У душы кожнага чалавека ёсць месца для веры. У некаторых гэтага месца больш, у некаторых менш. Без духоўнасці цяжка развівацца і рухацца наперад.
У вёсцы Дараганава ёсць чалавек, які ўзровень духоўнасці мясцовых жыхароў спрабуе павысіць. Завуць яе Таццяна Іванаўна Мельнікава.
— Як з’явілася ідэя пабудовы царквы ў гэтай мясцовасці?
— Сюды я прыехала ў 1988 годзе. Пачала працаваць настаўнікам гісторыі ў санаторнай школе-інтэрнаце. Але ў 2002 школу закрылі, я засталася без работы. У той час з’явілася ідэя стварэння ў Дараганаве свайго прыходу і царквы. Раней храм быў толькі ў вёсцы Крынка. Дарэчы, непа-срэдна ў Дараганаве царква нядоўга існавала ў час Вялікай Айчыннай вайны, у перыяд нямецкай акупацыі.
Пасля закрыцця санаторнай школы ў яе спальны корпус пераехала Дараганаўская бальніца, а старыя памяшканні медыцынскай установы пачалі пуставаць. Былую амбулаторыю было вырашана перабудаваць у царкву. 25 сакавіка 2004 года мы зарэгістравалі Прыход Свята-Панцялеймонаўскай царквы. Дарэчы, названы прыход у гонар Святога Панцялеймона, які быў лекарам.
— Як калегі і аднавяскоўцы паставіліся да вашага пераходу ў царкоўнае жыццё?
— Я думаю, той факт, што былыя калегі па санаторнай школе, як і іншыя жыхары вёскі, пастаянна наведваюць нашу царкву, як мінімум гаворыць аб паразуменні. На жаль, не раз прыходзілася сутыкацца са стэрэатыпным меркаваннем, быццам рэлігія і царкоўнае жыццё — доля неадукаваных пажылых жанчын. Я з такім поглядам не згодна. Напрыклад, шматлікія знакамітыя вучоныя, такія як Эйнштэйн, былі вельмі веруючымі людзьмі. Так, пры Маскоўскім універсітэце існуе царква святой пакутніцы Таццяны, якую пастаянна наведваюць вы-кладчыкі і студэнты ўніверсітэта. У Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 2004 годзе створаны Інстытут тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія… Таму ў маім пераходзе ў царкоўнае жыцце няма нічога дзіўнага і заганнага.
— Як ідзе будаўніцтва?
— На жаль, не так хутка, як таго б хацелася. Будоўля, а дакладней пераробка, вядзецца з 2004 года, і сказаць, калі яна скончыцца, складана. Але мы не хвалюемся і рукі не апускаем, бо канчатковы вынік, атрыманы з большымі стараннямі і намаганнямі, цэніцца больш. Нягледзячы на тое, што будоўля царквы не завершана, раз у месяц тут праходзіць служба.
— З якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца?
— Сімвалічнай стала нават рэгістрацыя праваслаўнай суполкі: на вырашэнне ўсіх папяровых пытанняў пайшло акурат дзевяць месяцаў. Канечне, асноўная праблема — фінансаванне. Сродкаў нам ніхто не вылучае, будаўніцтва вя-дзецца за кошт нешматлікіх ахвяраванняў і спонсараў. Напрыклад, дапамагае дырэктар ААТ “Дарстэм” Валерый Цалуйка. Атрымалася сабраць добрую суму падчас праваслаўнага фэсту, які праходзіў улетку ў Асіповічах. За гэтыя грошы купілі паравы кацёл для ацяплення царквы. Не так даўно праблемай з’яўлялася яшчэ і тое, што ў нас не было свайго пастаяннага настаяцеля. За ўвесь час існавання царквы ў Дараганава былі камандзіраваны сем святароў. Але літаральна некалькі дзён таму да нас прыехаў назначаны настаяцель, іераманах Максім (Юндзіл).
Калі кіраўніком Бабруйска-Быхаўскай епархіі, у якую мы ўваходзім, быў Уладыка Пётр, падчас яго чарговага візіту ён прапанаваў стварыць у памяшканнях былой бальніцы манастыр. Гэту ідэю ахвотна падтрымалі жыхары вёскі, было сабрана больш за 200 подпісаў, але Уладыку Пятра перавялі ў Віцебскую вобласць, і пачынанне не атрымала развіцця.