Кароткім радком

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання краіны падвялі рэйтынг сельгаспрадпрыемстваў з прадукцыйнасцю дойнага статка больш як 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы за 2017 год. У рэспубліканскім спісе, які ўключае 507 такіх гаспадарак, філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” з сярэднегадавым надоем 6854 кілаграмы і плюсам у 526 кг на галаву займае 124 пазіцыю.
Спадзяёмся, што наступны пералік будзе ўключаць больш асіповіцкіх вытворцаў малака. Факт, што ў рэспубліцы некалькі сельгаспрадпрыемстваў ужо перасягнулі 10-тысячную мяжу, сведчыць аб перспектыўнасці справы.
* * *
У рэспубліканскай выстаўцы сучаснага народнага мастацтва “Калядныя ўзоры”, якая нядаўна праходзіла ў сталіцы, прынялі ўдзел і члены грамадскага аб’яднання “Саюз майстроў народнай творчасці” Асіповіччыны Валянціна Прасаловіч, Вольга Наўдзюнас і Iрына Забаўская. Зямлячкі прадставілі работы, выкананыя ў такіх тэхніках, як ткацтва, валянне, вышыўка, і вярнуліся з дыпломамі і новымі творчымі ідэямі.
* * *
Актыўна працуе аглядавая камісія Дараганаўскага сельвыканкама па абследаванні домаўладанняў неабароненых катэгорый насельніцтва наконт забеспячэння пажарнай бяспекі. За студзень наведана 280 сем’яў. Напачатку ацяпляльнага сезона была аказана дапамога тым, хто меў патрэбу ў падрыхтоўцы да халоднага перыяду.
* * *
Камбінат бытавога абслугоўвання летась за ўсе цырульныя паслугі атрымаў 170,4 тыс. рублёў, з іх за бытавыя — 165. У спісе лідараў цырульні Дамоў быту №№ 2 і 1 — 61,1 і 56,5 адпаведна, № 1 — 30,7. На долю сельскіх прыпадае 16,7 тыс. рублёў.
* * *
Па словах спецыяліста Асіповіцкага прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, у 2017 годзе сталі ўладальнікамі пуцёвак 146 дзяцей. З іх 27 юных землякоў адпачывалі з адным з бацькоў не толькі ў здраўніцах нашай краіны, але і на Чарнаморскім узбярэжжы (Місхор, Сочы) і Прыбалтыцы (Друскінінкай). Выязджалі на лячэнне і 12 дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні дарослых.
* * *
4 работнікамі натарыяльнай канторы раёна за мінулы год здзейснена 4131 натарыяльнае дзеянне, заведзена 546 спадчынных спраў.
* * *
У абласным этапе нацыянальнага конкурсу “Міс Беларусь-2018” удзельнічалі і трое нашых зямлячак — 19-гадовая Анастасія Багатка і на год маладзейшыя Яўгенія Стасевіч і Анастасія Язвінская. Фінал спаборніцтва прыгажосці адбудзецца ў маі.
* * *
Каманда вучняў Асіповіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (трэнеры Анатолій Калугін і Аляксандр Карчэўскі) стала трэцяй у камандным заліку ў адкрытым першынстве вобласці па лыжным арыентаванні. Асабістая “бронза” ў групе М-18 дасталася Iвану Міхеенку.
