Да Людмілы Фёдараўны Кадзет кіраўнікі школ звяртаюцца з рознымі пытаннямі і заўсёды атрымліваюць кваліфікаваную дапамогу. Асіповіцкі райаддзел адукацыі з’яўляецца яе працоўным месцам ужо на працягу 25 гадоў. Спачатку працавала інспектарам, затым — галоўным спецыялістам. Вядзе работу па розных накірунках. І ўсюды стараецца глыбока ўнікнуць у сутнасць, дэталёва разабрацца, каб даць слушныя парады, унесці рацыянальныя прапановы.
Займаючыся арганізацыяй алімпіяд на ўзроўні раёна і рыхтуючы каманды да абласных спаборніцтваў і асобных прадстаўнікоў на ўзровень рэспублікі, зазначае глыбокую падрыхтоўку асіповіцкіх школьнікаў па розных прадметах — матэматыцы, рускай і беларускай мовах, інфарматыцы, біялогіі, працоўным навучанні, англійскай мове, хіміі: на працягу трох гадоў вучні нашых школ займалі першае месца ў вобласці па выніках алімпіяд сярод рэгіёнаў сельскай мясцовасці.
— Актыўна і вынікова ўдзельнічаюць навучэнцы і ў рэспубліканскіх алімпіядах, — аналізуе Людміла Фёдараўна. — Колькасць пераможцаў год ад году не памяншаецца, мы трымаем занятыя пазіцыі. Але, працуючы з лепшымі вучнямі і ўдасканальваючы іх веды, стараемся адначасова падымаць і якасць адукацыі ўсіх навучэнцаў. Так, зараз звыш паловы школьнікаў маюць высокі і дастатковы ўзровень ведаў, чаму садзейнічаюць стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, дадатковыя адукацыйныя паслугі. Як вынік, у мінулым навучальным годзе больш за 80% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, усе 19 медалістаў па-цвердзілі атрыманыя вынікі і сталі студэнтамі ВНУ.
Вельмі актуальным напрамкам дзейнасці з’яўляецца арганізацыя карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якую яны атрымліваюць на адпаведных пунктах у школах і дашкольных установах, ГУА «ЦКРНіР г. Асіповічы», класах і групах інтэграванага (сумеснага) навучання і выхавання. Зараз ёй ахоплена 99,6% дзяцей, маючых такую патрэбу. Якія, як правіла, «выраўноўваюцца» з аднагодкамі і маюць магчымасць атрымліваць сярэднюю і далейшую адукацыі.
Хвалююць галоўнага спецыяліста і ўмовы навучання вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзякуючы намаганням Людмілы Фёдараўны, дзеці маюць магчымасць дабірацца да школы на транспарце, які працуе беззаганна. А яшчэ яна курыруе работу дзевяці ўстаноў адукацыі, і ўсе пытанні стараецца вырашаць своечасова. Зацікаўлена і ў адпаведнасці ўзроўню падрыхтоўкі педагогаў сучасным па-трабаванням, іх пастаяннай рабоце над сабой, валоданню не толькі метадычнымі, але і інструктыўна нарматыўнымі дакументамі, веданнем Кодэкса краіны аб адукацыі, які нядаўна ўступіў у сілу.
— Педагогі Асіповіччыны маюць даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі, валодаюць грунтоўнымі ведамі, — распавядае субяседніца. — Школьнікі могуць наведваць акрамя абавязковых урокаў дадатковыя — факультатыўныя заняткі, платныя гурткі па вучэбных прадметах. Першыя — гэта матэрыял на паглыбленым узроўні, другія — рыхтуюць вучняў да ўступнай кампаніі. Калі выпускнік матываваны да атрымання ведаў і далейшага паступлення ў ВНУ, наведвае ўсе прапаноў-ваемыя яму заняткі, ён мае ўсе шанцы стаць студэнтам. А рэпетытары — гэта асабістая справа бацькоў. Для таго, каб вучні мелі магчымасць «патрэніравацца ў паступленні», у сакавіку праводзіцца рэпетыцыйнае тэсціраванне. Ствараем усе ўмовы для поспеху выпускнікоў.
У кожнай рабоце ёсць свае станоўчыя бакі, якія прывабліваюць супрацоўнікаў на доўгія гады. У Людмілы Фёдараўны гэта зносіны з педагогамі, якіх яна не толькі кансультуе, але і сама ў іх чамусьці вучыцца, бо педагагіч-ная дзейнасць — працэс двухбаковы.
Яе паважаюць калегі, цэняць кіраўнікі. Вось, напрыклад, што гаворыць намеснік начальніка райаддзела адукацыі Тамара Салабута: «Цудоўны супрацоўнік, з якім вельмі прыемна працаваць. Людміла Фёдараўна вядзе адны з самых складаных накірункаў і заўсёды выконвае работу на самым высокім узроўні. Ажыццяўляе кантроль адукацыйнага працэсу на ўсіх яго адрэзках, вельмі граматны спецыяліст і слаўны чалавек».