I за бацьку, і за маці №94

Адзінокімі бацькамі не нараджаюцца, імі, як ні
сумна, становяцца. Адным выпадае на долю гадаваць дзіця самастойна пасля смерці
мужа альбо жонкі, іншыя папросту разыходзяцца, што сёння хутчэй норма, чым
выключэнне.

Здавалася б, усё проста і лагічна: людзі
пабраліся шлюбам, займелі дзіця. Каханне дваіх ператвараецца ў любоў да
маленькага чалавечка і толькі мацнее. Так, канечне, бывае, але… Яшчэ адзін кат
дзіцячых лёсаў — цяга бацькоў да алкаголю. Нярэдка бацька ці маці так моцна
заблытваюцца ў сетцы сваёй залежнасці, што дзеля спакою дзіцяці іх пазбаўляюць
бацькоўскіх правоў. Няпоўныя сем’і на сёння настолькі звыклая з’ява, што
жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей без дапамогі бацькі, успрымаюцца грамадствам
ужо спакойна. З мужчынамі крыху іншая сітуацыя: бацька-адзіночка яшчэ выклікае
здзіўленне і павагу.

Як высветлілася, на Асіповіччыне нямала сем’яў,
у якіх дзіця альбо дзяцей выхоўвае толькі бацька. Спецыялісты
«Сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага цэнтра” назвалі не менш за тузін
такіх сем’яў.

Валерый Генадзьевіч ВасIльеў сустрэў ветліва, з
усмешкай прапанаваў адчуваць сябе як дома. Атмасфера ў кватэры вельмі ўтульная,
пакоі да-гледжаныя, светлыя, акуратныя. Бабуля дзяўчынак Тамара Міхайлаўна
запрасіла пачаставацца гарбатай з печывам і цукеркамі.

Дочкі Валерыя — Тамара і Аляксандра — чакалі
мяне ў зале. «Яны нядаўна з Вялікабрытаніі вярнуліся!” — пахвалілася бабуля.
Тамара сарамліва апусціла вочы і ўсміхнулася: узгадаць сапраўды ёсць што! А Аля
— так у сям’і называюць маленькую Аляксандру — тым часам накрывала на стол. За
гарбатай дзяўчаты распавялі пра адпачынак за мяжой, паказалі фота-здымкі. У
Англіі жыве сяброўка цёці дзяўчат, яна і запрашае Тому і Алю да сябе ў госці.
Паездкі гэтыя не толькі цікавы насычаны адпачынак, але і вельмі карыснае
баўленне часу: Тома, якая нядрэнна ведае англійскую мову, мае магчымасць
практыкавацца ў натуральным моўным асяродку, а Аля такім чынам вучыць замежную
мову.

Калі гарталі фотаальбом, да нас далучылася
неверагоднай прыгажосці кошка, скокнула на калені да Алі. «Да мяне ніколі не
падыдзе і на руках не любіць сядзець, а вось з Алечкай увесь час побач, і спіць
нават з ёй!” — усміхаецца Валерый. Чорна-бела-рудая Кыся (афіцыйна — Касандра)
з’явілася ў сям’і дзесяць год таму. Спачатку думалі, што «на коціка тата ніколі
не пагодзіцца”, але Валерый, пабачыўшы даверлівага, ласкавага кацяня, якое
потым вырасла з характарам, не змог адмовіць.

Хваліцца сваімі дасягненнямі Тома і Аля
саромеюцца, таму пра іх, перапыняючы адно аднаго, распавядалі бабуля і тата.
Дзяўчаты вучацца ў беларускамоўнай асіповіцкай гімназіі. Першая — у дзявятым
класе, другая — у трэцім. Канечне, хімія ды алгебра на беларускай мове даюцца
няпроста, але дзяўчаты здольныя, вучацца добра. «Для мяне беларуская мова гэта
сапраўды складана, яе і не ведаў ніколі асабліва, і забыў ужо да таго ж. Таму з
урокамі амаль не дапамагаю, яны неяк самі спраўляюцца”, — дзеліцца Валерый з
усмешкай.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні,
Валерый Генадзьевіч вельмі пазітыўны, нейкі светлы чалавек, увесь час жартуе ды
пасміхаецца. Калі ж папрасіла распавесці пра сябе, то расправіў плечы: «А што
пра мяне гаварыць? Вы лепш пра дочак напішыце! Яны ў мяне вунь якія! I
прыгожыя, і разумныя, і талентам не абдзеленыя!”

I гэта праўда: дзяўчаты рознабакова развіваюцца,
чаму, канечне, спрыяла любоў і падтрымка бацькі. Займаюцца музыкай: старэйшая
сястра захоплена гэтым відам мастацтва з чатырох гадоў, паспяхова скончыла
музычную школу па класе піяніна, а малодшая яшчэ вучыцца ў
«музыкалцы». «Тома забараняе нам спяваць: у яе абсалютны слых, і таму
чуе кожную фальшывую ноту. А калі Аля грае на піяніна, Тома крычыць ёй:
«Няправільна граеш!”, — смяецца бабуля.

Акрамя музыкі, Тамара захапляецца харэаграфіяй:
хадзіла на бальныя танцы. У гімназіі яна актыўна займаецца арганізатарскай
дзейнасцю: ніводнае мерапрыемства не праходзіць без яе дапамогі альбо ўдзелу.
Аля, да ўсяго, добра малюе. «Прычым, малюнкі маюць глыбокі сэнс, яны сюжэтныя”,
— з гонарам гаворыць Тамара Міхайлаўна, паказваючы карціны пачынаючага мастака.
Бабуля мае рацыю: са-праўды, усе яе творы прасякнуты дзіцячай мудрасцю і
святлом.

Да выбару будучай прафесіі Аля падыходзіць з
фантазіяй: хацела быць вахцёрам у музычнай школе, дызайнерам, а ў апошні дзень
самакіравання ў гімназіі, адказваючы на пытанне анкеты, абрала пасаду
настаўніка фізкультуры. «Там меней адказнасці”, — патлумачыла дзяўчынка. Тамара
пакуль на раздарожжы ў выбары прафесіі і вышэйшай навучальнай установы: хоча
займацца і музыкай, і харэаграфіяй.

Што да побыту, то сям’і значна дапамагае бабуля
Тамара Міхайлаўна. «Яна больш чым тата стараецца!” — смяецца Валерый
Генадзьевіч. Сняданак для сям’і гатуе бацька, абед прыходзіць гатаваць бабуля.
Дзяўчаты пакуль эксперыментуюць на кухні: любяць рабіць піцу, пячы бліны. Ці
дружна жывуць сёстры? У адказ яны па-змоўніцку пераглянуліся і засмяяліся…

Ася Паплаўская.

 

Последние новости

Власть

Лукашенко назвал «Один район — один проект» лакмусовой бумажкой работы руководителей регионов

17 февраля 2026
Читать новость
Власть

«Основа дальнейшей результативности». Лукашенко обозначил «мгновенные» задачи для правительства

17 февраля 2026
Читать новость
Профилактика

О подготовке к работе в период прохождения весеннего паводка

17 февраля 2026
Читать новость
Происшествия

Житель Осиповичей погиб во время рыбалки на Вилейском водохранилище

17 февраля 2026
Читать новость
Культура

Прыцягальна! Карэспандэнт «АК» пагутарыла з загадчыкам раённага цэнтра народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандрай Ткачовай

17 февраля 2026
Читать новость
Общество

Живая память: как в Осиповичах отметили День памяти воинов-интернационалистов

17 февраля 2026
Читать новость

Рекомендуем