Жыццё — штука шматгранная… №68

Ласкавае сонейка пасылае на зямлю свае цёплыя
промні, саграваючы ўжо не маладых, але даволі бадзёрых людзей, якія прытуліліся
на ганку аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых інвалідаў, што ў
Красным. Яны вельмі рады гасцям, любяць пагутарыць, паўспамінаць мінулае, якое
назаўсёды ўрэзалася ў памяць. Гэтымі ўспамінамі і жывуць. Тым больш, што
ўзгадаць ёсць што: ззаду даволі вялікі жыццёвы шлях, напоўнены рознымі цяжкасцямі,
нягодамі, зруйнаваны вайной, стратамі родных і блізкіх.

Але былі ж і лепшыя часіны! І калі засумаваўшыя
было жанчыны адгортваюць у кнізе сваёй памяці гэтыя светлыя старонкі, іх
патухлыя позіркі праясняюцца, у вачах загараюцца іскрынкі.

— А як жа, канечне былі. Пабраліся шлюбам з
добрым хлопцам, — дзеліцца Ніна Мікалаеўна Лапанік, жанчына з прыгожымі
блакітнымі вачамі, не згубіўшымі свой колер з цягам часу, і ў такой жа
блакітнай хусцінцы. — Гаспадыня я была цудоўная, гэта зараз вось перамяшчацца
не магу без гэтых вось хадункоў, — паказвае на самадзейнае прыстасаванне,
вырабленае мясцовымі майстрамі, якое памагае ёй хадзіць. — На той час у вёсцы
быў яшчэ адзін хлапец, які ўпадабаў мяне. Ён усё кружыў вакол хаты і прыкмячаў,
які ў ёй і на двары парадак, чысціня. І таму, калі мужык мой памёр, гэты
кавалер не ўпусціў ужо свой шанц. Вось так. Было ў мяне два гаспадары, двое
дзяцей. А зараз ужо нікога нямашака: памерлі ўсе, — і вочы зноў напаўняюцца
слязамі — ні з чым не параўнальнае гора маці, якая пахавала дзяцей…

Працавітыя рукі, якія рэдка зналі хвіліны адпачынку,
не могуць без справы. Вось жыхар гэтага дома завіхаецца з касою — газоны ўсе
роўненькія, зялёныя. У агаро-дзе працуюць жанчыны — падыходзім да іх. Соф’я
Захараўна Бахметава і Соф’я Мікалаеўна Ялінская збіраюць ураджай агуркоў і
кабачкоў.

— Хочацца працаваць. Хоць і ногі баляць, але ж
іду ў грады, трошкі пакапаюся — і аж душа радуецца, — узрушана кажа адна з
працаўніц.

Разам з гаспадынямі праходзім у будынак. У
пакоях, дзе пражываюць ветэраны, па два ложкі. Супрацоўнікі аддзялення
памагаюць падтрымліваць парадак.

— Аддзяленне разлічана на 30 месцаў, зараз тут
пражывае 31 чалавек, — распавядае загадчыца Алена Мошчына. — Усе яны маюць
“букет” хвароб, таму стараемся аказваць медыцынскую дапамогу на месцы
ўласнымі сіламі, Святлана Кандратовіч, медсястра, усе іх хворы ведае. Пры
неабходнасці звяртаемся ў Ялізаўскую бальніцу, галоўны ўрач якой — Аляксандр
Галацэвіч — заўсёды ўважліва ставіцца да нашых жыхароў. Часта даводзіцца
выклікаць і “хуткую дапамогу”. А яшчэ вельмі важным лекавым сродкам
з’яўляюцца зносіны, уменне выслухоў-ваць па многу разоў адны і тыя ж гісторыі з
жыцця пажылых людзей. Неабыякавасць — вось галоўная рыса ўсіх нашых
супрацоўнікаў, якія выконваюць не толькі свае непасрэдныя абавязкі, але і
робяць усё тое, што ў сябе дома. Саджаем кветкі, робім грады. Многія ветэраны
не могуць рушыць далей ганку, увесь іх свет тут, таму вакол павінна быць
прыгожа і па-хатняму ўтульна.

Старыя людзі вельмі безабаронныя, ранімыя. Іх
шкада, як дзяцей. Каб іх душы менш адчувалі адзіноту, арганізоўваем канцэртныя
праграмы. Загадчыца Красненскага клуба Ірына Махорына і мастацкі кіраўнік Алена
Багдановіч — частыя госці ўстановы, ладзяць канцэрты не толькі ў святочныя дні.
Вельмі любяць бабулі ды дзядулі, калі выступаюць дзеці. Школа ў баку не
застаецца, дзеці малююць, выразаюць, робяць вырабы з розных матэрыялаў, якімі
аздабляюць пакоі нашых жыльцоў.

І сапраўды, на сценах пакойчыкаў красуюцца
аплікацыя, выцінанка, малюнкі, якія ўносяць часцінкі аптымізму і надзеі.
Некаторыя бабулі вечарамі вяжуць шкарпэткі на ўсіх жыхароў свайго агульнага
дому. Дзядулі любяць паразважаць.

— Што гэта за прыродная анамалія: лета
заканчваецца, а буслы пачалі віць гняздо? — трывожыцца Уладзімір Пятровіч
Дзяргач. — Кожны дзень назіраю, як яны носяць будаўнічы матэрыял, завіхаюцца на
будоўлі. Вось бы ў арнітолагаў спытаць. Я наогул вельмі цікаўлюся прыродай,
люблю назіраць за рознымі яе прадстаўнікамі.

Падыходзім да чарговага жыхара.

— Я тут не так і даўно, свайго жылля няма, але ў
гэтым доме жывецца цудоўна, — бадзёрым голасам паведамляе Пётр Канстанцінавіч
Рублеўскі. — Электрык па спецыяльнасці, у тэхніцы разбіраюся, таму прыйшлося і
мінёрам пабыць, і на вытворчасці папрацаваць.

І ён расказвае. Пра родную вёсачку Вялікая
Гарожа, страшныя гады вайны, Ленін-градскі фронт, лейтэнанта Грыцая, баі і
раненні — пра ўсё тое, што і дагэтуль бачыць доўгімі бяссоннымі начамі…

Яго сусед, таксама ветэран вайны, Барыс
Дзмітрыевіч Бурак не менш пабачыў на сваім вяку. Артылерый-ская брыгада, якая
дыслацыравалася на беразе Балтыйскага мора, атакі, кантузія… І ўсё ўспамінае
пра баявога таварыша, з якім у розных перадзелках бывалі, Міхаіла Апанасавіча
Папова.

— Вы з Асіповіч? А ці жывы там Папоў? Як мне
даведацца?

Даведаліся, паведамілі Барысу Дзмітрыевічу. На
жаль, пакінуў гэты свет яго паплечнік па зброі. Няўмольны час…

Бязлітасны лёс, перажытае гора і хваробы
падкошваюць і рады жыльцоў гэтага аддзялення.

— Мы стараемся ў такіх выпадках знайсці родных,
сяброў, суседзяў нябожчыка, даць магчымасць ім развітацца, пахаваць блізкага
чалавека, — тлумачыць Алена Аляксандраўна. — Калі гэтага зрабіць няма каму, то
спраўляемся ўласнымі сіламі. 15 магілак да-глядаюць нашы супрацоўнікі. На ўсіх
паставілі металічныя крыжы, рэгулярна наведваем. Да нас прыязджае айцец Сергій,
гутарыць з людзьмі. У жніўні правялі богаслужэнне матушка Марыя і манашкі з
Мінска. Бываюць і прадстаўнікі баптысцкай суполкі з Бабруйска. Прыгожа спяваюць.

Спевы наогул моцны тэрапеўтычны сродак. А якія
спявачкі ў аддзяленні! Яны спецыяльна сабраліся ва ўтульнай зале.

“Паслухайце нашы песні”, — прапаноўвае
Фядора Іванаўна Маліноўская і заводзіць першым голасам песню пра каліну.
Загадчыца аддзялення падхоплівае яе другім. Жанчыны дружна падключаюцца. І вось
ужо перад намі не старэнькія бабулькі, а маладыя дзяўчаты, якія перажываюць
каханне, расставанне, жывуць надзеямі. Іншыя, хто не прымае ўдзел у агульных
спевах, назіраюць збоку. А позіркі — яны там, у далёкіх гадах маладосці…

…Выходзячы за веснічкі, яшчэ раз аглядаем
прыбраны дворык з роўненькімі радочкамі квітнеючай рудбекіі. Апошні прытулак і
надзея адзінокіх людзей. Але гэту думку перабіваюць словы песні, якія чуюцца
праз адчыненае акно:

“Надо мною солнце светит,

Я по-прежнему цвету…”

Іна Заскевіч.

 

Последние новости

Общество

С Днем работников государственной статистики!

23 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 августа для всех знаков зодиака

23 августа 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Европе надо подключиться к мирному процессу по Украине и сыграть свою роль

22 августа 2025
Читать новость
Общество

В питомнике Осиповичского опытного лесхоза выращивают несколько десятков видов растений

22 августа 2025
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия с управляющим делами Осиповичского райисполкома

22 августа 2025
Читать новость
Общество

НЕТ домашнему насилию

22 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем