— Вось і восень ужо надышла. Дажджлівыя дні, маркотныя доўгія вечары. І гэтак жа прыкра на душы, — бязгучна вымаўляе яна. — Ужо пайшоў другі год, як памёр Міколка. Згубіўся сэнс існавання. Ой-ёй-ёй, дзе ж мая дачушка Танечка? Што з ёй сталася ў тым Мінску, што ўжо больш за год нават не тэлефануе, пакінуўшы хворую, знямоглую матулю адну ў чужой кватэры? У чужой? Выходзіць, што так.
Пражылі мы з Міколам амаль паўвека душа ў душу, сына, дачку і ўнучку выгадавалі ў гэтай кватэры. А цяпер Таццяна ўблыталася ў нейкую нядобрую гісторыю, нарабіла вялікіх даўгоў, пазык і, каб неяк выкруціцца, прадала і маю, і сваю кватэры, набыўшы нам на дваіх хацінку ў вёсцы. Мясціна там і праўда прыгожая. Для маладых і дужых. Але я з набытым за восем дзясяткаў гадоў “букетам” хвароб ужо не ў стане насіць дровы, паліць печ ды ўпраўляцца з гаспадаркай. Дрэнна бачу, рухаюся толькі з палачкай, і тое ў межах кватэры. Ціск як дасць у скроні — хоць памірай.
Якая там вёска? Пражыла ў новым месцы з паўгода пад наглядам дачкі, якая прадала ў гэты час маю кватэру, а потым, карыстаючыся тым, што ключы яшчэ не аддала новай гаспадыні, бо перавозіла мэблю да сябе, пакінула ў гэтым, стаўшым ужо чужым, жытле, непатрэбныя ёй рэчы. І сярод іх аказалася я. Мабыць, ужо таксама стала непрыдатнай, як леташняя бульбіна, што перазімавала ў зямлі.
Але, дзякуй Богу, гаспадыня кватэры, знячэўку сустрэўшая мяне ў сваёй маёмасці, хоць і вельмі здзівілася (Што за прывід такі? Натарыус жа запэўніў, што ў кватэры ніхто на той час не значыўся прапісаным!”), ды аказалася вельмі душэўным чалавекам. “Пажывіце пакуль, — згадзілася яна, змахнуўшы слязу, — а далей мо што прыдумаем. Сама нядаўна пахавала матулю…”
Вось так і жыву: чужая ў сваім жытле. Толькі кот Барсік застаўся са мной з мінулага. Ды бясконцыя ўспаміны…
Цяжкая, але такая напоўненая актыўнай дзейнасцю маладосць. З энтузіязмам, песнямі, камсамольскай работай. Педагагічная дзейнасць, якой прысвяціла ўсё сваё жыццё. Сям’я. Любы муж. Сынок ды дачушка-пястушка. Хлопчык рос разумным і здатным, а дачка — прыгожай ды пяшчотнай. Мы ж з Міколам стваралі ўсе ўмовы для іх развіцця, вучобы. Прыгожа прыбіралі, ласункі розныя куплялі ды гатавалі. Дача ў нас была добрая. Кожныя выхадныя ехалі туды, каб папрацаваць, вырасціць ураджай. Як жа Васілю ды Танечцы без свежай садавіны? Дачушку мы аберагалі ад усяго. “Яшчэ напрацуешся, не пэцкай ручкі. Тваё ўсё наперадзе. Вучыся…”. Дзяўчынка і вучылася. Добра, старанна.
Дзе ж яна цяпер? У свеце ж столькі людзей са злоснымі намерамі! Толькі б дачушка іх не сустрэла. Раней хоць калі-нікалі прыязджала і званіла, потым — толькі тэлефанавала. Цяпер вось і зусім знікла. Хоць бы там усё ў яе ладзілася. А то ўжо колькі начэй без таблетак заснуць не магу: баліць душа за дачку. А тэлефон адказвае маўчаннем…
Ізноў разбалелася сэрца. Трэба б выпіць лякарства, ды накапаць сама не магу: рукі дрыжаць. Хай на яе халера, хвароба Паркінсона не дае жыцця. Барсік, хадзі хоць ты да мяне! Вось так, каток прытуліўся, мо’ лепей стане. Нездарма ж кажуць, што гэтыя жывёлы — добрыя тэрапеўты.
Нешта ў горле перасохла. Я і забылася, што пасля абеду нічога не ела. Што ў мяне там з харчоў засталося? Хлеб ёсць, крупы. Малако закончылася. Але заўтра Ларыса, мой сацыяльны работнік, прыйдзе — збегае ў краму. Суседка заходзіла, бульбін колькі прынесла. Неяк пратрымаюся. Шкада, рукі не слухаюцца — газ запальваць зусім не магу, не раз абпальвала пальцы, а Ларыска прыбягае толькі двойчы на тыдні. Нічога, я і халоднага паем, а не — дык і так абыдуся.
Новая гаспадыня кватэры хацела змясціць мяне ў прытулак для адзінокіх састарэлых. Дзівачка! Нікуды я адсюль не паеду! Ды і не прымуць мяне туды, бо сын жыве ў горадзе, але далёка, на тым баку. Відаць, чыгунка раздзяляе не толькі горад, але і лёсы. Нешта на філасофію пацягнула. Вось вернецца Танечка — і жыццё наладзіцца. Толькі б усё добра ў яе было! Вось і Алеська, унучка, калісьці забягала, тыдні з два таму, не памятаю дня, мабыць, сёмага чысла, бо ў той дзень я атрымала пенсію. Дык таксама казала, што не можа дазваніцца да маці. Алеся ў нас спраўная дзяўчына, прыгожая ды статная. І мужык яе нядрэнны. Шкада, што бачу іх вельмі рэдка. Што ж паробіш — справы. Маладыя, заўсёды кудысьці спяшаюцца, на ўсё не стае часу. Абы шчасліва жылі! Затое садок, у які Алеська водзіць Сашку, якраз праз дарогу ад майго дома. Я ўдзень гляну: у двары гуляюць дзеці, дзесьці там і мой праўнучак забаўляецца. І так на душы становіцца хораша. Увечары бачу: бацькі вядуць малых дадому. Можа, сярод іх і мая ўнучка пайшла. Вось і цудоўна. Можна і спаць класціся. Тэлевізара няма, шчасце, што радыё размаўляе ўвесь дзень. Яно мне раскажа, што навокал робіцца.
Думкі мрояцца, наязджаючы адна на адну, як ільдзіны ў час веснавога крыгаходу. На днях тэлефанавалі з “Водаканала”, прапаноўвалі ўстанавіць лічыльнікі на ваду. А што як прымусяць гэта зрабіць? А ў мяне і грошай няма. Столькі трачу на лекі, поўны столік ляжыць ля канапы, усё пад рукою, бо часам днямі не магу ўстаць, так зводзяць спазмы. А першую групу не даюць. Для гэтага трэба ехаць абследавацца. Як жа я паеду, калі і да прыбіральні дайсці цяжка? Столькі нявырашаных праблем! Галава гудзіць. А самае галоўнае — Танечка. Малюся за яе здароўе і дабрабыт. Малюся за Марыю, што не гоніць з кватэры. За Ларысу, бо без яе я б ужо памерла даўно. За ўнучку, праўнука, суседку. Сыночка майго любага. Малюся за ўсіх хворых і нямоглых, старых і маладых. Пачуй жа, Божа, мае словы!” — і рука, паднятая, каб перахрысціцца, знясілена падае, зведзеная моцным прыступам болю…
“Пришло время собирать камни, чтобы строить наш храм”. От чего Лукашенко защищал Беларусь на рубеже 2000-х
10 сентября 2025
Культура
Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»
10 сентября 2025
Общество
Педагоги на страже правопорядка. Руководство Осиповичского РОВД на днях чествовало педагогических работников, способствовавших раскрытию преступления и пресечению правонарушений
10 сентября 2025
Общество
Захаваць назапашанае. У бягучым годзе па дзяржзаказе Асіповіцкаму вытворчаму ўчастку ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” неабходна закласці на захоўванне 29 780 тон зерня
10 сентября 2025
Общество
Как насчет грибалки? Экофестиваль “Тихая охота” пройдет на Осиповичской земле 13-14 сентября