Суббота, утки и заказник, или Очередной рейд Осиповичской ИОЖиРМ

Суббота, утки и заказник, или Очередной рейд Осиповичской ИОЖиРМ

Субота, качкі і заказнік

Паляванне і рыбалкаадны з самых старажытных заняткаў бадай што кожнай народнасці. Але калі ў часы сівой даўніны людзі ішлі за здабычай, каб выжыць, то зараз гэта ў большай ступені забава, якая яшчэ і строга рэгламентавана дзяржавай і заканадаўствам. Асабліва апошняе тычыцца тэрмінаў рыбалкі і палявання: нельга здабываць рыбу, птушку, жывёлу, калі ў яе амаль няма шансаў зберагчыся. Таму адкрыцця дазволенага сезона шмат хто з прыхільнікаў такога спосабу баўлення часу чакае з нецярпеннем. І менавіта ў мінулую суботу адзін з перыядаў палявання стартаваў: з 11 жніўня дазваляецца здабыча вадаплаўнай і балотнай птушкі, вальдшнэпа, вехіра, голуба шызага, перапёлкі і фазана. Паглядзець, як жа аматары паходаў на прыроду са стрэльбай падрыхтаваліся да летневосеньскага сезона палявання, вырашылі супрацоўнікі асіповіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету разам з карэспандэнтам “АК”.

Суботні дзень для інспектараў пачаўся дзесьці а 5 гадзіне раніцы: самы час для палявання на качак — найбольш распаўсюджаную вадаплаўную дзічыну. Прыродаахоўнікі накіраваліся ў адно з папулярнейшых месцаў адкрыцця сезона і ўвогуле здабычы дзікай птушкі — сажалкі ААТ “Рыбгас “Свіслач”. На досвітку тут быў проста аншлаг! Амаль з усімі работнікі дзяржінспекцыі пагутарылі, а таксама праверылі, як паляўнічыя падрыхтаваліся да “сустрэчы” з дзічынай. Дзесьці палова з прыкладна трох дзясяткаў прыпыненых здабытчыкаў прыехала да нас са сталіцы, астатнія ж — мясцовыя жыхары. Прыемнасцю аказалася тое, што парушальнікаў прыроднага заканадаўства ў гэты час на сажалках не сустрэлі: зброя, пуцёўкі і іншыя дакументы ў грамадзян былі ў належным стане. Памяталі, куды накіроўваліся! Асабіста адсвяткавалі пачатак сезона і паляўнічыя сабакі, якіх таксама тут было нямала: нарэшце гаспадары дазволілі сваім чатырохногім сябрам уволю пабегаць і здаволіць паляўнічыя інстынкты.

Апынуліся інспектары каля рыбгасаўскіх сажалак ужо каля 10 гадзін раніцы. Асноўная частка паляўнічых на гэты час цалкам здаволілася ранішнім “праменадам” і цяпер актыўна адзначала адкрыццё сезона пікнікамі на палянках і ўзлесках. Але ж некаторыя ўсё яшчэ вярталіся з вадаёмаў. Так, напрыклад, прыпынілі двух братоў — земляка і сталічнага жыхара, што цягнулі за сабой яшчэ мокрую гумавую лодку. І паляўнічая зброя, і пуцёўкі з дазволамі — усё аказалася ў належным стане. Мужчын падзякавалі за сумленнасць і накіраваліся далей.

У іспанцаў існуе традыцыйны адпачынак пасля абеду — сіеста. Нешта падобнае практыкуюць і нашы беларускія качкі: паляваць на іх у разгар дня — справа зусім бессэнсоўная і бесперспектыўная, таму і людзям прыходзіцца падладжвацца пад гэты рэжым. Але ж інспектарам расслабляцца няма калі: толькі паляваннем прыродаахоўнае заканадаўства, зразумела, не абмяжоўваецца. Тры гады таму на тэрыторыі Асіповіцкага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў пастановай Савета Міністраў краіны* створаны Свіслацка-Бярэзінскі рэспубліканскі ландшафтны заказнік плошчай больш за 17 тысяч гектараў. Гэта адно з нямногіх месцаў у краіне, дзе захаваліся значныя масівы вялікаўзроставых лясоў, нізінных балот, папуляцыі раслін і жывёл, што ўваходзяць у Чырвоную кнігу Беларусі. Тут жа знаходзяцца і два помнікі прыроды рэспубліканскага значэння — Акцябрскі дуб-велікан і Брыцалавіцкі дуб-багатыр. Таму на тэрыторыі заказніка існуе шмат абмежаванняў і забарон, якія парушаць ні ў якім разе нельга. На галоўных з’ездах на абараняемую прыродную тэрыторыю стаяць спецыяльныя аншлагі з тлумачэннямі, на астатніх — інфармацыйныя таблічкі. А з улікам таго, што заказнік існуе ўжо не першы год, жыхарам навакольных вёсак сорамна не высветліць, побач з чым жа яны жывуць, і што там дазволена, а што не. Не ў апошнюю чаргу гэта тычыцца правілаў праезду: карыстацца аўтамабілем, матацыклам, скутарам, мапедам і іншымі механічнымі транспартнымі сродкамі ў межах заказніка забаронена. Выключэнне — толькі для абслугоўваючых тэрыторыю арганізацый і кантралюючых органаў. Астатнія — на веласіпедзе альбо пешшу. Вось толькі чамусьці ўсе сустрэтыя ў неналежных месцах рэйдавай групай грамадзяне рабілі вялікія вочы і казалі: “А мы ж не ведалі!”…

Территория Свислочско-Березинского заказника в пределах Осиповичского района

Пяцёра мужчын на аўтамабілі старанна даказвалі, што проста заблукалі. Але ж чамусьці іх нават зачынены шлагбаум пасярод дарогі не прыпыніў: пасунулі яго ў бок, праехалі, вярнулі на месца і рушылі далей… Пакуль інспектары гутарылі з парушальнікамі, да шлагбаума пад’ехаў мужчына ва ўзросце на так званым “мінскім” матацыкле. Але западозрыў няладнае і рэзка павярнуў назад, ды з такой хуткасцю, толькі пяткі зазіхацелі! А яшчэ адзін на скутары таксама вырашыў, што чырвона-белая перашкода — для слабакоў. “Я ж тут заўсёды ездзіў! Чаму цяпер нельга?” — гучна абураўся парушальнік. Тут жа двое мясцовых грамадзян вырашылі парыбачыць. І добра, калі б на сваіх нагах прыйшлі — зноў на аўто. І размову пачалі, відавочна, не з таго. “А я ж яму казаў, што сюды нельга ехаць, а ён мяне не паслухаў! Ну адпусціце нас… Ну я ж яму казаў…”. Ці то напаклёпнічаў, ці то за кошт брата хацеў харошым выглядаць, але ж факт — вось ён: зараней ведалі, аднак усё роўна ехалі. І хто вам тут вінаваты?

Крыху ў іншым месцы сустрэлі кампанію, якая толькі-толькі размясцілася на адпачынак — палаткі нават не паспелі ўсталяваць. “Ну як жа, мы ж кожны год тут адпачываем…”. Дзіўна, што за гэты час так і не высветлілі, на якой тэрыторыі яны знаходзяцца, тым больш што некалькі з аматараў “вылазак у лес” працуюць у непасрэдна задзейнічаных у абслугоўванні заказніка арганізацыях.

Кожны, хто ў гэты дзень парушыў рэжым абароны і выкарыстання Свіслацка-Бярэзінскага заказніка, на жаль, адкажа рублём. А сумы не малыя: штраф, што прадугледжвае арт. 15.9 КаАП за такое парушэнне, — ад 4 да 50 базавых велічынь. Звяртайце ж вы, нарэшце, увагу на інфармацыйныя знакі — колькі пытанняў адразу знікне!

Напрыканцы такога насычанага дня сустрэўся інспектарам і несумленны рыбак. На рацэ Пціч грамадзянін ужо здымаў стаўныя сеткі. Добра, што здабычы ў іх не аказалася. Але ўжо толькі выкарыстанне такіх “снасцей” наказваецца законам.

*Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2015 г7. Палажэнне аб рэспубліканскім  ландшафтным заказніку “Свіслацка-Бярэзінскі”.

Марыя ТАЛЕЙКА.

Последние новости

Власть

“Надо решать вопрос”. Лукашенко поручил разобраться с проблемами на “АМКОДОРе”

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Создать условия для людей. Лукашенко обозначил задачи по развитию поселков городского типа

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

Тематическую прямую телефонную линию проведет и.о. первого заместителя начальника Могилевской таможни Дерезовский Дмитрий Евгеньевич

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко во время рабочей поездки в Витебскую область посетил Оршанский лесхоз

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость