На Хойніцкі раён прыйшоўся адзін з мацнейшых удараў Чарнобыльскай катастрофы. Адразу пасля аварыі забруджаную радыенуклідамі тэрыторыю пакінула болей 10 тысяч жыхароў. З медыкаў выехалі адзінкі…
Пра першыя дні свайго “чарнобыльскага шляху” расказвае Наталля Фаміна — адна са шматлікіх жанчын-медыкаў, якой прыйшлося працаваць медыцынскай сястрой у Хойніцкай райбальніцы ў тым страшным восемдзесят шостым і яшчэ 10 гадоў пасля.
— Ён быў такім цёплым, той красавіцкі вецер, а сонца такім пякучым, што людзі ўвесь вольны час праводзілі на ўлонні прыроды. Памятаю, з раніцы ў суботу 27 красавіка пафарбавала ў кватэры ўсе вокны, пакінула іх адчыненымі насцеж і пайшла ў гарадскі парк. Дзень быў настолькі прыгожы і па-летняму спякотны, што ніколькі не хацелася вяртацца ў памяшканне. Хто ж ведаў, што гэтыя вецер і сонца былі проста згубныя для людзей?
Толькі ў панядзелак 29 красавіка нам, медыкам, стала вядома пра атамную аварыю. Цалкам зразумець і ацаніць яе маштабы людзі змаглі значна пазней, а тады мы жылі ў звычайным перадсвяточным настроі — праз дзень, за выключэннем тых, хто быў на дзяжурстве, усім медыцынскім калектывам выйшлі на першамайскую дэманстрацыю.
3 мая мяне накіравалі вывозіць цяжкахворых жыхароў з вёсак Уласы і Чамкоў, што па-трапілі ў 30-кіламетровую зону адчужэння. Мы ехалі па лесе, стаяла вясна, а дрэвы, асабліва грабы, замест веснавой яркай зелені ўмомант сталі чорнымі. І гэта было жудасна…
У пачатку мая 1986 года кіраўніцтвам былога СССР было прынята рашэнне аб эвакуацыі з горада Хойнікі і раёна ўсіх дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў разам з маці, а таксама цяжарных жанчын. Іх было запланавана размясціць у санаторыях, дамах адпачынку, пансіянатах і заводскіх прафілакторыях, піянерскіх лагерах у адпаведнасці з зараней складзенымі ва ўсіх дзіцячых установах спісамі. Размяшчаць дзяцей на новых месцах меркавалася такім чынам, каб яны былі разам з таварышамі па класах і групах, з тымі ж самымі выхавацелямі і настаўнікамі. Гэта не толькі садзейнічала большай арганізаванасці ад’езду і пражывання, але і павінна было зменшыць цяжар псіхалагічнага стрэсу, якому дзеці і дарослыя падвергліся.
Іх вывезлі з раёна 7 мая. Гэты дзень многім запомніўся не толькі эвакуацыяй, але і тым, што ў раёне практычна не працаваў аўтобусны транспарт — уся тэхніка была задзейнічана на адпраўцы насельніцтва. Акрамя ўсіх хойніцкіх аўтобусаў, людзей вывозілі на транспарце з многіх гарадоў рэспублікі — усяго калона налічвала больш за 300 аўтобусаў. Гэта — шок для пацярпелых, людзі былі вымушаны кідаць набытую доўгімі гадамі і цяжкай працай маёмасць, зямлю, дзе вякамі жылі іх продкі, пакінуць усё. Як жыць далей, дзе і на што? Менавіта гэта стала прычынай многіх захворванняў нервовай сістэмы. Тыя тыдні і месяцы, як і наступныя гады, былі для перасяленцаў вельмі цяжкімі. Той, хто гэтага не перажыў, не зможа ацаніць маштабаў трагедыі…
А пасля пачаліся новыя працоўныя будні. Іх спецыфіка, у адрозненне ад ранейшага ладу жыцця, была ў тым, што не хапала ўмелых і працавітых жаночых рук у медыцыне, на прадпрыемствах гандлю, у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Ды і сямейным мужчынам, якія прывыклі да клапатлівага жаночага догляду, даводзілася асвойваць няпросты халасцяцкі быт: самастойна гатаваць ежу, прыбіраць у кватэры, мыць бялізну, у прыватных дамах яшчэ і даглядаць жывёлу, сад і агарод.
Выпадковыя з’яўленні тым летам дзетак на хойніцкіх вуліцах успрымаліся са змешанымі пачуццямі: здзіўленнем, настальгіяй па сваіх і трывогай за тое, каб гэтае дзіцятка не хапнула тут залішняй радыяцыі. Таму нават да незнаёмых бацькоў людзі падыходзілі і раілі хутчэй пакінуць горад.
А яшчэ той час запомніўся перапоўненымі міжгароднімі аўтобусамі па выхадных: мужчыны ехалі праведаць сям’ю…
Праз некаторы час мяне накіравалі зноў на раён — правесці дазіметрыю. Гэта было страшна. Стрэлкі дазіметра калыхаліся пры замеры радыяцыйнага фону ва ўсіх канцах Хойніцкага раёна, а самы вялікі ўзровень радыяцыі “выдавалі” кусты квітнеючых бэзу, язміну і чаромхі. 9 і 10 мая 1986 года з 30-кіламетровой зоны вывозілі ўжо жывёлу…
Памятаю, як зайшла ў адну з хат, дзе яшчэ былі гаспадары. Гаспадыня рыхтавалася да Вялікадня — стаяла рэшата нафарбаваных яек, ляжалі вэнджаныя кумпякі і напечаныя кулічы.
— Пачастуй Наталлю Іванаўну, — звярнуўся да жанчыны гаспадар.
— Ды ці будзе яна есці гэта? — ціха перапытала тая.
І зусім не пакрыўдзілася на маю адмову, а толькі цяжка ўздыхнула… Прадуктамі з падворкаў і агародаў харчавацца ўжо было нельга. Кароў даілі, а малако вывозілі — піць яго забаранялася…
Пазней да нас у бальніцу сталі ехаць вучоныя і ўрачы са сталіцы, іншых гарадоў краіны і замежжа. Прыязджалі са сваім абсталяваннем, якога многія з нас на той час не бачылі ў вочы: УЗ-апаратамі, камп’ютарамі, мабільнымі ЭКГ. Разам з камандзіраванымі маталіся па раёне і мы. Аглядвалі пацыентаў, бралі кроў на аналізы, ноччу везлі яе ў Гомель, а раніцой — зноў на работу, да людзей. Праз час у Хойніках узвялі новую бальніцу з самым сучасным абсталяваннем, але медыкаў сваіх не хапала — урачы працавалі вахтавым метадам.
Цяпер, праз дваццаць пяць гадоў з дня аварыі на ЧАЭС, магу ўспамінаць і гаварыць аб тых жахлівых днях даволі спакойна. А тады гэта была трагедыя для ўсіх нашых Хойнікаў, бяда для ўсёй Беларусі. Вельмі хвалявалася за родных дзяцей: Святлана на той момант вучылася ў Гомельскім інстытуце чыгуначнага транспарту, Аляксандр служыў у арміі. Праз некаторы час Святлана ў складзе будаўні-чага студэнцкага атрада ўзводзіла ў раёне новыя жылыя домікі — яны тады пабудавалі цэлую вёску для перасяленцаў, якую назвалі Вялікі Бор.
Час лечыць раны. Даўно сталі дарослымі нашы дзеці. Дачка пасля заканчэння інстытута патрапіла ў Асіповічы, працуе на чыгунцы, прыехаў сюды і сын з сям’ёй. І нас з бацькам да сябе пераманілі. Мы з мужам Сцяпанам Цігранавічам, таксама ліквідатарам-чарнобыльцам — ён доўгі час працаваў у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным заказніку дазіметрыстам — маем чатырох цудоўных унукаў. Малодшы, да слова, вучыцца ў САШ-2, любіць жывапіс, робіць цудоўныя карціны з бяросты, чым вельмі радуе бабулю з дзядулем. Жыццё працягваецца…
Жыццядзейнасць гэтых людзей на забруджанай тэрыторыі не прайшла бясследна для іх здароўя. Але, як і многія іншыя спецыялісты, яны там выконвалі вельмі патрэбную і важную на той момант работу. І іх сціплы ўклад у барацьбу з нябачнай бядой не забыты.
Он освобождал Осиповичи. 28 июня — День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков
28 июня 2025
Общество
Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака
28 июня 2025
Власть
Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий
27 июня 2025
Общество
В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”
27 июня 2025
Общество
В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”
27 июня 2025
Власть
ЕАЭС 2.0. Лукашенко обозначил контуры обновленной версии экономического союза