Сёлета новы навучальны год у часцях Узброеных Сіл краіны пачаўся 1 снежня. Перанос “кропкі адліку” з існаваўшага раней тэрміну прызначаны зрабіць баявую падрыхтоўку больш дасканалай, а саму службу — больш зручнай для ваеннаслужачых тэрміновай службы.
Аб некаторых момантах першых тыдняў новага этапу баявой вучобы часцей Асіповіцкага гарнізона расказвае чарговы выпуск ваенна-патрыятычнага клуба. I пачаць расповед варта з галоўнага — прыходу маладога папаўнення.
*51-я змагр:
“Хто ёсць хто сярод навабранцаў”
Маёр Юрый Кавеня, намеснік камандзіра 1-га цяжкага гаўбічнага артылерыйскага дывізіёна 51-й змешанай артылерыйскай групы, у свой час адбіраў прызыўнікоў у ваенкаматах Магілёўскай вобласці, а сёння адказвае за ідэалагічную работу з навабранцамі, якія прыйшлі ў часць. Натуральна, кожнага свайго падапечнага афіцэр ведае выдатна і, што важна, гэтым знаёмствам цалкам задаволены:
— Прызыў сёлета прайшоў восенню і меў шэраг станоўчых рыс. Колькасць прызыўнікоў істотна павялічылася, што дазволіла больш грунтоўна падыходзіць да адбору маладога папаўнення. Да таго ж у маладых лю-дзей істотна ўзрасло жаданне служыць у арміі. Не ведаю, ці праяўляецца апошняя тэндэнцыя паўсюдна, а вось у сельскіх раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей і асяроддзі веруючых гараджан яна акрэслена вельмі выразна.
Аднак з якім бы настроем не ішоў на службу малады чалавек, ён, як правіла, дастаткова добра ведае рэаліі сённяшняй беларускай арміі, здольны адэкватна рэагаваць на складанасці адаптацыйнага перыяду. Многія навабранцы ідуць у армію, маючы канкрэтныя асабістыя мэты. Найбольш тыповыя з іх — атрымаць правы вадзіцеля-прафесіянала, падрыхтавацца да кантрактнай службы, атрымаць элітную артылерый-скую спецыяльнасць вылічальніка альбо аператара.
Асноўная маса нава-бранцаў прыйшла ў часць 17 лістапада. На сёння яны ўжо амаль скончылі курс пачатковай падрыхтоўкі, навучыліся карыстацца стралковай зброяй і, натуральна, паспелі праявіць свае асобасныя ды маральна-дзелавыя якасці.
Прыемна, што абыякавых сярод маладых салдат няма: яны з вялікім стараннем асвойваюць ваенную навуку, задаюць камандзірам мноства пытанняў, прычым усе — па справе.
*336-я рэабр:
“Гэта — армія…”
Наш зямляк Яўген Чысцякоў пасля прызыву патрапіў у 336-ю рэактыўную артылерыйскую брыгаду разам з амаль двума дзясяткамі асіповіцкіх хлопцаў. Як сам прызнаецца, у першы дзень службы галава ішла кругам, а з вуснаў сама сабой злятала ёмістая фраза: “Гэта — армія…”
Калі б хто папрасіў растлумачыць, што мае на ўвазе, тады б не здолеў. Зараз справа іншая. Радавому Чысцякову ўжо ёсць і што ўспомніць, і аб чым паразважаць.
Яўген з удзячнасцю ўспамінае Дзень прызыўніка, які быў праведзены райваенкаматам напярэдадні адпраўкі на службу. Атрымалася свое-асаблівае развітанне з даармейскім жыццём, што дапамагло псіхалагічна падрыхтавацца да рэалій “юнацтва ў ботах”.
Дарэчы, першы ўрок, які дала служба маладым салдатам, — да яе трэба рыхтавацца загадзя. Той, хто сачыў за здароўем і фізічнай формай, своечасова прывучыў сябе да рэжыму дня, асвоіў элементарныя навыкі бытавога самаабслугоўвання (тое ж прышыванне гузікаў ды падкаўнерыка), асаблівых цяжкасцей не адчувае. Яўген і сам здзівіўся, што за першыя тры тыдні знахо-джання ў часці (а гэта самы напружаны перыяд для кожнага нава-бранца) ён меў час і сілы, каб прачытаць тры аповесці Льва Талстога.
На думку Чысцякова — і ў гэтым з ім салідарны многія іншыя маладыя салдаты — самае галоўнае, чаму трэба вучыцца з першых дзён знаходжання ў часці — уменню кантраляваць сябе, па-збаўляцца ад парасткаў эгаізму і эгацэнтрызму. Гэта ў цывільным жыцці падкрэслены індывідуалізм з’яўляецца распаўсюджаным спосабам самавыяўлення, а вось армейскае жыццё грунтуецца на зусім іншых каштоўнасцях. Тут усе роўныя і дзейнічаць павінны разам. Не справіўся адзін баец з заліковым практыкаваннем — “нездавальняючую” адзнаку атрымлівае ўсё падраздзяленне…
Аб тым, як пойдзе яго далейшая служба, Яўген Чысцякоў пакуль не задумваецца. Ён слушна лічыць, што трэба засяродзіцца на бліжэйшай задачы — падрыхтавацца да прыняцця прысягі і дастойна ўвайсці ў калектыў падраздзялення, куды будзе размеркаваны.
*36-я дмбр: “Рабі, як я!”
У кожнай часці да падрыхтоўкі навабранцаў ставяцца вельмі сур’ёзна, ствараюць усе умовы, каб яны ў самыя кароткія тэрміны пераўтварыліся ў сапраўдных салдат. I адна з іх — падбор вопытных камандзіраў, якія здольны найлепшым чынам закласці ў іх душы грунт статутных норм і правілаў узаемаадносін у воінскім калектыве.
У 36-й дарожна-маставой брыгадзе начальнікам пункта прыёму нядаўна прыбыўшага папаўнення прызначаны падпалкоўнік Дзміт-рый Шафераў, яго намеснікам па ідэалагічнай рабоце — маёр Вадзім Субараў.
Азам вайсковага майстэрста вучаць маладых салдат старшы сяржант Андрэй Саўчанка, сяржанты Аляксей Аўсянік, Юрый Лынаў, Сяргей Несцераў, малодшыя сяржанты Максім Яраш, Вячаслаў Маркевіч, Андрэй Хвашчэўскі, Сяргей Чалапан, Сяргей Кацур. Асвойвацца ў новай абстаноўцы ім дапамагае псіхолаг збораў капітан Віталь Цыбульскі.
З першых дзён службы навабранцы пачынаюць інтэнсіўна ўдасканальваць сваю фізічную форму. За гэтай справай уважліва сочыць начальнік фізічнай падрыхтоўкі і спорту маёр Алег Фе-дзечкін, пад кіраўніцтвам якога ваеннаслужачыя часці пастаянна займаюць прызавыя месцы ў спартакіядзе Узброеных Сіл і спаборніцтвах, праводзімых Дэпартаментам транспартнага забеспячэння.
Агляд падрыхтавалі
Зміцер КАЛЯДА,
Максім ГРАК, намеснік камандзіра 36-й дмбр па ідэалагічнай рабоце.