Хімічныя крыніцы энергіі для аўтаномнага сілкавання разнастайнай электра- і радыёапаратуры, што звыкла называюцца батарэйкамі — тая “дробязь”, без якой немагчыма ўявіць існаванне сучаснага чалавека. Кварцавыя і электронныя гадзіннікі, пульты кіравання бытавой электронікай, мабільныя тэлефоны, многія віды цацак для дзяцей і дарослых, ноўтбукі, фотаапараты, ліхтары — вось далёка не поўны пералік таго, што робіць наша жыццё сапраўды камфортным і не можа працаваць без батарэек альбо мініяцюрных акумулятараў.
Не будзе перабольшваннем лічыць, што сярэднестатыстычная сям’я ў дадзены канкрэтны момант часу мае ў карыстанні недзе 10 разнастайных батарэек, і, як мінімум, палова з іх на працягу года патрабуе замены.
Якія адносіны гэтыя разлікі маюць да аховы навакольнага асяроддзя? Самае непасрэднае. Калі батарэйкі перастаюць працаваць, мы выкідваем іх як звычайныя бытавыя адыходы і не задумваемся аб тым, што кожная з іх уяўляе сабой мініяцюрную хімічную бомбу. Менавіта так: у састаў кожнага элемента сілкавання ўваходзяць цяжкія металы і актыўныя рэчывы, якія здольны пераўтвараць іх у біялагічна актыўныя солі. Трапляючы ў навакольнае асяроддзе, батарэйкі даволі хутка разбураюцца і выдзяляюць субстанцыю, здольную — у залежнасці ад тыпу крыніцы току і яе памераў — забрудзіць ртуццю, нікелем, цынкам, кадміем, свінцом, марганцам альбо іншымі шкоднымі для жывых істот цяжкімі металамі да 20 м² зямлі. Такая плошча ўяўляе сабой арэал існавання двух дрэў, двух кратоў, аднаго вожыка і некалькіх тысяч дажджавых чарвякоў — зусім нямала, калі ўлічыць, што вага батарэечнай “міні-бомбы” складае лічаныя грамы.
Як вядома, цяжкія металы назапашваюцца ў жывых тканках, паступова, праз ежавыя ланцугі, распаўсюджваюцца па ўсёй біясферы, не абмінаючы і чалавека. Па іроніі эвалюцыі менавіта наш від найбольш востра рэагуе на хранічнае атручванне цяжкімі металамі, бо яны ў першую чаргу “б’юць” па найбольш складаных частках арганізма — эндакрыннай сістэме і галаўным мозгу.
Сёння пагроза, якую ўяўляюць прыродзе і чалавеку адпрацаваўшыя хімічныя крыніцы энергіі, адчуваецца востра ва ўсім свеце. Наша краіна не выключэнне, таму яшчэ ў 2009 гэты від адыходаў быў унесены ў Дзяржаўную праграму па зборы і перапрацоўцы другаснай сыравіны.
У лютым гэтага года пачаўся збор сапсаваных крыніц току і ў Асіповіцкім раёне. У пяці самых буйных магазінах горада і рабочага пасёлка Ялізава былі ўсталяваны спецыяльныя кантэйнеры, нагляд за якімі і, адпаведна, утылізацыя сабраных батарэек даручаны ДУКВП “Райсэрвіс”. Але ўзгаданы абавязак не патрабуе ад яго работнікаў шмат сіл і часу. Па стане на 20 мая з дапамогай гэтых кантэйнераў было сабрана… 0 батарэек.
Па меркаванні дырэктара прадпрыемства Аляксандра Маслава, такі “эфектны” старт важнай экалагічнай кампаніі асабіста яго не здзіўляе: ідэя асобнага збору цвёрдых бытавых адыходаў увогуле вельмі цяжка ўкараняецца ў свядомасці беларусаў. Што ж тычыцца непасрэдна батарэек, то сёння ўтвараемую імі пагрозу ўсур’ёз не ўспрымае, бадай, ніхто, таму зрухаў у свядомасці землякоў можна чакаць не адно дзесяцігоддзе.
Песімізм кампетэнтнага камунальніка, які знаёмы з праблемай раздзельнага збору ЦБА ва ўсіх яе аспектах, цалкам зразумелы. Аднак здаецца, што ў барацьбе з батарэйкамі ёсць сэнс паспрабаваць альтэрнатыўныя падыходы. Спажыўцом значнай часткі хімічных крыніц энергіі з’яўляюцца дзеці, дык чаму б не размясціць скрыні для збору адпрацаваўшых крыніц энергіі не ў крамах, а ў школах? Зразумела, ніхто не гарантуе, што рэалізацыя ўзгаданай прапановы дасць станоўчы вынік, але ж і горш ад яе не будзе. Тым болей, што зрабіць такую скрыню можна хутка і амаль без матэрыяльных выдаткаў.