Каманда “Old School": "Мы выйшлі з клубаў…" №54

Некалькі месяцаў таму ў САШ № 4 адбыўся чарговы
лан*-турнір паміж прыхільнікамі камп’ютарнай гульні “Dota”**. На гэты раз іх
было небагата: тры каманды, і ўсе — тутэйшыя. Аднак сціплы спіс удзельнікаў
кампенсавала досыць вялікая і разнастайная балельшчыцкая аўдыторыя. Незалежна
ад таго, што ў Асіповічах фактычна не засталося камп’ютарных клубаў, а на
вяршыні папулярнасці сёння знаходзяцца анлайн гульні, падобныя рэтра-турніры
яшчэ карыстаюцца попытам. Падрабязней пра сам турнір, а таксама гісторыю кіберспорту
ў нас распавядае геймер адной са старых каманд горада “Old school”*** Кірыл
Сугака.

— У 2003-2004 гадах у нас з’явіліся першыя
камп’-ютарныя клубы і прайшлі першыя спаборніцтвы. Тады ўсе гулялі ў “Countrer
Strike”. Аднак найбольшы размах камандны кібер-спорт атрымаў з адкрыццём клуба
“Virus”. Яго гаспадар заснаваў сайт “Osipovichi.com”, на якім размяшчаў
разнастайную інфармацыю, у тым ліку і пра турніры. А гэта, натуральна, спрыяла
папулярызацыі клубных гульняў. Яшчэ на сценах “Virus-а” вывешваліся здымкі
пераможцаў, сярод якіх была і “Old school”.

— На які час прыпадае “залаты” перыяд
лан-турніраў?

— Прыкладна на 2004-2005 гады. Тады ў Асіповічы
прыязджала шмат геймераў з розных рэгіёнаў краіны. Арганізатарам звычайна
выступала адна з мясцовых каманд. За кошт узносаў аплачвалася арэнда памяшкання
і фарміраваўся прызавы фонд. У дадатак адміністрацыя магла даць пераможцам
50-працэнтную скідку на наведванне клуба і шэраг іншых бонусаў. Тады ж капітан
адной з мясцовых каманд Яўген “Рыкашэт” стварыў інфармацыйны рэсур
“Cyber-Osipovichi.by”. На ім працаваў форум, размя-шчаліся звесткі пра каманды,
а таксама навіны з апошніх турніраў.

“Old school” некалі досыць паспяхова выступала
на спаборніцтвах у Мінску і Бабруйску. Пэўны час мы нават хацелі заняцца
кіберспортам прафесійна. Але для гэтага трэба было рызыкнуць усім: пастаянна
выязджаць на турніры і займацца выключна гульнямі. Бо прафесіянальныя геймеры ў
дзень трэніруюцца ад 5 да 9 гадзін.

— Як ставіліся да гэтага захаплення бацькі?

— На той момант на турнірах мы зараблялі
неблагія грошы. З кожнай перамогі бацькі атрымоўвалі сваю “долю” і былі
задаволены. Акрамя таго, яны бачылі, што дзеці не п’юць, не цягаюцца па
завуголлях і маюць іншыя цікавасці, акрамя камп’ютара. Таму хвалявацца не было
нагоды. Канешне, былі і застаюцца геймеры-фанатыкі, якія гатовы жыць у
віртуальным свеце. Некаторыя нават не бачаць сваіх жонку з дзіцём з-за
манітора. Ім, верагодна, падаецца, што гульня дае нешта такое, што ніколі не
атрымаць у жыцці. І гэта, на мой погляд, і неразумна, і страшна. Гульня ёсць
гульня, і не трэба блытаць яе з жыццём. Гульні ніколі не скончацца, а вось
жыццё можа прайсці міма. І пра гэта трэба памятаць. Быў час, калі і сам
праседжваў за камп’ютарам суткамі, але гэта прайшло, як дзіцячая хвароба. І
сёння для мяне гульня — гэта першапачаткова магчымасць сустрэцца з сябрамі.
Кожны з нас дзесьці працуе і мае свае захапленні, і толькі перыядычна любім
разам пагля-дзець анлайн гульню і па-слухаць каментарыі. Апошнім часам стала
модна каменціраваць віртуальныя баі.

— Вяртаючыся да лан-гульняў: калі і чаму яны
перасталі быць папулярнымі?

— У 2007 годзе “Cyber-Osipovichi.by” спыніў сваё
існаванне. Дзесьці ў гэты ж перыяд пачынаюць зачыняцца асіповіцкія камп’ютарныя
клубы, тэхнічная база якіх маральна састарэла. Інтэрнэт атрымоўвае шырокае
распаўсюджанне, і геймеры сыходзяць у анлайн. Сёння існуе багата віртуальных
пляцовак, на якіх можна гуляць як бяс-платна, так і за грошы. Акрамя таго,
многія працуюць кібербайцамі і зарабляюць на віртуальных арэнах. Напрыклад, за
перамогу на міжнародным турніры каманда атрымоўвае 1-3 тысячы еўра. У месяц
ладзіцца некалькі такіх спабор-ніцтваў.

— Паколькі лан-фармат на Беларусі яўна саступае
анлайну, навошта тады штогод ладзіце лакальныя клубныя турніры?

— Тут стасункі, адрэналін, якога не атрымаеш,
седзячы за камп’ютарам. Скайп не перадасць усю палітру эмоцый, а манітор — гэта
не жывы твар. Мы выйшлі з клубаў, для нас гульня — гэта, у першую чаргу,
зносіны з сябрамі і камандамі-сапернікамі. І нягледзячы на тое, што на гэты раз
мы саступілі і занялі другое месца, уражанні засталіся прыемнымі. Хаця і
пакрычалі адзін на аднаго…

 

* Лан
(local area network) — з англ. лакальная сетка зачыненага тыпу. Анлайн — ад
англ. “тое, што знаходзіцца ў рэжыме падключэння” альбо “тое, што існуе ў
інтэрнэце”

** Dota —
камандная гульня-стратэгія “5 на 5”

***Склад
Old School: Кірыл “Gamlet” і Мікалай “Faust” Сугакі, Аляксандр “Vodker” Папулаў,
Дзмітрый “Ter” Далгаполаў, Аляксандр “Yagoda” Ягадзін, Станіслаў “Baxik”
Пацёмкін.

Ганна МАЦКЕВІЧ.

Последние новости

Общество

Прямая телефонная линия с заместителем начальника Могилевской таможни

9 сентября 2025
Читать новость
Общество

В кинотеатре “Родина” пройдет премьерный показ новой работы Национальной киностудии “Беларусьфильм”

9 сентября 2025
Читать новость
Общество

Контрольное полевое мероприятие провели сотрудники Осиповичской межрайонной инспекции охраны животного и растительного мира

9 сентября 2025
Читать новость
Культура

Очередной наградой пополнилась копилка побед централизованной библиотечной сети Осиповичского района

9 сентября 2025
Читать новость
Общество

У сельгаспрадпрыемствах раёна ў разгары сезон уборкі кукурузы

9 сентября 2025
Читать новость
Благоустройство

Приближается отопительный сезон. К нему все предприятия и организации Осиповичского района готовились еще с весны, так что осталось завершить лишь несколько объектов

9 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем