Напрыканцы жніўня народная артыстка Беларусі, галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч адзначыла свой 60-гадовы юбілей. Праз пэўны час яе чакае яшчэ адна ўрачыстасць: 35-годдзе творчай дзейнасці. Гэтыя дзве святочныя даты і сталі нагодай для гутаркі з Нінай Іосіфаўнай.
— Ведаеце, што Ваша імя занесена ў кнігу “Памяць” Асіповіцкага раёна?
— Так. І ганаруся гэтым, хаця на асіповіцкай зямлі толькі нарадзілася. Канкрэтна — у Лапічах. Бацька Іосіф Францавіч быў ваеннаслужачым. У хуткім часе сям’я пераехала на Далёкі Усход. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Мазыры.
— Чым яны былі напоўнены?
— Па сённяшніх мерках наша сям’я была шматдзетная. У мяне ёсць старэйшая сястра і малодшы брат. Мы пагодкі. Нялёгка спраўляцца з дзецьмі, калі ўзрост у іх амаль аднолькавы. Маці выхоўвала ў нас спагаду, цярплівасць. Яна была высокаадукаванай жанчынай, сапраўднай інтэлігенткай. Ведала багата рускіх народных песень, якім навучыла і мяне. Памятаю, калі паступала ў музычную школу, то на ўступным экзамене праспявала “Называют меня некрасивою”. Члены камісіі папрасілі прадэманстраваць што-небудзь іншае. Тады зацягнула “Парней так много холостых”, бо з дзіцячага рэпертуару нічога не ведала. Галоўным правілам, якім кіраваўся бацька, паднімаючы нас, была дысцыпліна. Менавіта яна стала меркай усяго майго жыцця. У цэлым жа раслі, як і ўсе савецкія дзеці.
— Што паўплывала на выбар прафесіі?
— Не магу сказаць, што марыла аб ёй з дзяцінства. Але, напэўна, на маім шляху сустрэліся тыя людзі, дзякуючы якім сталася так, як сталася. Напачатку быў школьны хор. Дарэчы, у ім удзельнічалі амаль усе дзеці. Затым — музычная школа, там атрымала першыя азы нотнай граматы. Там таксама спявала. Калі надышоў час паступаць у навучальную ўстанову, здарылася так, што выкладчык музычнай школы параіў нам з сяброўкай прайсці іспыты ў Гомельскім музычным вучылішчы. Каб не падводзіць яго, рашылі па-спрабаваць. На наша здзіўленне, сталі навучэнцамі харавога аддзялення. І, як кажуць, пайшло-паехала. Актыўная канцэртная дзейнасць захапіла настолькі, што паступова з’явілася пачуццё любові да беларускай песні, да ўсяго нацыянальнага. Там упершыню датыкнулася да опернага спявання. Скончыўшы вучылішча, зразумела: без усяго, чым жыла апошнія 4 гады, не змагу. Адчувала, што спыняцца на дасягнутым не трэба. Таму выбар быў адназначным: кансерваторыя. І зноў пашанцавала: вучыцца стала ў прафесара Аляксея Кагадзеева, у былога галоўнага хормайстра тэатра оперы і балета. Была ў яго адзінай вучаніцай. На 1 курсе ён прывёў мяне ў тэатр, каб пазнаёміць з работай хормайстра. Атрымалася — на ўсё жыццё.
— Чаго дасягнулі за амаль 35 гадоў работы хормайстрам?
— У першую чаргу навучылася цаніць свой час. У опернага артыста ўсё распісана па хвілінах. Гэтую работу лёгкай не назавеш. Спецыфіка яе ў тым, што рэпетыцыі праводзяцца раніцай і вечарам. Таму трэба быць вельмі арганізаваным чалавекам, мець жалезную хватку і добрае здароўе. Дарэчы, апошні аргумент па-трабуе весці здаровы лад жыцця. Хварэць нам ніяк нельга. Артысты павінны пастаянна быць у форме. Іншага не дадзена. І гэта пры тым, што яны ўвесь час знаходзяцца ў стрэсавым стане. Гэта адна з прафесій, якая прыводзіць да ўнутранага выпальвання. Таму трэба пастаянна сябе чым-небудзь паджыўляць, імкнуцца да самаразвіцця, сустракацца з прыемнымі табе людзьмі, каб паразмаўляць. Не пляткарыць, а іменна пагаварыць, падзяліцца набалелым, даведацца пра што-небудзь новае. Прывучыла сябе заўсёды трымаць слова, да справы ставіцца сур’ёзна, у першую чаргу строга патрабаваць з сябе. Тады і падначаленыя будуць з павагай адносіцца да цябе. Як ні цяжка, але навучылася пазбягаць суб’ектывізму. Да ўсяго — толькі аб’ектыўны падыход! І яшчэ — гэта таксама адно з дасягненняў — цаню людзей за іх працу, а не за падхалімаж. Калі чалавек — сапраўдны прафесіянал, адношуся да яго з павагай, нягледзячы на тое, што ён далёка не ідэал.. Вось і атрымаўся рэцэпт майго сённяшняга поспеху.
— Якая, на Ваш погляд, сучасная моладзь?
— Большасць з іх — крэатыўная, мэтанакіраваная, з пачуццём гумару, які, дарэчы, цаню ў любым чалавеку. У маладых людзей, якія прыходзяць у тэатр, вельмі якасная падрыхтоўка. Гэта, несумненна, вялікі плюс. Аналізуючы іх першую творчую дзейнасць, прыходжу да высновы, што яны менш чуллівыя, затое больш рацыянальныя. На першае месца ставяць сваё “я”, хочуць атрымаць усё і адразу. А так не бывае. Каб увайсці ў рэпертуар, патрэбен не адзін год. Да таго ж спявак павінен мець добрую памяць, быць выхаваным, стрыманым і шмат яшчэ чаго. Зможа пачынаючы артыст прайсці праз гэтыя выпрабаванні — стане сапраўдным артыстам. Наогул жа сёння моладзі шмат чаго дазволена, прадастаўлена багата розных правоў, і іншы раз яны забываюць пра абавязкі. Дзіця з дзяцінства павінна адказваць за ўчынкі. Выхаванне павінна быць строгім і ў школе, і дома. За правільным запаўненнем іх вольнага часу, лічу, нясуць адказнасць і сродкі масавай інфармацыі. Паглядзіце, якой ві-дэапрадукцыяй гандлююць на рынках, якія кнігі прапа-ноўваюць дзецям, што паказваюць па тэлевізары! Калі не прыняць адпаведных мер, пра добрую будучыню прыйдзецца забыць.
— Што адчуваеце, маючы за плячыма такі багаты жыццёвы вопыт?
— Мяне перапаўняе пачуццё шчасця, што працую ў тэатры оперы і балета, што маю магчымасць кожны дзень да канца аддаваць сябе рабоце, што ёсць веды і ўменне, якія дазваляюць кіраваць такім вялікім і неардынарным калектывам.
— Пажаданні чытачам “АК” будуць?
— Людзям старэйшага пакалення, у чыёй мудрасці, светласці і самабытнасці не адзін раз пераконвалася, жадаю, каб у іх хапала сіл і здароўя на ўсё, каб яны змаглі аддаць блізкім тое ўнутранае багацце, якое ім характэрна. Маладым асіпаўчанам — павагі да лю-дзей старэйшага ўзросту, работы па душы, любові да сваіх блізкіх і да роднай зямлі, каб кожны з іх мог ганарыцца, што ён — беларус. Другой краіны з такім багатым патэнцыялам, як наш народ, паверце, не існуе.
Бліц-апытанне
— У што верыце?
— У справядлівасць — яна наступае заўсёды, у лёс — калі наканавана, то так яно і будзе, а таксама ў дабрыню.
— Што любіце?
— Сваю прафесію, сяброў, прыроду.
— Не церпіце?
— Подласці, хлусні.
— Ад чаго б пазбавіліся?
— Ад празмернага крыхаборства: уся кватэра напоўнена рознымі рэчамі, ад многіх з якіх трэба было б пазбавіцца. А не магу — усе яны мне дарагія.
— Пра што марыце?
— У асабістым плане — як мага часцей быць з роднымі, у прафесійным — каб беларуская опера гучала далёка за межамі нашай краіны. А яшчэ б хацелася, каб родная Беларусь станавілася з кожным годам усё прыгажэй і мацней.
Даведка “АК”
Ніна Іосіфаўна Ламановіч нарадзілася 27 жніўня 1951 года ў в. Лапічы ў сям’і ваеннаслужачых. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Мазыры. Там жа вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Скончыла харавое аддзяленне Гомельскага музычнага вучылішча, а таксама Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі (1977, клас А.Кагадзеева). З 1976 года — хормайстар, с 1993 — галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
Спектаклі, пастаўленыя з яе ўдзелам, вызначаюцца высокай якасцю харавога гучання: “Новая зямля” Ю. Семянякі, “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Солтана, “Князь Ігар” А.Барадзіна, “Барыс Гадуноў” М.Мусаргскага і інш. У рэпертуары Ламановіч таксама буйныя творы харавой класікі, у тым ліку Рэквіем Дж.Вердзі і В.А.Моцарта. Адна з арганізатараў (1990) Дзіцячага музычнага тэатра-студыі пры тэатры оперы і балета. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для дзеячоў культуры ў намінацыі “Музычнае мастацтва” (1998 г.). Узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры РБ “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. У 1999 годзе ёй прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”, у 2010 за высокае прафесійнае майстэрства і выдатныя дасягненні ў развіцці культуры — “Народны артыст Беларусі”.
Жыве ў Мінску. Мае дачку Наталлю і ўнука Максіміліяна-Аляксандра.