Цудоўна, калі ў чалавека ёсць мэта, да якой ён імкнецца. І чым настойлівей у пераадольванні перашкод, якія сустракаюцца на шляху, тым больш шанцаў дасягнуць запаветных вяршынь.
Так лічыць і ўраджэнка Градзянкі, жыхарка горада Мінска, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Таіса Грамадчанка. Днямі яна атрымлівала ў свой адрас віншаванні з нагоды 60-гадовага юбілею, які сустракала разам з роднымі, калегамі, сябрамі. “Раёнка” таксама далучылася да віншаванняў і ўзяла ў яе інтэрв’ю.
— Таіса Канстанцінаўна, успомніце пра дзіцячыя гады?
— Вырасла ў шматдзетнай сям’і, у якой, акрамя мяне, было яшчэ трое дзяцей. Бацькі ўсё жыццё пражылі ў Градзянцы. Тата працаваў у леспрамгасе, а маці напачатку была хатняй гаспадыняй. Як толькі мы трохі падраслі і сталі больш самастойнымі, пайшла рабіць поварам у мясцовую школу. Яна пільна сачыла за нашымі паводзінамі, і калі што не так, выносіла прысуд сама, не гаворачы пра гэта бацьку. Дарэчы, як ні дзіўна, але менавіта ён дапамагаў нам рыхтаваць навагоднія касцюмы. Памятаю, раз нават заняла прызавое месца: з’явілася перад гледачамі ў вобразе д’Артаньяна.
— Аб чым марылі ў школьныя гады?
— Тады вельмі ганаровай лічылася праца настаўніка. Многія вучні нашай школы абралі сабе педагагічны шлях, у тым ліку і некаторыя аднакласнікі,сярод іх — і я. Падабалася вазіцца з дзеткамі, быць для іх прыкладам, весці за сабой, нечаму вучыць. Праз пэўны час стала студэнткай філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучылася на вячэрнім аддзяленні і адначасова працавала ў школе. Пасля паступіла ў аспірантуру пры Нацыянальнай акадэміі навук, якую паспяхова закончыла.
— Якія людзі пакінулі ў Вашым жыцці адметны след?
— Па-першае, гэта бацькі. Хоць і мелі яны ўсяго па некалькі класаў адукацыі, але былі па-народнаму мудрыя, шчырыя, адкрытыя. І — працалюбівыя, жыць са свайго мазаля — іх жыццёвы лозунг. Яны і нас прывучылі да працы. Дзякуючы чаму і дасягаюцца пастаўленыя мэты, ажыццяўляюцца планы.
Таксама ўдзячна гра-дзянскім настаўнікам, якія не толькі добра выкладалі школьныя прадметы, але і давалі ўрокі жыцця. Напрыклад, з настаўніцай фізікі Жаннай Канстанцінаўнай Маеўскай можна было пагутарыць на любую тэму, нават задаць ёй хвалюючае мяне тады пытанне пра рэпрэсіраваных, якое было навеяна прачытанымі творамі беларускіх пісьменнікаў. У студэнцкія гады сустрэлася з многімі выдатнымі людзьмі, у ліку якіх Дзмітрый Бугаёў, Вячаслаў Рагойша, Варлен Бечык, Павел Дзюбайла, Мікола Арочка, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў. Дарэчы, апошні заўсёды па-зямляцку падтрымліваў мяне, даваў слушныя парады.
— Што для Вас родная мова?
— Калі браць пад увагу беларускую літаратурную мову, то на ёй пішу артыкулы, выкладаю, стасуюся са студэнтамі і калегамі, роднымі і блізкімі. Калі ж гаварыць пра тую мову, на якой размаўлялі бацькі і аднавяскоўцы, то гэта хутчэй спалучэнне некалькіх моў, у тым ліку і дыялектнай. Таму і зараз, прыязджаючы на малую радзіму, чую і сама ўжываю сплеценую ў адну моўную канву мову продкаў — так званую трасянку. Студэнты таксама часта ёю карыстаюцца, але ёсць і тыя, якія ўсё ж аддаюць перавагу літаратурнай мове. Невялікая колькасць маладых людзей ужывае тарашкевіцу. Дарэчы, апошнім часам ёю актыўна папаўняецца лексічны слоўнік мовы, тыя ці іншыя найменні можна знайсці на старонках сучаснага друку. Гэта гаворыць пра тое, што моўны працэс — з’ява рухомая. А вось што тычыцца пытання ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах дзейнасці, то, думаю, што такое адбудзецца і не заўтра, і не паслязаўтра…
Людзі ж больш сталага веку, якія выраслі і жывуць у вёсцы, і сёння думаюць, што мова, на якой яны размаўляюць — простая, мужыцкая. Як доказ — свякроў, жыхарка Бялыніцкага раёна. Яна калісьці не паверыла, што я вучоная, бо размаўляла з ёй па-беларуску. Муж тады абараняў мяне так: “Мамка, ты не думай, яна разумная, яна кніжкі піша”.
— Чаго дасягнулі ў жыцці?
— Ні катэджаў, ні “крутых” аўтамабіляў не маю. І не шкадую пра гэта. Людзі нашага пакалення імкнуліся шчыра і самааддана працаваць, верылі ў ідэалы і прывыклі разлічваць толькі на сябе. Галоўнае для мяне тады і зараз — любімая работа, сям’я і родныя мясціны, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва.
— Пажаданні чытачам “АК” будуць?
— Быць добрымі і спагадлівымі, шанаваць родных, блізкіх, жыць у адзінстве з прыродай.
Даведка “АК”
Таіса Канстанцінаўна Грамадчанка нарадзілася 1 снежня 1951 г. у п. Градзянка Асіповіцкага раёна. Беларускі крытык і літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1980). Закончыла філалагічны факультэт БДУ (1976). У 1979-1992 гг. навуковы супрацоўнік інстытута літаратуры АН Беларусі, Кандыдат філалагічных навук (1980), з 1992 г. выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. З першымі артыкуламі Т.Грамадчанка выступіла ў рэспубліканскім перыядычным друку ў 1979 г. Даследуе творчасць пісьменнікаў 1920-1930-х гадоў В.Каваля, Б.Мікуліча, сучасных беларускіх празаікаў І.Чыгрынава, А.Асіпенкі, А.Кудраўцава, В.Карамазава, Л.Дайнекі, В.Гігевіча, М.Савіцкага, В.Мысліўца, У.Ягоўдзіка і інш. Аўтар манаграфіі “Жывая памяць народа”(1984) пра І.Чыгрынава, кніг “Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння”(1991), “Беларуская літаратура. Школьныя творы: Кароткі змест і аналіз”(2000), сааўтар даследавання “Праблемы сучаснай беларускай крытыкі”(1996).
25 июня в Осиповичах прошли мероприятия в рамках Марафона молодежи и студенчества
29 июня 2025
80 лет Великой Победе
Он освобождал Осиповичи. 28 июня — День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков
28 июня 2025
Общество
Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака
28 июня 2025
Власть
Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий
27 июня 2025
Общество
В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”
27 июня 2025
Общество
В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”