Маладая жанчына пакінула на некалькі дзён малых у халоднай хаце і без прадуктаў харчавання, а сама разам з сябрамі-сабутэльнікамі весела “бавіць” час. Зусім старонні мужчына, які па волі лёсу апынуўся побач, купіў дзецям харч, накарміў бутэрбродамі…
Гэта не сюжэт серыяла, а рэальны факт. Адбылося падобнае некалькі тыдняў назад у адной з вёсак Пратасевіцкага сельсавета, дзе гора-матуля расціла (?) чатырох дзетак.
Учынак жанчыны проста не паддаецца разуменню і тлумачэнню: родныя дзеці вымушаны цярпець такія пакуты ад чалавека, які даў жыццё і абавязаны быў абараніць іх ад любой бяды і непрыемнасці. Ды што там ад бяды — халодная кропля дажджу не павінна намачыць тварык дзіцяці, калі побач маці! А тут… Добра, што побач аказаліся чулыя людзі і гэты выпадак не застаўся незаўважаным з боку адказных асоб. Ёй вынесена апошняе папярэджванне, і, калі падобнае паўтарыцца, то дзеці адразу будуць адабраны…
Увогуле ў раёне прыняты і выконваюцца мерапрыемствы па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Прадстаўнікі праваахоўных органаў, медыкі і педагогі, члены камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх падыходзяць да рашэння задач па абароне правоў падлеткаў шматвектарна і мэтанакіравана. Праблемы стараюцца вырашаць, калі яны толькі пачынаюць з’яўляцца. Пры нават невялікай небяспецы для жыцця і здароўя дзяцей іх забіраюць пад дзяржаўную апеку.
Вось і размова на майскім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама вялася вельмі сур’ёзная. Прысутныя сышліся на думцы, што “выродлівую” сацыяльную праблему, якая ёсць у грамадстве, трэба вырашаць агульнымі намаганнямі, задзейнічаць усе органы ўлады, грамадзянскія інстытуты, грамадскія фарміраванні. Сэнс работы — дайсці да кожнай праблемнай сям’і і, па магчымасці, “вылечыць” яе — дапамагчы ў вырашэнні бытавых і сацыяльных пытанняў. А галоўнае — своечасова заўважыць сумныя дзіцячыя вачаняты і зрабіць усё, каб у іх зноў з’явілася радасць.
— Ёсць дзве катэгорыі нядобранадзейных сем’яў, — гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Алена Фядотава. — Адна — калі лю-дзям хоць крыху дапаможаш, і сітуацыя выпраўляецца да лепшага. Не сакрэт, што сацыяльнае бязладдзе ў асобных сем’-ях узнікае па прычыне пэўных жыццёвых абставін. Самастойна справіцца з імі людзям немагчыма, і любую падтрымку — у тым жа працаўладкаванні ці фінансавай дапамозе — яны прымаюць з удзячнасцю. Ёсць і другая катэгорыя сямей: гэтым колькі ні дапамагай — усё безвынікова. Дарослыя і пальцам не паварухнуць, каб вылезці з “балота”, у якое трапілі. Яны ўжо нічога не хочуць, і да такіх трэба прымаць жорсткія меры.
Каму кінуць “выратавальны круг”?
Падаецца, што прадстаўнікі школьных сацыяльна-педагагічных службаў, якія звычайна прысутнічаюць на раённых пасяджэннях КСН, ведаюць усё да драбніц пра сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці. Яны з упэўненасцю канстатуюць, якім з ячэек грамадства можна і трэба кінуць “выратавальны круг”, а якія яго проста не будуць лавіць.
Таму і пакаранні падлеткам і іх бацькам выносяцца выключна індывідуальна. Так, навучэнцы каледжа Вікторыі Ю. і 9-класніцы САШ № 1 Насці Р. і іх бацькам акрамя сораму і строгай размовы давядзецца заплаціць па 105 тысяч рублёў. Дзяўчаты ў голас паабяцалі, што болей не возьмуць у рукі і шклянку піва, не тое, што больш “сур’ёзную” бутэльку, перад дыскатэкай…
У сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца чацвёра дзетак у сям’і Алены Паркалавай з Цэзарова Градзянскага сельсавета. Жанчына з кастрычніка мінулага года нідзе не працуе. Раней рабіла даяркай у мясцовым калгасе, але кіраўніцтва гаспадаркі вымушана было зволіць яе за прагулы. Увогуле, працаваць жанчына ўмее. Але калі вып’е — усё… Кадзіравалася, раскадзіравалася… Дайшло да таго, што п’яная маці стала пужаць дзяцей суіцыдам… Рашэнне камісіі адназначнае: дзяцей адбіраем!
Жаночы алкагалізм — злаякасны, бо алкагольныя метастазы, здараецца, праяўляюцца ў дзецях. Такім сем’ям — асаблівая ўвага.
Вось перад членамі камісіі маладая жанчына з гадавалым хлопчыкам на руках. Праблема тая ж: п’янкі матулі. Больш таго, жанчына “адпачывае” ў мужчынскай кампаніі на ўлонні прыроды да позняй ночы, а побач знаходзяцца 10-гадовая дачушка і гадавалы сынок… І зноў — ушчуванні, жорсткі кантроль за сямейным станові-шчам. А далей… Словам, усё залежыць ад самой маці.
На мяжы паміж станоўчым і адмоўным балансіруюць няпоўныя сем’і. А крайнімі ў сітуацыі “жыццё не склалася” за-стаюцца дзеці. Не лепшы эфект і ад сужыцельства. Чужыя дзеці “дзядзяў” не цікавяць. Хаця бываюць і выключэнні. У адной з вёсак раёна менавіта сужыцель стараўся накіраваць на правільную дарогу маці і клапаціўся пра яе чацвярых дзяцей…
Які лёс чакае гэтых дзетак?
Асаблівыя ўражанні засталіся ў членаў камісіі ад сустрэчы з жанчынай, якая мае судзімасць за крымінальнае злачынства і, кажуць, на волі засталася выключна “дзякуючы” сваім непаўналетнім дзеткам — 10-гадовай Насці і 2-гадоваму Аляксею. Але і гэта нічаму не навучыла яе: працягвае піць-гуляць, а дзеці — часам да позняй ночы — застаюцца сам-насам на двары… Сацыяльна-педагагічная служба школы бярэ жыццё непаўналетніх дзяцей з гэтай сям’і пад асаблівы штодзённы кантроль. І калі становішча не выправіцца, да маці будуць прыняты адпаведныя меры.
Знешне прывабная жанчына Наталля С. выклікала напачатку спачуванне. Але толькі да таго часу, пакуль не даведаліся, што трое (!) дзетак, на якіх яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў, ужо вы-хоўваюцца ў прыёмнай сям’і. І вось — нарадзіла чацвёртае дзіця і, практычна не маючы сродкаў на існаванне і пастаяннага месца жыхарства, просіць камісію пакінуць ёй немаўля.
Паведамленне загадчыцы дзіцячай кансультацыі Т.Я. Шычко аб тым, што маладая маці мае цяжкае захворванне і дзіця не можа некаторы час наогул жыць разам з ёй, прымусіла па-іншаму глянуць на жанчыну. Які лёс свайму маленькаму сыночку падрыхтавала такая гора-маці?
Тым не менш, каб людзі паверылі ў шчырасць яе просьбы, члены камісіі ўсё ж параілі жанчыне напачатку ўладкаваць жыццёвае пытанне, вызначыцца з сямейным становішчам, а далей — жыццё пакажа. І — паказала: у той жа дзень знікла з ра-дзільнага аддзялення бальніцы і, мусіць, з горада. Зараз яе пошукам займаюцца праваахоўныя органы…