Калі ўзнятая ў надрукаваным матэрыяле тэма атрымлівае “другое дыханне”, патрабуе паўторнага разгляду ды выстаўлення новых акцэнтаў, гэта азначае, што закранутае газетай пытанне з’яўляецца сапраўды важным. Патрэбу ў працягу сёння мае артыкул “Легкие деньги” (гл. “АК” № 87 ад 11.10.2011 г.).
Для тых, хто не мае жадання гартаць падшыўку, нагадаем, што расповед у ім вёўся пра справы асіповіцкіх таксістаў і мясцовыя асаблівасці гэтага бізнесу. “Прыпісаныя” да прывакзальнай плошчы яны, характарызуючы суседства з чыгуначным вакзалам, выказалі перакананасць, што работнікі гэтай установы самі нелегальна таксуюць ці дапамагаюць шукаць кліентаў перавозчыкам-нелегалам. У чыгуначнікаў падобнае абвінавачванне імгненна выклікала, мякка кажучы, вялікае здзіўленне, і трэба прызнаць, што іх абурэнне мае падставу, бо ў таксістаў яны “хлеб” не адымаюць.
Менавіта спроба разабрацца ў прычыне нядобрасуседскай эскапады выявіла куды больш сур’ёзную праблему, наяўнасць якой, па вялікім рахунку, тычыцца кожнага асіповіцкага жыхара.
Пачнём з таго, што кіраўніцтва чыгуначнай станцыі Асіповічы да самога факту размяшчэння таксістаў каля вакзала адносіцца адмоўна. Прычым матывы такога стаўлення простыя, зразумелыя і ўвогуле слушныя.
Выезд таксі з прывакзальнай стаянкі магчымы толькі праз плошчу, па якой рушыць мноства пешаходаў, што, натуральна, небяспечна. Да таго ж, таксісты чакаюць кліентаў не заўсёды на адведзенай пад стаянку пляцоўцы, часта імкнуцца заняць месца бліжэй да вакзальнага будынка. Гэта — яўнае парушэнне правілаў паркоўкі, якое таксама стварае нязручнасці людзям, што ідуць з перона альбо з плошчы да цягнікоў.
Не падабаюцца чыгуначнікам і шум таксаматорнай пляцоўкі, іншыя выявы яе штодзённай дзейнасці.
Сваю незадаволенасць малапрыемным суседствам станцыйная адміністрацыя не хавае, але прывакзальная плошча чыгуначным аб’ектам не з’яўляецца, і непасрэдна ўплываць на дзеянні прыватных аўтаперавозчыкаў яна не мае юрыдычных правоў. Таксісты ж, у сваю чаргу, штосьці змяніць у існуючай сітуацыі не могуць, нават калі б і мелі такое жаданне.
Дэталёвае апісанне “патавага” стану чыгуначна-таксісцкага “нядобрасусед-ства” было нядаўна зроблена супрацоўнікамі ДАI, якія разглядалі пісьмовы зварот начальніка станцыі Асіповічы транспартнага РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” Віктара Ціхановіча:
“На прывакзальнай плошчы г. Асіповічы не ў поўнай меры арганізаваны дарожны рух. Ажыццяўляецца хаатычнае перасоўванне маршрутных транспартных сродкаў, спецыяльных аўтамабіляў, абслугоўваючага аўта-транспарту, пешаходаў. Не ўпарадкаваны прыпынак і стаянка, машыны размяшчаюцца на ўсёй тэрыторыі плошчы.
Для забеспячэння належнай арганізацыі руху, вызначэння месцаў для прыпынку транспартных сродкаў, у тым ліку аўтамабіляў-таксі, неабходна правесці работы па добраўпарадкаванні плошчы: нанесці гарызантальную дарожную разметку, усталяваць патрэбныя дарожныя знакі…”
Застаецца толькі дадаць, што існуючая сёння стаянка таксі размешчана побач з грамадскім туалетам і каналізацыйным калодзежам апошняга. Калі ўлічыць, што з каналізацыі часам выпаўзае шчыльнае газавае воблака са спецыфічным пахам, жаданне таксістаў трымацца ад выдзеленай ім паркоўкі як можна далей таксама выклікае поўнае разуменне.
Якім чынам ліквідаваць транспартныя праблемы на прывакзальнай плошчы? Тут, як кажуць, карты (у сэнсе — грошы) у рукі камунальнікам і архітэктурнай службе. Тым больш, што нагода для навядзення парадку ў месцы, якое з’яўляецца варотамі ў родны горад, набліжаецца важная — 140-годдзе Асіповіч.