— Ці не з’яўляецца парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства гандаль ландышамі, які вядзецца на міні-рынках і каля гарадскіх магазінаў?
Анатоль П., г. Асіповічы.
Адказ на пытанне чытача дае дзяржінспектар інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Якушаў:
— У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам катэгарычна забаронены збор і продаж толькі тых раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Ландыш майскі не адносіцца да ахоўваемых відаў, таму парадак яго збору падпарадкоўваецца Правілам нарыхтоўкі другаступенных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання.
Узгаданы дакумент забараняе нарыхтоўку дзіка-рослай сыравіны ў лясах-запаведніках, на тэрыторыі помнікаў прыроды, у гарадах, лесапаркавых зонах і там, дзе канцэнтруюцца расліны-чырвонакніжнікі. На Асіповіччыне пералічаных мясцін няма, таму ніякіх прэтэнзій да людзей, якія збіраюць ландышы ў нашым раёне і гандлююць імі, у IАЖіРС няма.