Па выніках агляду-конкурсу школьных лясніцтваў, у якім рэгулярна прымаюць удзел навучэнцы школ горада і раёна, першай у катэгорыі “вясковыя навучальныя ўстановы” была прызнана суполка юных аматараў лесу з Градзянецкай СШ (кіраўнік Аліна Бараноўская). А некалькі дзён таму гэты поспех быў замацаваны ў Магілёве, дзе градзянецкія вучні сталі абсалютнымі пераможцамі абласнога агляду-конкурсу школьных лясніцтваў.
Віншуючы іх, трэба выказаць шчырую ўдзячнасць і ўсім іншым юным землякам, якія добраахвотна дапамагаюць лесаводам раёна. Так, за мінулы навучальны год асіповіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі, аб’яднаныя ў школьныя лясніцтвы, пасадзілі 18 га лясных культур, стварылі дэндрарый у Цэльскім лясніцтве, сабралі 200 кг насення дрэў, зрабілі 400 шпакоўняў і іншых штучных гняздоўяў, агарадзілі 102 мурашнікі.