага дня. Касцюмеры чысцяць кіцелі, прышываюць гузікі і эпалеты. Мая праца пачнецца толькі падчас репэтыцыі сцэны. Ад прыезду да гэтага моманту можа прайсці больш за 4 гадзіны…
Хутка адчыніцца буфет і сонны повар выдасць нам сняданак: гарбату альбо каву і бутэрброды ці сасіску ў цесце. Людзей на базе вельмі шмат, больш за дзве сотні, таму ў чарзе па сваю порцыю можна прамерзнуць больш за гадзіну.
Нарэшце дачакаліся рэжысёра. Ён карэкціруе дзеянні мастакоў і рэквізітараў. Сёння здымаем у вадзяным млыне, што захаваўся з пазамінулага стагоддзя. Мастак-пастаноўшчык зрабіў з яго сапраўдны шэдэўр у стылі першай паловы ХIХ стагоддзя. Жыхары хутара часам падыходзяць да нас і дзівяцца на будынак, які сапраўды не пазнаць.
Прыехалі акцёры. Асістэнт прынесла ім гарачай кавы, і яны адправіліся да касцюмераў. Потым — грым. У інтэр’еры кіпіць работа. Прывязваюць гусей, якія крычаць і спрабуюць узляцець, расстаўляюць свечы па жырандолях, гліняны посуд — па паліцах шынка (у яго і ператварылі былы млын нашы мастакі).
“Ася! Тэкст акцёрам!” — крычыць другі памочнік рэжысёра. Гэта абазначае толькі адно: пачынаецца рэпетыцыя. Падчас прагонаў з тэкстам, які акцёры часта бачаць упершыню ў дзень здымак, аператары са шматлікімі асістэнтамі наладжваюць оптыку.
“Цішыня на пляцоўцы! Здымаем!” — дае каманду рэжысёр. І доўгачаканыя словы: “Матор, камера, паехалі!”. Гукавікі трымаюць пухнатыя мікрафоны, я занатоўваю рэплікі акцёраў. Адна камера здымае агульны план, ездзіць узад-уперад і ловіць кожны рух акцёраў, другая адказная за сярэдні план. Пасля трох-чатырох дубляў — паміж імі хвілін дваццаць, а то і ўся гадзіна адводзіцца на папраўку касцюмаў-грыму-рэквізіту — пачынаецца самы адказны момант — буйныя планы. “Што там па тэксце? Я забыўся!” — падбягае да мяне акцёр, прагна чытае сваю рэпліку і гэтак жа імкліва ідзе “ў кадр”, прамаўляючы самому сабе тэкст.
“Віншую вас! Вы толькі што зняліся ў кіно!” — іранічна заўважае другі памочнік рэжысёра, звяртаючыся да касцюмера, якая міжвольна “ўлезла” ў кадр. Такіх выпадкаў на пляцоўцы шмат — і даводзіцца пачынаць працу з нуля. Рэжысёр нервуецца, памочнікі крычаць і злуюцца. Бедныя “акцёры” сарамліва збягаюць на базу: там да-кладна ў кадр не ўлезуць…
Звяраем гадзіннікі: 17.30. Ужо прывезлі абед. Пакуль не сабралася двухгадзінная чарга, можна хуценька падсілкавацца. Што ў нас сёння? Грыбны суп, пюрэ са шніцалем, салата з капусты. Нарэшце можна пагрэць здранцвелыя пальцы гарачай гарбатай!..
Трэба хуценька вяртацца на пляцоўку, бо змена яшчэ і не думае канчацца, нягледзячы на тое, што павінна цягнуцца 12 гадзін. Сёння нам не пашанцавала — здымаем у інтэр’еры, таму не залежым ад светлавога дня: паставілі святло, і працаваць можна хоць да позняй ночы. Добра, што акцёры, прызвычаеныя да такога шалёнага рэжыму, падбадзёрваюць усіх прысутных. Жартуюць, разыгрываюць сцэнкі, эксперыментуюць альбо проста распавядаюць забаўныя гісторыі з кіношнай практыкі.
“Змена скончана!” — чуем, нарэшце, такі жаданы кліч рэжысёра. Праз гадзіны паўтары будзем у гасцініцы. Кароткі сон, і заўтра — зноў на пляцоўку. Здымаць кіно…
5 сентября Комитет госконтроля Могилёвской области проведет горячую линию
2 сентября 2025
Общество
На палетках — чысціня. У Асіповіцкім раёне завершана ўборка зерневых
2 сентября 2025
Общество
Как государство помогает выпускникам со свободным дипломом. Разъясняет главный специалист отдела труда и занятости населения управления по труду, занятости и соцзащите Осиповичского райисполкома
2 сентября 2025
Общество
Прямая линия с нанимателями состоится в управлении по труду, занятости и социальной защите Осиповичского райисполкома