Вернасць да родных мясцін пранёс праз жыццё №83

Дзмітрый Вітальевіч Бродскі нарадзіўся і вырас у
Вязаўніцы. Тут атрымаў, як цяпер кажуць, базавую, а затым і сярэднюю адукацыю.
Адсюдь пасля заканчэння педвучылішча быў прызваны ў армію. Здарылася гэта 30
студзеня 1940 года.

А потым грымнула вайна. Справа салдата —
абараняць Радзіму. Так хлопец трапляе на фронт. Ваяваць давялося на тэрыторыі
Прыбалтыкі. У мітусні і неразбярысе першых месяцаў вайны цяжка прыйшлося
маладым байцам. І да таго ж, Дзмітрый трапляе ў палон: сонных салдат фашысты
ўзялі пад штыкі.

У знявольванні знаходзіўся ў эстонскім горадзе
Валк, а затым пагрузілі ў “цяплушкі” і адправілі далей ад родных
мясцін. Палонныя воіны з трывогай паглядалі ў шчэлкі вагонных сцен. Праехалі
Усходнюю Прусію, Польшчу і апынуліся ў Германіі. Прывезлі палонных у нямецкі
Штутгарт. Размясцілі на беразе ракі з такой мэтай, каб самалёты нашых
саюзнікаў, баючыся трапіць па сваіх, не бамбілі авіязавод, разме-шчаны на
процілеглым беразе. Жылі ў бараках. Спалі прама на зямлі. Нягледзячы на варожыя
разлікі, авіязавод усё ж бамбілі: дужа важны гэта быў аб’ект. Днём наляталі
амерыканцы, ноччу — англічане. Хлопцы пры бамбёжцы хаваліся пад таполі, лічылі,
што там яны будуць недасягальныя. Але нішто не ратавала, ад асколкаў і голаду,
хвароб палонныя гінулі дзясяткамі. У хуткім часе з 300 засталося чалавек 30. Іх
перавялі ў вёску, дзе даводзілася непасільна працаваць.

— Але немцы таксама трапляліся розныя, —
успамінае Дзмітрый Вітальевіч. — Адзін з вартаўнікоў быў аматарам шахмат. І я,
дзякуючы нядрэннаму валоданню нямецкай мовай, згуляў не адну партыю з гэтым
чалавекам. Ды заўсёды выйграваў, — усміхаецца былы салдат, — а як жа іначай
можна абыхо-дзіцца з праціўнікам?

Пасля вызвалення саюзнікамі, сярод якіх, дарэчы,
было нямала неграў, былыя вязні атрымалі добрае харчаванне, а разам з ім…
недавер і неразуменне сваіх суайчыннікаў: палонныя па тым часе прыраўноўваліся
да здраднікаў, без скідкі на абставіны паланення. Іх адпраўляюць у Варашылаўградскую
вобласць, уладкоўваюць на працу. Большасць накіроўваюць у шахты. Дзмітрый
трапляе на чыгунку абходчыкам. У яго “падпарадкаванні” знаходзі-лася
5 кіламетраў пуцей. Жылі з таварышамі ў бараку. Толькі цяпер хлопец змог
напісаць родным без боязі, што ў чымсьці іх абвінавацяць. Паведаміў, што
жывы-здаровы.

Працаваць давялося ў пары з мясцовай дзяўчынай,
і так маладыя “спрацаваліся”, што праз пэўны час пабраліся шлюбам.

Дадому Дзмітрый Бродскі вярнуўся з прыгажуняй
Кацярынай Фёдараўнай. Уладкаваўся ў Жорнаўскую школу. Выкладаў рускую і
беларускую мовы, літаратуру, а потым да іх далучылася і нямецкая, добрую
“практыку” па якой прайшоў на вайне. Затым працаваў у Яноўскай
7-годцы завучам, Ліпеньскай сярэдняй школе на гэтай жа пасадзе. З удзячнасцю
ўспамінае першых дырэктараў, з якімі разам працавалі ў тыя нялёгкія гады:
Фёдара Кучынскага, Станіслава Шаржановіча.

Спачатку маладая сям’я здымала пакой, а затым
звіла ўласнае гняздо. З агародам і нават казой. У Мінскім педінстытуце набыў
Дзмітрый Вітальевіч вышэйшую адукацыю. Над сабой працаваў заўсёды, вывучаючы
новыя метады педага-гічнай работы, укараняючы свае. Таму пацвярджэнне — значок
“Выдатнік народнай асветы”, званне “Ветэран працы”. Мае
ордэны і медалі. Вядомы і паважаны чалавек у вёсцы і раёне.

Акрамя непасрэднай працы і вясковых хатніх
клопатаў Дзмітрый Вітальевіч заўсёды меў шырокае кола грамадскіх абавязкаў і
інтарэсаў. Узначальваў лектарскую групу. А любоў да гульні ў шахматы пранёс
праз усё жыццё. Удзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах, нават на ўзроўні
рэспублікі, мае I спартыўны разрад. З вялікай цікавасцю адносіцца да
красвордаў, прычым не толькі расстаўляе літары і словы ў гатовых крыжаванках,
але і сам іх складае. На рахунку Дзмітрыя Вітальевіча больш за 100 уласных
красвордаў. Не адзін год супрацоўнічаў з “Народнай газетай”,
забаўляючы чытачоў новымі заданнямі, размешчанымі ў сетках рознай канфігурацыі.
А яшчэ адно захапленне — падарожжы. Лёгкі на пад’ём, наведаў сталіцы амаль усіх
сталіц былых саюзных рэспублік: Баку, Ташкент, Ашхабад, Тбілісі… Захацелася
ўбачыць дом, дзе нарадзіўся Уладзімір Маякоўскі — наведаў. Вырашыў паказаць
унуку сонечнае зацьменне, паўночнае ззянне — вось і падарожжы ў Тынду,
Мурманск.

Былі магчымасці адарвацца ад роднай зямлі,
за-прашалі ў розныя месцы працаваць, нават у Амерыку вербавалі — але Дзмітрый
Вітальевіч пранёс вернасць роднай мясціне праз усё жыццё. А зараз пражывае
разам з дачкой Раісай, якая таксама “асела” ў роднай вёсцы з прыгожай
паэтычнай назвай Ліпень, ад якой павявае водарам квітнеючых лугоў, журчаннем
рачулкі, спевам птушак.

Іна Заскевіч.

 

Последние новости

Общество

Гороскоп на 7 июля для всех знаков зодиака

7 июля 2025
Читать новость
Общество

Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі

6 июля 2025
Читать новость
Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем