Кішэнны каляндарык — гэта, па вялікім рахунку, сродак самарэкламы, а не проста даведнік па днях, месяцах і святах, і ў многіх, нават невялічкіх зараз арганізацый, маюцца такія кампактныя плакацікі. У межах Расійскай імперыі першы дробны каляндар з’яўляецца ў 1760 годзе і з таго часу паступова ўваходзіць у шырокае карыстанне. Але дзесьці з 1930-х па 1960-я гады ўжо на тэрыторыі Савецкага Саюза такая патрэбная рэч становіцца маладаступнай. Чаму? Бо рэвалюцыя 1917 года і наступныя гістарычныя падзеі прыпыняюць развіццё выдавецкай справы. З 1940-х па 1960-я выпуск каляндарыкаў манапалізуюць “Дзяржстрах”, “Ашчадкаса”, “Аэрафлот” і выдавецтва “Мастацтва”. І толькі ў 1970-я прадукцыя пачынае вяртаць свае ранейшыя пазіцыі. Хаця толькі праз 10 гадоў выпуск каляндарыкаў сапраўды становіцца масавым. Сапраўды ж бум на іх прыпадае на перыяд 1990-х. І гэта пры тым, што самае першае выданне каляндарнага тыпу на стараславянскай мове было надрукавана ажно ў 1522 годзе нашым знакамітым суайчыннікам — “Малая спадарожная кніжыца” Францыска Скарыны…
Калі асіпаўчанка Ганна Комлік, харэограф клуба чыгуначнікаў, распавяла, што каля 30 гадоў збірае кішэнныя каляндарыкі і мае салідную калекцыю (цэлая абутковая скрыня!), то адразу ўзнікла наступнае пытанне: “Навошта?” Аднак калі з той калекцыяй пазнаёмілася, то адкрыла для сябе адну рэч: гэта вельмі цікавы і незвычайны праваднік па гісторыі як цэлай краіны, так і канкрэтна ўзятага чалавека — Ганны Анатольеўны.
Пра што ж можна ўспомніць ці даведацца, капаючыся ў яе абутковай скрыні з календарамі?
1970-я. “Дзяржстрах” — лідар на рынку рэкламы
Першыя каляндарыкі з “абутковай” калекцыі датуюцца 1972 годам. Каштавалі яны тады 3-4 капейкі і друкаваліся накладам ад 50 да 500 тысяч экзэмпляраў. Для параў-нання: тыраж аднаго віду каляндарыка “Белдзяржстраху” за 2011 год — 120 тысяч. А такіх відаў запар выдаецца некалькі…
— Калекцыяніраваць каляндарыкі пачала дзякуючы маме, — адзначае іх уладальніца. — Па-першае, яна сама збірала ледзь не ўсё — ад паштовак да насовак. Па-другое, штогод знаходзіла каго альбо што можна застрахаваць, таму ў нас пастаянна з’яўляліся новыя каляндарыкі ад “Дзяржстраху”. З іх і пачалася мая калекцыя.
Тэматыка аздаблення каляндарыкаў гэтага перыяду досыць абмежаваная: фота-здымкі са святаў, пэўныя архітэктурныя і гістарычныя аб’екты, рэпрадукцыі карцін і, канешне, рэклама страхавання. Прычым у дадзенай калекцыі прэвалююць выявы, якія так ці інакш звязаны з Вялікай Айчыннай вайной.
Калі пільна прыгледзецца, то да 1991 года ў выхадных дадзеных каляндарыкаў побач з нумарам заказу і тыражом змяшчаюцца незразумелыя звычайнаму чалавеку літары і лічбы — кшталту “АТ 25169”. Гэта вельмі цікавая рэч, якая называецца “літ” альбо нумар цэнзурнага дазволу. Менавіта з-за жорсткай цэнзуры тагачаснае ўпрыгожанне каляндарнай прадукцыі было такім маларазнастайным…
Найбольшы наклад у 3 мільёны ў тое дзесяцігоддзе маюць каляндарыкі 1979 года выпуску, якія рэкламуюць Маскоўскую Алімпіяду-80. Каштавалі яны 4 капейкі і мелі, шчыра кажучы, не дужа прывабны выгляд.
— Некалькі такіх набыла ў час экскурсіі па Маскве, — успамінае асіпаўчанка. — Гэта была запамінальная паездка: з гадзіны ночы мы стаялі ў неверагоднай чарзе ў маўзалей, каб падзівіцца на Леніна. Дагэтуль памятаю крамлёўскія зоры. Нам падавалася, што навобмацак яны аксамітныя…
1980-я. Мары ад “Кінацэнтра”
На стыку дзесяцігоддзяў стыхійнае збіранне каляндарыкаў у Ганны Анатольеўны перарастае ў філуменію ці календарыстыку. Тады яшчэ школьніца, яна перыядычна робіць агляд усіх гарадскіх кіёскаў і набывае ўсе новыя каляндарыкі.
— Прычым мама заўжды была ў курсе маіх збіральніцкіх спраў і не толькі не забараняла “марнаваць” грошы, але і заахвочвала да гэтага, — дадае яна. — Сама прывозіла мне каляндарыкі нават з Рыгі, куды ездзіла ў камандзіроўкі. Нягледзячы на сваю “савецкасць”, у Латвіі можна было знайсці вельмі арыгінальныя і стыльныя рэчы, якія кардынальна адрозніваліся ад прадукцыі савецкай Беларусі і, натуральна, у нас не прадаваліся. Мае любімыя латышскія каляндарыкі — з маляванымі жывёламі на аднатонным фоне. Вельмі эстэтычна! Яшчэ маці набывала для мяне варыяскапічныя* экзэмпляры, аднак яны не дужа падабаліся…
Напрыканцы 1980-х і ў Беларусі з’явілася багата густоўна выкананых каляндарыкаў. Цікавымі работамі вылучалася маскоўскае выдавецтва “Плакат”, у якім працавалі таленавітыя маладыя мастакі.
— Была ў гэтага выдавецтва серыя пад назвай “Паход ашчадных”, — распавядае філуменістка. — Яе галоўнае ідэя — ахова навакольнага асяроддзя. Прычым візуальна яна абыгрывалася часам прос-та геніяльна. Напрыклад, на карцінцы намаляваны некалькі пянькоў ад ссечаных дрэваў, над якімі кружаць птушкі. І подпіс: “Гракі прыляцелі…”. Калі сыну Віталю у школе па-трабавалася рыхтаваць нейкія маляваныя работы, многія ідэі мы пазычалі менавіта з тых карцін-каляндарыкаў.
Але выходзілі такія рэчы сціплым накладам, тады як самарэкламкі “Дзяржстраху” выпускаліся тыражамі ў 6 мільёнаў…
— У 1989 годзе мы не маглі адарвацца ад работ выдавецтва “Кінацэнтр”, — прызнаецца жанчына. — На адной з іх, да прыкладу, фотаздымак Ірыны Цывінай у… чырвоных калготках! Тады пра такі аксэсуар дзяўчаты маглі толькі марыць. Альбо каляндарык з Наталляй Нягодай, якая першая ў савецкім кіно агаліла грудзі ў фільме “Маленькая Вера”. Тую стужку пераглядалі не адзін раз, часам для адной толькі сцэны з агаленнем. Гэта быў ужо зусім іншы і незнаёмы нам свет. Тады пікам танцавальнай моды была ўсяго толькі ламбада! Памятаю, калі яшчэ працавала ў Дараганаўскім Доме культуры, падрыхтавала на Купалле русалчын танец. Пад вечар на Пцічы з’явіўся човен, у якім сядзелі Няптун і русалкі-танцоўшчыцы. За некалькі метраў ад берага дзяўчаты вылезлі з чоўна і па вадзе накіраваліся да зямлі. На іх былі апрануты спадніцы для вальса, якія мы, падкалоўшы, укарацілі. І на беразе мае русалкі танцавалі ламбаду. Гэта быў фурор!
1990-я. Юрмальскія першаадкрыцці
З адменай цэнзуры ў краіну абрынулася лавіна інфармацыі, у тым ліку і на каляндарыках. Трэба сказаць, што ў 1990-я гады найбольш падобнай прадукцыі ў свеце выдавалася ў постсавецкіх краінах. Напры-клад, у 1991 годзе было надрукавана 800 мільёнаў экзэмпляраў з 5,5 тысячамі розных малюнкаў.
— У чарговай паездцы да цёці, якая жыла ў Юрмале, пабачыла каляндарыкі “Вар’етэ”, — прыгадвае Ганна Анатольеўна. — І падумала: “Вось гэта сцэнічныя касцюмы! Няўжо такое бывае?” Дзяўчаты былі апрануты ў вопратку з небяспечнымі дэкальтэ і неверагоднымі разрэзамі, у скураных гарсэтах, з фантастычнымі макіяжам і прычоскамі. І гэта ў той час, як у нас самым эфектным касцюмам лічыўся крыху мадэрнізаваны камбінезон… Мы з мамай, канечне, набылі каляндарыкі для калекцыі.
З такой жа серыі мяне зацікавіў каляндарык калгаса “Ілумяэ”. На ім выяўлены палетак, па якім побач няспешна крочаць конь і голая дзяўчына. Што такім чынам хацела прарэкламаваць кіраўніцтва калгаса, для мяне застаецца загадкай…
— Паколькі прадукцыі стала зашмат, то ўжо не паспявала набываць усё, што выдавалася, — кажа Ганна Анатольеўна. — Таму з гэтага часу каляндарыкі ўжо не купляла, а толькі атрымоўвала ў падарунак. У калекцыі ёсць каляндар ад спявачкі Ірыны Раманоў-скай, якая мне яго ўласнаручна і падаравала. Ёсць каляндарык танцавальна-спартыўнага клуба “Легенда”, народнага ансамбля “Люлечка”. Намнога цікавей зараз збіраць каляндарыкі, звязаныя з нейкімі па-дзеямі ва ўласным жыцці ці знаёмымі людзьмі. Зусім нядаўна давялося пабываць у Нясвіжы. Праз некаторы час у мінскай кнігарні ўбачыла цудоўную серыю беларускіх каляндарыкаў пад назвай “Краявіды Беларусі”. Даўно не сустракала так густоўна зробленых рэчаў! Не ўтрымалася, вырашыла ў першы раз за многія гады набыць каляндарык. Які выбраць? Спынілася на выяве Нясвіжа — у напамін аб маім візіце ў гэты горад. Але планую скупіць усю серыю…
Ганна МАЦКЕВІЧ.
* Варыяскапічны — карцінка мяняецца ў залежнасці ад вугла назірання.