З 15 па 16 чэрвеня Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прымаў абласныя спаборніцтвы па мотамнагабор’і. Апошнія гады мотакрасмены Магілёўшчыны сустракаліся на тэрыторыі Бялынічаў, а на гэты раз прыехалі на Асіповіччыну.
— Трэба мяняць традыцыі, — патлумачыла намеснік дырэктара абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці Вольга Рамашкевіч. — Тутэйшая база цалкам задавальняе. Акрамя таго, нас тут цудоўна прынялі і арганізавалі цікавую экскурсію ў музей. Вялікі дзякуй!
Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел шэсць каманд з Магілёва, Бабруйска, Бялынічаў і Асіповічаў. Спартсмены спачатку адказвалі на пытанні па правілах дарожнага руху, а потым дэманстравалі майстэрства фігурнага ваджэння матацыкламі.
У выніку першае месца заняла каманда Магілёўскага абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці, другое дасталося Бялыніцкаму Цэнтру выхаваўчай работы, трэцяе — Асіповіцкаму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. Акрамя гэтага, наш Раман Шачак заняў другое месца па хуткасным манеўраванні.