Індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Браганец пра мэблю ведае ўсё. І гэта не гучная заява, а вынік плённай працы на працягу шасці гадоў. Пасля вучобы ў сталічных фірмах Андрэй вярнуўся ў родныя Асіповічы і пачаў прафесійна займацца мэбляй. Да яго звяртаюцца многія землякі з просьбай зрабіць па індывідуальным заказе камп’ютарны стол альбо шафу-купэ.
Апошнія, дарэчы, карыстаюцца шырокім попытам, проста нейкая пікавая запатрабаванасць. Тлумачыцца гэта проста: людзі разумеюць, што шафы-купэ, альбо ўбудаваныя ці някорпусныя шафы, не толькі вельмі стыльна выглядаюць, але эканомяць прастору кватэры і грошы. Някорпусная мэбля на 25% танней, чым корпусная.
Як і ў каго заказаць?
Каб шафа-купэ была якасна сабраная, неабходна зрабіць замер таго месца, дзе яна будзе знаходзіцца. Разам з “шэфам” у камандзе працуюць яшчэ 4 чалавекі, але замеры робіць толькі ён сам. Не таму, што не давярае паплечнікам — проста больш ведае. Як прафесіянал, Андрэй не абмяжоўваецца дасканалым веданнем усяго, што датычна саміх шафаў. Каб якасна выканаць працу, трэба ведаць усе аспекты рамонту кватэры. Сцены і іх няроўнасці, хібы ў падлозе і іншыя нюансы — ва ўсім гэтым мусіць разбірацца чалавек, які прыйшоў да вас абмеркаваць параметры ўбудаванай шафы.
Распавядаючы, як пра-вільна яе заказаць, Андрэй заўважае: “Часта заказчык просіць назваць па тэлефоне кошт. Калі вам агучылі нейкую суму перад замерам, то вы маеце справу з непрафесіяналамі. Немагчыма ведаць кошт шафы, пакуль не ведаеце яе параметраў”.
Многія думаюць, што лепш звярнуцца да мінскіх спецыялістаў: маўляў, яны больш якасна выканаюць заказ. “Гэта проста комплекс людзей з перыферыі. Насамрэч выгадней заказваць у сваіх: і грошы сэканоміце, і не будзе праблем з абслугоўваннем. Калі ўзнікне нейкая праблема з мэбляй, мясцовыя спецыялісты хутчэй яе ліквідуюць, — рабочыя з іншага горада могуць прыехаць праз працяглы час. Самае галоўнае, каб у выканаўцаў было прафесійнае абсталяванне. І рэкамендацыі лю-дзей, з якімі фірма працавала раней. У нас ёсць і тое, і другое”, — сведчыць Андрэй. У практыцы якога здараліся выпадкі, калі даводзілася выпраўляць памылкі іншых спецыялістаў, а то і перарабляць мэблю…
Матэрыялы
Пасля замеру трэба абмеркаваць дэталі будучай шафы. Якія будуць дзверы — драўляныя, люстраныя, змяшаныя? З якога матэрыялу?
Існуе памылковае меркаванне, што беларуская ДСП (дрэвастружачная пліта) нічым не саступае ў якасці польскай ці рускай. “Я працую толькі з польскай ДСП. Яна крыху даражэйшая за нашу, але больш якасная.У ёй мала смол і таксічнасці, што падыходзіць для дзіцячай мэблі, вільгацеўстойлівая… Да таго ж, шафа з польскіх матэрыялаў добра стаіць, — падказвае Андрэй. — Плюс, калі ў беларускай ДСП небагатая палітра колераў, то матэрыял суседзяў налічвае больш за 80 колераў і адценняў!”
Кошт пытання
Натуральна, шафа на заказ даражэй, чым ужо гатовая. Але гатовая мэбля мае толькі некалькі стандартных памераў, а часта планіроўка пакояў патрабуе мэблі з індывідуальнымі параметрамі. Андрэй, напрыклад, разлічвае памеры мэблі да міліметра, што дазваляе пазбегнуць непрыемных нестыковак і шчылін, што кідаюцца ў вочы.
“30 працэнтаў ад кошту — гэта ДСП, астатнія 70 — фасады. Многія думаюць, што люстраныя дзверы для шафы даражэйшыя, чым з ДСП. Гэта не так, па кошце яны прыкладна аднолькавыя. Калі ў фірмы няма свайго транспарту і ўласнага абсталявання, то заплаціце выканаўцам больш грошай. У нас усё гэта ёсць, таму і не трацімся на паслугі іншых кампаній”, — каменціруе Андрэй.
Існуюць розныя віды разліку за працу: з перадаплатай ці без яе. У першым выпадку рызыкуе заказчык, бо выканаўца можа забраць грошы і знікнуць. Пры іншым раскладзе рызыку бярэ на сябе выканаўца. Андрэй працуе без пе-радаплаты: “Я давяраю людзям, таму дагавор мы падпісваем толькі пасля ўстаноўкі шафы”.
Пажыццёвая гарантыя
Фірма Андрэя карыстаецца сістэмай “Senator” для рассоўных дзвярэй. Яна зроблена з алюмінію, не баіцца карозіі і вільгаці. “На гэтую сістэму даю пажыццёвую гарантыю. Калі раптам нешта здарыцца, то прыеду і бясплатна адрэгулюю ня-спраўнасць. З практыкі магу сказаць, што з сотні шафаў толькі ў адной здараюцца нейкія няспраўнасці механізма”, — тлумачыць ён.
Плюс, гэты прадпрымальнік бясплатна кансультуе людзей, якія хочуць са-браць шафу-купэ самастойна. А гэта значыць, што можна сэканоміць 7-10% ад кошту мэблі, сабранай спецыя-лістам.
Што дазволіла фірме Браганца заняць сваю нішу на рынку і ўпэўнена трымацца на хвалях непрадказальнага жыцця?
Цярпенне. Да ўсяго і ўсіх. Неабходна ўкласці немалыя грошы ў новую справу, набрацца цярпення і працаваць, набірацца вопыту, заваёўваць аўтарытэт. Адразу проста так нічога не бывае.
Адукацыя. Без тэорыі практыка не атрымаецца. Той, хто займаецца мэбляй, павінен умець працаваць з інструментамі. Трэба ведаць не толькі ўсё пра сваю сферу дзейнасці, але разбірацца і ва ўсіх нюансах рамонту. Шырэй глядзець, адным словам.
Бізнес-тэхналогіі. Калі чалавек не ведае законаў бізнесу, то з яго не атрымаецца паспяховы прадпрымальнік. Трэба ўмець выбудоўваць стратэгію, пралічваць магчымыя фінансавыя няўдачы.
Рэклама прадукцыі. Калі рэклама будзе вельмі навязлівай, надакучлівай, то яна хутчэй адштурхне патэнцыяльнага заказчыка. Найлепшая рэклама — гэта рэкамендацыі вашых былых заказчыкаў.
Псіхалогія. З заказчыкам трэба цярпліва гутарыць, каб дакладна зразумець, чаго ён хоча. Каб дамовіцца з кліентам, вам спатрэбяцца веды па псіхалогіі. Бо часта людзі, асабліва жанчыны, не ведаюць, чаго хочуць. І неабходна спраектаваць тое, што патрэбна чалавеку, а не вам, як выканаўцу.
Залатое правіла: не памыляецца той, хто нічога не робіць.
Калектыў. Ад таго, з якімі людзьмі працуеце, у немалой ступені залежыць ваш поспех. Калі каманда надзейная, калі ты, як кіраўнік, упэўнены ў людзях, з якімі робіш адну справу, то і дарога будзе доўгай і радаснай.