Гаворачы пра асобу, уяўляеш кіраўніка прадпрыемства з валявым поглядам, аператыўна прымаючага важныя рашэнні, у акружэнні намеснікаў, не змаўкаючых тэлефонных апаратаў, з тоўстай папкай у руцэ… Але прыкладам асобы можа служыць і сціплая добрасумленная жанчына-працаўніца, жанчына-маці, якая змагла на зайздрасць усім стварыць моцную, дружную сям’ю.
Жыве Ірына Рыгораўна Цяслёнак у Знаменцы, іншага месца жыхарства і не ведае. Калі выйшла замуж, то перабралася толькі з аднаго канца вёскі на другі. Тут роднае кожнае дрэва, а кожная хата нагадвае аб былых жыхарах.
Пяцёра дзяцей, дзевяць унукаў — яе галоўны жыццёвы здабытак.
«Унукаў можна было б і болей», — кажа Ірына Рыгораўна.
Сама яна расла ў сям’і, дзе з чацвярых дзяцей была старэйшай. Пакуль маці ўпраўлялася на ферме і з дамашняй гаспадаркай, дачка глядзела братоў. Можна лічыць, што і выгадавала іх. Ды і хлопцы любілі Ірыну, а, калі выраслі, дапамагалі ва ўсім. Шкада, што сярод жывых ужо адзін толькі брат Леанід…
Муж Міхаіл Іосіфавіч, 8 гадоў як нябожчык, таксама з шматдзетнай добрай сям’і, працаваў усё жыццё бухгалтарам у калгасе імя Валадарскага.
Наогул, у гэтым родзе сям’я мае вельмі моцную каштоўнасць. Тут трывала трымаюцца адно аднаго. У радасці і ў самоце — заўсёды разам, што рабіць — дык талакою, адпачываць — таксама. А да працы прызвычайваюцца рана, нечага марна траціць час. Сям’я мае сваё першапачатковае значэнне і сэнс: сем «я», звязаных адным перавяслам, адначасова знахо-дзяцца ў роднасных адносінах і сябруюць. Так і павінна быць, скажаце, але ці многія сем’і, не крывячы душой, могуць пахваліцца падобным?
Не толькі ў Знаменцы, але і ў Ліпені ведаюць гэту сям’ю. Людзі адзначаюць, што калітка ў двор бабулі ніколі не зачыняецца. Там заўсёды ёсць хтосьці з дзяцей. Яны рэгулярна тэлефануюць, па адценню голасу здагадваюцца аб настроі матулі, і, калі што настарожыла, тут жа з Гомеля, Мінска, Асіповіч — да яе.
У час наведвання засталі ў доме дзвюх дачок і куму. Дарэчы, у сям’і два сыны — Ігар, што на правах старэйшага пасля смерці бацькі прымае важныя для ўсіх рашэнні, і Коля. Дзяўчатам жа далі прыгожыя «невясковыя» імёны, што гучаць як музыка: Сняжана, Дзіяна, Руслана.
«Бацькава творчасць, — тлумачыць Сняжана. — Ён настаяў менавіта на гэтых імёнах».
Да бабулі, што ціхенька прымасцілася на канапе, жанчыны звяртаюцца аднолькава прыгожа: «мама Саша». І тлумачаць: яна ўсіх пяцёх хрысціла, і таму адносіны да яе — як да маці. Аляксандра Сямёнаўна Клімко, мясцовая жыхарка, з цяплом адзываецца пра ўсіх сваіх дзяцей, не дзелячы на родных і хрэснікаў. Дарэчы, паміж сабою яны таксама сябруюць. А Ігар з Мікалаем і па гаспадарцы, калі трэба, памагаюць «маме Сашы».
«Жывём небагата», — за-значае Ірына Рыгораўна, і вось тут упершыню хочацца з ёй не згадзіцца. Бо не тое багацце, што ярка блішчыць, сапраўдныя жамчужыны — вось яны, побач. Надзейна падтрымліваюць матулю пад рукі, падбадзёрваюць і прымушаюць задумацца, хто перад намі: простая сялянка ці мудрая высакародная асоба, дастойная вялікай павагі?