Калі б прыйшлося ствараць кнігу “Памяць”, прысвечаную Градзянскаму сельсавету, на яе старонках у абавязковым парадку была б змешчана інфармацыя пра адукацыю на тэрыторыі пасёлка. Прозвішча Данілевіч заняло б там пачэснае месца. І гэта справядліва. Яго галоўны носьбіт — вядомы ў акрузе чалавек, былы дырэктар школы, настаўнік рускай мовы і літаратуры, дэпутат мясцовага Савета некалькіх скліканняў.
Сцяпан Данілавіч жыве тут 35 гадоў і ўвесь час працуе ў тутэйшай школе. Прыкладна такі ж тэрмін робіць на ніве народнай асветы яго жонка, настаўніца матэматыкі Браніслава Ігнацьеўна. Некалькі гадоў адчыняў дзверы роднай школы як настаўнік і іх сын Аляксандр, які зараз выкладае інфарматыку ў каледжы горада Оршы. Мясцовая навучальная ўстанова ўзрасціла багата выпускнікоў, якія абралі для сябе нялёгкі, але такі запатрабаваны шлях — навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Іх імёны таксама смела можна заносіць у ганаровы спіс. У тым ліку і дачку Данілевічаў Людмілу, настаўніцу пачатковых класаў адной са школ сталіцы. Словам, агульны педагагічны стаж сям’і Данілевічаў складае амаль стагоддзе. Унушальная лічба!
Нарадзіўся ў адным месцы, згадзіўся — у другім
Так сталася, што пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў родным Моталі Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дарога прывяла вясковага юнака зусім не туды, аб чым марылася: замест мараходнага вучылішча трапіў на філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пазней у адным з вершаў напіша: “Я не об этом когда-то мечтал, /Душа рвалась в необъятные дали: /Хотел на море — моряком не стал: /Хотел стать артистом — не дали. /Я не жалуюсь. /Я доволен судьбой /И тем, что в детях нашел призвание…”
Вучоба давалася лёгка. На пятым курсе паступіла прапанова паехаць у вёску папрактыкаваць настаўнікам. Гэта была Градзянка. Не ведаў тады малады Данілевіч, што з ёю назаўсёды звяжа будучае жыццё.
“А я цябе да дошкі выклікаў”
Ад Мінска да Градзянкі дабірацца зручна: каля дзвюх гадзін на электрычцы да Верайцоў, адтуль — трошкі менш — на цягніку да канцавой станцыі.
Новая мясціна спадабалася, школьнікі былі дапытлівымі, мелі вялікае жаданне вучыцца, насельнікі пасёлка прыйшліся таксама па душы.
Не заўважыў, як нахлынула пачуццё закаханасці ў прыгожую і статную дзяўчыну, старшакласніцу Славу — менавіта так ён называў яе.
Практыка скончылася. Аднак засталіся яркія ўспаміны і перапіска з любімым чалавекам, якая цягнулася некалькі гадоў. Пакуль малады чалавек не прапанаваў каханай руку і сэрца.
Вяртанне да вытокаў
1976 год для маладой сям’і Данілевічаў звязаны з нараджэннем першынца і пераездам на радзіму жонкі. Градзянка адкрыта і шчыра прыняла сямейную пару. Сцяпан Данілавіч стаў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, Браніслава Ігнацьеўна пачала выкладаць матэматыку. Праз тры гады малады педагог узначаліў навучальную ўстанову і на працягу чвэрці стагоддзя паспяхова кіраваў ёю.
Самымі лепшымі ў рабоце лічыць васьмідзясятыя гады. Узначальваемы ім калектыў быў на дзіва дружны і з’яднаны. Вучні — іх налічвалася пад пяць соцень — радавалі поспехамі ў вучобе. Мясціліся ў драўляных памяшканнях-класах. Збудаванні былі старыя, прадуваліся наскрозь ветрам. Таму ўсім пасёлкам вырашылі: трэба абавязкова будаваць новую школу.
Калі мары збываюцца
Але не так проста гэта было зрабіць. Колькі паперы спісалі — не злічыць! Лісты ішлі нават на імя былых кіраўнікоў рэспублікі Пятра Машэрава і Мікалая Слюнькова.
Станоўчае рашэнне прынялі ў 1987 годзе. І ўжо праз 11 месяцаў святкавалі наваселле! Шчасцю не было мяжы. А за ім стаяла напружаная праца ўсіх: і работнікаў пасялковага Савета, і настаўнікаў, і бацькоў з дзецьмі. Сам дырэктар на будоўлі і дняваў, і начаваў. Штодня наведвалася і раённае начальства.
Мае гады — маё багацце
Школу пабудаваў, сад пасадзіў, дзяцей выгадаваў, дачакаўся ўнукаў. Сённяшнім вучням чытае вершы, якія не-не ды і набягуць-нахлынуць. Сем скліканняў быў дэпутатам мясцовага Савета. Зараз член выканкама, займаецца пытаннямі добраўпарадкавання, хвалюецца за лёс пасёлка. Перажыванні занатоўвае на паперы: “Убирают старые дома, /Дым пожарищ закрывает небо. /Боже мой, какая кутерьма, /Будто человек тут вовсе не был”. Любіць парыбачыць. Ніколі не здрадзіў дзіцячаму захапленню — чытанню кніг. Калі-нікалі садзіцца за пяро. Верная спадарожніца жыцця Браніслава Ігнацьеўна разам з ім і ў горы, і ў радасці.
Гонар кожнага з іх — любімая праца, якая давала і дае магчымасць выхоўваць дастойных грамадзян краіны: будаўнікоў, інжынераў, урачоў, педагогаў. Дарэчы, апошнія працуюць не толькі па ўсім раёне, але і ў школах рэспублікі, дасягаюць высокіх вынікаў.
У педагагічнай скарбонцы Данілевічаў можна знайсці багата розных методык і напрацовак. Але галоўны скарб сямейнай пары — звычайная чалавечая мудрасць, без якой намнога бяднейшай была б і Градзянка.
Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”
5 июля 2025
Общество
Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.
5 июля 2025
Общество
“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна
4 июля 2025
Общество
Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах
4 июля 2025
Год благоустройства
У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца