Шкада, што ў свой час Янка Маўр не напісаў які-небудзь твор, прысвечаны журналістам будучыні. Тады можна было б параўнаць тэхнічныя сродкі, якімі па ўяўленню пісьменніка маглі карыстацца яго персанажы, з дасягненнямі сучаснага прагрэсу. Думаю, што літаратар абавязкова прадугадаў бы персанальны камп’ютар, лічбавы дыктафон альбо нешта іншае.
Гэтыя рэчы за апошнія два дзесяцігоддзі вельмі моцна спрасцілі жыццё журналістаў. Яны зрэшты пазбавіліся ад лішніх абавязкаў і атрымалі дадатковы час для галоўнага — працы з інфармацыяй.
Тэхнічная “рэвалюцыя” адбывалася на вачах у колішняга рэдактара “АК” Анатоля Тамашэўскага, які прысвяціў газетнай справе 43 гады. Ён не быў пасіўным сведкам тых падзей, хутка заняўся камп’ютарызацыяй “раёнкі” і вывеў яе ў абласныя лідары ў гэтым накірунку, папулярызаваў укараненне новых тэхналогій сярод калег на Магілёўшчыне. Расказы абаяльнага Анатоля Уладзіміравіча аб тым, як з цягам часу змянялася тэхнічнае забеспячэнне рэдакцыі, слухаць неверагодна цікава. Прама як фантастычныя апавяданні Янкі Маўра.
Пішучая машынка і два веласіпеды
— Я ўладкаваўся ў круглянскую “раёнку” ў 1967 го-дзе. На той час там была толь-кі адна пішучая машынка. Газетчыкі пісалі ад рукі і потым гатовы матэрыял аддавалі машыністцы. Яна друкавала, а ты абавязаны быў вычытаць. Потым — адказны сакратар і рэдактар. Калі на старонцы рабілася больш за 5 правак, матэрыял вярталі назад. Машыністка рыхтуе яго зноў — ты зноў вычытваеш. І так — бясконца! (усміхаецца). Калі матэрыялаў збіралася на старонку, адказны сакратар рабіла яе макет і здавала ў друкарню. Набор тэксту ў той час быў ручны: літара да літары. Паласа раздрукоўвалася і аддавалася зноў на вычытку.
Чаму ў газеце была толькі адна машынка? Тады тэхніка каштавала дорага і купіць яе было цяжка. Памятаю, вельмі спадабалася мне машынка “Ятрань”, якую пабачыў у Круглянскім райвыканкаме. Дзесьці пачуў, што ў магазін прывозяць такую новую. Пайшоў туды і даведаўся, што прывезлі яе для райвыканкамаўскага юрысконсульта. Я — да яго: “Аддай машынку рэдакцыі!”. І, трэба сказаць, угаварыў! Машынкі прасцей стала набываць напрыканцы 70-х. Калі прыйшоў у асіповіц-кую газету ў 1980 годзе, тут ужо было некалькі электрычных “Опцім”. Да канца васьмі-дзясятых усе творчыя работнікі займелі механічныя машынкі.
Яшчэ ўзгадаю пра тое, як раней даводзілася журналіс-там дабірацца да месца камандзіроўкі. Сёння прасцей: усюды добрыя дарогі, і кожная рэдакцыя мае ўласны аўтамабіль. Круглянская “раёнка” спачатку набыла 2 веласіпеды. Неяк мяне адправілі ў саўгас “Круча”: 30 кіламетраў у адзін бок… Дарогі не ведаў добра. Пакуль ехаў туды на веласіпедзе, накруціў дадаткова 15 км. Дзякуй Богу, недалёка жыў родзіч, які даў свой матацыкл, каб вярнуцца ў горад. Пасля ўжо рэдакцыя прыдбала мапед і матацыкл, стала крыху лягчэй.
Калі вучыўся ў школе, маці працавала даглядчыцай цялят. Добрыя вынікі ў яе былі, і прыехаў карэспандэнт з бялыніцкай газеты. Узімку на кані, на санях! Рамантыка! А мне даводзілася начаваць у вёсцы. Неяк у калгасе “50 год Кастрычніка” ладзіўся паслявыбарны сход. У той час справаздачы пачыналіся ўвечары і цягнуліся аж да ночы. Пачалася завея такая, што ехаць няма як. Застаўся ў старшыні калгаса, з якім сябравалі. Назаўтра ён даў чалавека, які на кані адвёз мяне ў Круглае…
Друкарня — другі дом
— Доўгі час працэс вёрсткі і друкавання газеты заставаўся вельмі працяглым і працаёмкім. Друкарам і газетчыкам работы хапала. За вычытку кожнага нумара газеты адказваў карэктар, якому абавязкова дапамагаў дзяжурны журналіст.
У газетны дзень (дзень выпуску — аўт.) звычайна а 11-й гадзіне прымалі абавязковыя паведамленні БелТА для першай старонкі. Штосьці важнае маглі перадаць у любы час дня ці ночы. Потым гэта трэба было набраць, звярстаць і надрукаваць.
Пры ручным наборы тэксту памылак хапала. Газету трэба было вычытваць вельмі ўважліва. Маглі паблытаць месцамі літары ці прапусціць якую, так што атрымліваліся нават нецэнзурныя словы… Ці з-за слабага адбітку альбо размазанай фарбы на паперы цяжка было разабраць асобныя літары. Напрыклад, “п” прымалася за “н”. І атрымліваўся ляпсус: замест “спрэчка з таварышамі па палку” “спрэчка з таварышамі на палку”…
Часам дзяжурствы зацягваліся да 5-й гадзіны ранку, і дадому не было сэнсу ісці. Тады клаў пад галаву падшыўку, сам — на крэсла, і — храпака да раніцы! А потым — зноў на працу.
Потым у друкарні з’явіўся лінатып. Мы лічылі гэту машыну вельмі разумнай! На ёй з дапамогай клавіятуры набіралі радкі тэксту, якія адразу адліваліся ў метале. Гэта паскорыла выдавецкую справу, затое пры выпраўленні памылак былі свае нязручнасці. Пры ручным наборы адну літару проста замянялі на другую, пры лінатыпным — пералівалі па-новаму цэлы радок.
У асіповіцкай друкарні працавалі 2 лінатыпы, работніцы былі вопытныя. Праўда, затрымкі з выпускам газеты ўсё роўна ўзнікалі. Тыраж “раёнкі” быў 6 з лішнім тысяч экзэмпляраў, друкаваць даводзілся практычна ўсю ноч. Пасля абеду рабілі другую і трэцюю старонкі. Папера ў друкарскую машыну падавалася ўручную. Потым “гналі” першую і апошнюю старонкі. Увесь гатовы тыраж здавалі на пошту, дзе рабілася фальцоўка: газетныя аркушы складваліся ў адпаведным парадку.
У той час рэдакцыя несла адказнасць за дастаўку паперы. Мы атрымлівалі яе на мінскім складзе. Стараліся браць рулон па 13 кілаграмаў. Друкары разразалі яго напалам — і ніякіх праблем і адыходаў. Калі малых рулонаў не было, прывозілі 400-500-кілаграмовыя. Пасля “развальвання” такога рулона і падгонкі паперы пад фармат выдання заставалася багата адыходаў. Бывала і так, што камусьці паперы не хапала. Як заўжды, у складаных выпадках выручала сяброўства. Прыязджалі да нас пазычаць паперу з Пухавіч і Старых Дарог.
Пераход да афсетнага друку* вельмі спрасціў выданне газеты. Яна стала друкавацца ў Бабруйску, куды адпраўлялася толькі фотакопія макета нумара. Афсет дазваляў надрукаваць 6 тысяч экзэмпляраў за паўгадзіны. Плюс рэзанне паперы і фальцоўка рабіліся аўтаматычна.
Спачатку мы перадавалі копію макета праз вадзіцеляў рэйсавых аўтобусаў ці машыністаў цягнікоў. Але яны маглі забыцца перадаць пенал, і тады пачыналіся пошукі “газеты”. Аднойчы шафёра не знайшлі, таму давялося разбіць у аўтобусе шыбіну і залазіць унутр. Пасля такіх прыгод вазіць копію макета сталі работнікі рэдакцыі.
Лічбавы “прарыў” і… ніякай рамантыкі
Калі сам упершыню ўбачыў камп’ютар? У 1993 годзе ў жлобінскай газеце. Праз тры гады ў Краснаполлі ладзіўся абласны семінар для рэдактараў. Начальнік камітэта па друку У.П.Бельскі падарыў краснапольцам, як пацярпелым ад чарнобыльскай аварыі, камп’ютар. Так яны першымі сярод “раёнак” Магілёўшчыны займелі новую тэхніку.
Вядома, было зайздросна. На неафіцыйнай частцы мы запрасілі Бельскага за свой стол: “У Асіповіч сёлета юбілей (65 гадоў з дня за-снавання газеты — аўт.), так што, Уладзімір Пятровіч, лічыце сябе запрошаным! Але ж у госці без падарунка не ездзяць…”. На святкаванне за-прасілі таксама памочніка Прэзідэнта і выхадца з нашага краю Алега Слуку. Яны разам з Бельскім і прэзентавалі рэдакцыі камп’ютар.
Перайсці на самастойную працу на ім удалося хутка, наш аператар ужо меў пэўны досвед. З’ездзілі разам з ім у Беразіно: Мінская вобласць раней перайшла на ўласны камп’ютарны набор. Пагля-дзелі на працу калег, паспрабавалі самі. Першыя выпускі з дапамогай новай тэхнікі рабілі 50х50: 2 старонкі набіралі на камп’ютары, столькі ж — у друкарні. Потым закупілі яшчэ 4 былыя ў карыстанні машыны.
Вось так мы першымі ў вобласці і перайшлі на ўласны камп’ютарны набор газеты. Нягледзячы на тое, што атрымалі тэхніку на паўгода пазней за Краснаполле, абагналі яго на цэлы год! У Дзяржкамітэце друку нават здзівіліся, што Асіповічы змаглі такое зрабіць, не прасіўшы ніякай дапамогі. Шчыра кажучы, глуская “раёнка” пачала вярстаць газету на камп’ютары раней, але тэксты яны набіралі не ў сябе, а ў бабруйскай друкарні…
Новыя мадэлі тэхнікі з’яўляліся вельмі хутка. У нас спачатку быў 486 працэсар, потым — “Пенціум-100″… Чарговы раз мне давялося вы-ступаць на абласной нара-дзе і весці агітацыю за камп’-ютарызацыю рэдакцыі. Пад час мерапрыемства часта гучала назва “Пенціум”, і я пачуў, як адзін рэдактар, што сядзеў побач, эмацыянальна вымавіў: “А чорт яго ведае, што гэта за “Пэнціюм”! На пенсію пара!”
Напачатку новага тысячагоддзя рэдакцыі сталі карыстацца інтэрнэтам. Гэтая падзея паспрыяла таму, што наша газета стала друкавацца ў Магілёве. Больш не трэба было ездзіць у Бабруйск, у абласную друкарню макет дасылалі спачатку па мадэмнай сувязі, а потым па электроннай пошце. Ад такога павароту мы толькі выгралі: бабруйчане бралі за свае паслугі даражэй і не спяшалі-ся выкарыстоўваць інтэрнэт.
Паралельна з камп’ютарамі ў жыццё газетчыкаў увайшлі першыя дыктафоны, лічбавыя фотаапараты і мабільнікі. Натуральна, што новая тэхніка зрабіла журналісцкую дзейнасць больш аператыўнай і мабільнай, але і пазбавіла той рамантыкі, якая была ў гады маёй маладосці.
Запісала Вольга ЖАРНАСЕК.
* Афсетны друк — тэхналогія, якая прадугледжвае перанос фарбы з друкавальнай формы на матэрыял не напрамую, а праз прамежкавы афсетны цыліндр.