Вы ўсё яшчэ думаеце, што работа ў калгасе — не для маладых? Тады вам варта з’ездзіць у “Карытнае” і на свае вочы пераканацца, што юнакам і дзяўчатам пачынаць свой працоўны шлях у сельгаспрадпрыемстве падабаецца. Усе, хто на гэтым здымку, адносяцца да групы маладых спецыялістаў, праўда, стаж маюць розны. Напрыклад, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку Віктар Юдзін, сам, дарэчы, асіпаўчанін, працуе ўжо амаль два гады, а вось аграном Максім Юшкевіч і галоўны ветурач Вікторыя Навіцкая прыехалі ў “Карытнае” толькі ў сакавіку.
Канечне, нельга гарантаваць, што ўсе гэтыя абаяльныя дзяўчаты і хлопцы застануцца тут і пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі, аднак пэўнае спадзяванне ёсць. І вось чаму. Менавіта на сёлета гаспадарка мае грандыёзныя планы: тут збіраюцца зрабіць рэканструкцыю трох кароўнікаў пад дойны статак і памяшкання для цялят да 3-месячнага ўзросту, пабудаваць новую абору, даільны зал, зрабіць капітальны рамонт Дома жывёлавода, каб там працаўнікі ферм маглі прыняць пасля работы душ, якасна адпачыць у перапынак. Атрыманы ўжо і крэдыты для ажыццяўлення намечанага. І, натуральна, будзе ўзрастаць колькасць жывёлы, а, значыць, павялічыцца вытворчасць прадукцыі. А гэта раўназначна ўмацаванню эканамічных пазіцый сельгаскааператыва.
І адзін з галоўных аргументаў на карысць моладзі — у 2011-м у калгасе плануецца здаць 10 дамоў. Імі, у першую чаргу, і будуць забяспечвацца маладыя спецыялісты. На першы ж час ім прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце, пры жаданні жыллё можна зняць. Карацей, праблемы ў гэтым плане не існуе. Працуй, дасягай добрых вынікаў, будуй сваё вясковае жыццё. Ёсць перспектывы ў калгаса, будуць яны і ў яго маладых работнікаў. У прынцыпе, ад іх ужо зараз залежыць вельмі многае.