Беларуская народная кулінарыя ведае мноства разнастайных напояў. Адны з іх, што з’явіліся ў глыбокай старажытнасці, з цягам часу забыліся, саступіўшы месца іншым. Другія, наадварот, праіснаваўшы стагоддзі, захаваліся да нашых дзён, часта змяняючы толькі назву.
Адна з асаблівасцей беларускіх народных напояў — тое, што яны вырабляліся ў розныя часы ў залежнасці ад наяўнасці і даступнасці таго ці іншага неабходнага кампаненту. Так, калі быў у вялікай колькасці мёд, шырока ўжывалі такія напоі, як мядок, мядуха, сыта. Увесну, калі дрэвы наліваліся сокам, пілі берку і кляновік (бярозавы і кляновы сокі). Летам, калі даспявалі ягады, з іх варылі ўзвары, кісялі, кулагі. У гарачую пару касавіцы гатавалі і пілі хлебны квас. Узімку аддавалі перавагу бурачковаму квасу, адварам з сушаных траў і ягад. А вось алкагольнае пітво продкі ўжывалі зусім не так, як зараз: пераважна на свята, альбо ў якасці лекаў.
На Асіповіччыне таксама шырока ўжывалі разнастайныя напоі. “Раёнка” паспрабавала сабраць рэцэпты некаторых з іх.
Бярозавік ад жыхароў вёскі Жорнаўка
Бярозавы сок злівалі ў бочку, ставілі ў цёмнае халаднаватае месца, давалі крыху закіснуць, дадавалі падсмажанае ячменнае зерне, сухары з жытнёвага хлеба або сушоныя яблыкі і праз суткі пасля гэтага працэджвалі і ўжывалі як квас. Бочку з сокам іншы раз закопвалі ў пясок на шэсць дзён. Такі квас лічыўся смачнейшым.
Хлебны квас ад жыхароў вёскі Ліпень
Для яго прыгатавання выкарыстоўвалі хлебныя скарынкі і рэшткі хлеба, якія падсушвалі і потым крыху падсмажвалі, каб квас меў прыемны пах і чырванаваты колер. Некаторыя для квасу спецыяльна ра-шчынялі жытняе цеста, квасілі яго тры дні і затым выпякалі хлеб, які затым разразалі на лусты і сушылі ў печы. Сухары складвалі ў дзяжу і залівалі вадой. Прыкладна праз ты-дзень квас лічыўся гатовым. Бывала, што туды клалі мёд ці цукар, а для большай рэзкасці — прарослы ячмень.
Рэцэпты ад жыхаркі вёскі Дрычын Алены Сямёнаўны Клыгач
Васкавіца
Хто трымаў пчол, той гатаваў напой, які называўся васкавіца. Бралі воск, клалі яго ў чыгун і ставілі ў печ. Калі воск расплавіцца, даставалі з печы і адцэджвалі. Атрыманую вадкасць змяшчалі ў бочачку, дадавалі туды мёд і ваду. Праз некаторы час пілі.
Расол з кветак агурка
Падчас цвіцення агуркоў збіралі кветкі, затым іх клалі ў ільняную тканіну разам з кропам, часнаком і хрэнам. Змяшчалі ў дзяжу, дадавалі соль і настойвалі. З атрыманым расолам елі бульбу.
Аўсяны кісель
Авёс сушылі, потым малолі ў жорнах, звычайна не прасейвалі. Увечары разводзілі ў цёплай вадзе і кідалі тры бярозавыя вугельчыкі. Ставілі на ноч у печ. Раніцай адцэджвалі на рэшата. Атрыманую вадкасць называлі цэд. Яе ўлівалі ў кацёл і ставілі ў напаленую печ, каб варылася паступова. Памешвалі кісялёўкай, каб авёс не асеў і не прыгарэў, дадавалі соль. Аўсяны кісель атрымліваўся густы.
Кулага, або “мурза” па-каменіцку
Для прыгатавання кулагі выкарыстоўвалі любыя свежыя лясныя ягады — суніцы, чарніцы, маліны, брусніцы, буякі. Бралі слівы з вішнямі без костачак. Посуд пад кулагу напалову запаўнялі ягадамі, напалову — вадой. Варылі ў печы або на пліце да разварвання, да іх падсыпалі жытнюю муку і памешвалі ўвесь час, пакуль варыва не стане кісялём. У сярэдзіне варкі, пасля засыпання мукі, у кулагу дадавалі цукар і мёд. Цукар іншы раз замянялі цалкам мёдам, але павялічвалі колькасць мукі ў залежнасці ад кансістэнцыі кулагі, якая павінна нагадваць кашку-размазню. Замест мукі выкарыстоўвалі бульбяны крухмал, прыгатаваны ў дамашніх умовах.
Бруснічны квас ад жыхаркі вёскі Дрычын Надзеі Харытонаўны Лагуцькі
Брусніцы насыпалі ў чыгун і ставілі ў печ. Калі ягады добра ўпрэюць і пусцяць сок, даставалі з печы і працэджвалі, затым злівалі ў бочку і ставілі ў халоднае месца для браджэння. Праз некаторы час ужывалі.
Такі квас можна было рабіць з каліны, журавін, рабіны.
Медавуха ад жыхароў Лапіч
Вядома таксама пад назвай мядуха, медуніца. Для яе прыгатавання мёд разам з адыходамі пры мёдагонцы разбаўлялі ахалоджанай кіпячонай вадой і злівалі ў драўляную пасудзіну. Асобна ў цёплай вадзе разводзілі дрожджы і ўлівалі ў посуд з разведзеным мёдам, дадавалі хмель і старанна перамешвалі. Вытрымлівалі ў халаднаватым месцы 6-8 сутак. Для надання напою пэўнага паху і смаку ў яго клалі розныя карэнні, кветкі і зёлкі. Па ўтрыманні спірту, які залежаў ад прапорцыі мёду і вады, адрознівалі паўтарак, двайняк, трайняк. З аднаго пуду мёду атрымлівалі сем вёдзер медавухі. У адрозненне ад гарэлкі медавуха была слабым напоем, падобным на сталовае віно.
Жытнёўка па-дрычынску
Гарэлка, якую выраблялі з прарошчанага жыта, змеленага ў жорнах, называлася жытнёўка. Муку запарвалі гарачай вадой у драўляным посудзе і мяшалі, каб не было камякоў. Накрывалі, каб не выходзіла пара і каб лепей запарылася. У атрыманы солад дадавалі звараную ў “мундзірах” патоўчаную бульбу, дрожджы, зачынялі. Праз тыдзень брага гатовая. Бралі бражнік (спецыяльная бочка на два дны, у верхнім дне якой дзве адтуліны) і праз адтуліны ў верхнім дне праз лейку залівалі брагу. У адну адтуліну ўстаўлялі паравую трубку, другі канец яе — у кацёл з вадою. Кацёл награвалі, і пара па трубцы ішла ў бражнік, брага грэлася, нават кіпела. А ў другую адтуліну верхняга дна бражніка ўстаўлялі трубку-халадзільнік (яна была не прамой, з некалькіх кругоў: для лепшага ахалоджання), праз якую цякла гарэлка. Пад другі канец трубкі-халадзільніка падстаўлялі бутлю, куды і сцякала вадкасць.
У каго былі вялікія сем’і, тыя бралі брагу, з якой ўжо выгналі “самагонку”, дадавалі туды кіпячоную ваду. Праз пэўны час гэты настой пілі ў прыкуску з бульбай.
Безумоўна, пералік рэцэптаў мог бы быць і большы. У кожнай мясцовасці старажылы змогуць нагадаць іх не адзін дзясятак. Працэс прыгатавання многіх страў, у тым ліку і гарэлкі, быў апісаны шматлікімі паэтамі і пісьменнікамі. Беларуская нацыянальная кухня — гэта цэлы пласт нашай культуры, які прадстаўляе пэўную цікавасць для сучаснікаў. Тое, што елі і пілі нашы продкі, нярэдка было смачнейшым і заўсёды — больш карысным, таму што рабілася з натуральных інгрэдыентаў.
Паважаныя чытачы! Калі вы таксама ведаеце рэцэпты прыгатавання беларускіх нацыянальных страў і напояў, тэлефануйце ў рэдакцыю па тэл. 22-4-86. Будзем удзячны.
“Пришло время собирать камни, чтобы строить наш храм”. От чего Лукашенко защищал Беларусь на рубеже 2000-х
10 сентября 2025
Культура
Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»
10 сентября 2025
Общество
Педагоги на страже правопорядка. Руководство Осиповичского РОВД на днях чествовало педагогических работников, способствовавших раскрытию преступления и пресечению правонарушений
10 сентября 2025
Общество
Захаваць назапашанае. У бягучым годзе па дзяржзаказе Асіповіцкаму вытворчаму ўчастку ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” неабходна закласці на захоўванне 29 780 тон зерня
10 сентября 2025
Общество
Как насчет грибалки? Экофестиваль “Тихая охота” пройдет на Осиповичской земле 13-14 сентября