Залатыя медалі атрымалі 15 лепшых выпускнікоў Асіповіччыны

Залатыя медалі атрымалі 15 лепшых выпускнікоў Асіповіччыны

I медалісты, і іх бацькі з настаўнікамі дакладна ведаюць, што кошт залатога медаля вымяраецца колькасцю ўкладзенай працы ды розных перажыванняў-хваляванняў. Медаль — дарослая ўзнагарода за дзіцячыя гады старання.

I прыемна, што з цягам часу прэстыж ведаў толькі ўзрастае.

9 чэрвеня ў райвыканкаме адбылося ўрачыстае ўручэнне заслужаных узнагарод лепшым выпускнікам Асіпо-віччыны,   удзел у якім прынялі адміністрацыі вучэбных устаноў і класныя кіраўнікі, мамы і таты, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі медалістаў: матэрыяльная падтрымка таксама не лішняя.

З прывітальным словам да моладзі звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна. Яна падкрэсліла, што на гэтых юнакоў і дзяўчат раён мае асаблівыя спадзяванні. Творчыя, ініцыятыўныя, дасведчаныя кадры патрэбны заўсёды. Атрыманыя ў школе веды найвышэйшай якасці дапамогуць выпускнікам адчыніць дзверы самых прэстыжных ВНУ краіны.

Пра кожнага з медалістаў — іх сёлета 15 — падрабязна расказалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

I, характарызуючы, падышлі да гэтай задачы рознабакова і крэатыўна. Адчувалася, што вучнямі сапраўды ганарацца, развітваюцца з імі з сумам у душы. Але ёсць нагода і радавацца: пуцёўкі ў вялікае жыццё атрыманы, засталося толькі адзначаць у іх кропкі новых перамог.

Ад імя бацькоў выказала прызнанне ўсім, хто меў дачыненне да вучобы дзяцей, настаўніца нямецкай мовы СШ № 4 Наталля Пацкевіч. А гімназіст Арцём Шагаеў упэўнена гаварыў аб тым, што медалісты-2017 пастараюцца трымаць марку і далей набываць новыя якасныя веды, каб быць паспяховымі і ў будучым працоўным жыцці. А школа назаўсёды застанецца ў памяці светлым і радасным востравам дзяцінства. Шчыра віншавала “імяніннікаў” з найважнейшай падзеяй у жыцці і дала наказ ніколі не пасаваць перад цяжкасцямі класны кіраўнік 11 класа Ялізаўскай СШ Алена Мурог.

Урачыстая сустрэча стала добрай нагодай узнагародзіць і лепшых школьнікаў-спартсменаў, якія дасягнулі выдатных вынікаў. Напрыклад, выпускнік СШ № 1 Уладзіслаў Рагалевіч — неаднаразовы прызёр і пераможца чэмпіянатаў свету і Еўропы па тайландскім боксе, а 9-класнік з гімназіі Ян Абрамчык — прызёр чэмпіянату Еўропы па кікбоксінгу. Прэміі таксама атрымалі вучаніца СШ № 4 Кацярына Пракопчык і гімназіст Дзмітрый Андрыевіч. Акрамя Дзмітрыя, усе выхаванцы мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Падзячныя лісты старшыні райвыканкама атрымалі таксама трэнеры і бацькі.

За прадукцыйную работу ў алімпіядным руху, асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей навучэнцаў пасведчанне аб узнагароджанні прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў уручылі настаўніку-метадысту Таццяне Амбрушкевіч.

А цяпер — расказ пра кожнага з медалістаў. I няхай не крыўдуюць яны на тое, што не пералічылі ўсіх дасягненняў, месцаў-дыпломаў — для гэтага трэба адводзіць не адну старонку, а некалькі нумароў “раёнкі”. Дарэчы, многія ўжо не раз былі героямі артыкулаў “Асіповіцкага краю”. Ёсць упэўненасць, што будзе яшчэ шмат нагод пісаць пра гэтых таленавітых маладых людзей. А атрыманыя медалі няхай застануцца для юнакоў і дзяўчат прыемным фактам пацвярджэння іх вышэйшай пробы на ўсё жыццё!

Уладзіслава Абразцова,

гімназія

Асаблівы інтарэс і здольнасці дзяўчына праяўляла ў спасціжэнні гуманітарных навук. Добра валодае замежнай мовай. У 10 і 11 класах была прызёрам раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Умее мысліць нестандартна і крэатыўна, знаходзіць практычнае прымяненне сваім ведам. Гэта дзяўчына самастойная. Мае сваю кропку гледжання і можа аргументавана яе адстаяць. Нярэдка з’яўлялася ініцыятарам добрых спраў. Заўсёды спагадлівая ва ўзаемаадносінах з людзьмі. А самая запаветная яе мара — здзейсніць кругасветнае падарожжа. Само прозвішча медалісткі абавязвае быць узорам і ў вучобе, і ў паводзінах для іншых.

Арына Гапоненка,

гімназія

Заўсёды была здольнай вучаніцай, а засвойваць веды дапамагалі добрая памяць і развітае лагічнае мысленне. Атрыманую інфармацыю ўмее аналізаваць, выдзяляць галоўнае і рабіць правільныя вывады. Вольны час з задавальненнем пры-свячае чытанню мастацкай літаратуры. Сур’ёзна сябруе дзяўчына і са спортам: у складзе гімназічнай каманды прымала ўдзел у раённых спаборніцтвах па спартыўных гульнях і лыжных гонках, дзе займала прызавыя месцы. Скончыла дзве дзіцячыя школы мастацтваў: № 1 — па класе харэаграфіі і фартэпіяна, № 2 — па класе гітары.

Лізавета Крэхалёва,

гімназія

За час вучобы зарэкамендавала сябе як старанная і адказная вучаніца. Умее паслядоўна і прыгожа выказваць свае думкі. Мае шырокі светапогляд. Прымала ўдзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях па гісторыі ў Маскве і Кіеве, дзе была адзначана пахвальным лістом і Дыпломам II ступені. Займаецца танцамі. Выступала на конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў. Iніцыятыўная, выканаўчая, даручаную справу заўсёды даводзіць да канца. У Лізаветы сфарміраваны такія якасці, як таварыскасць, гуманізм, развітае пачуццё справядлівасці. Дапамога людзям — вось крытэрый, па якім яна выбірае свой будучы шлях.

Паліна Лапікава,

гімназія

У характары ў значнай ступені праяўляюцца рашымасць, энергічнасць, здольнасць хутка дзейнічаць, мэтанакіраванасць. Лідарскія якасці дзяўчыны былі заўважаны, і Паліна мела магчымасць іх рэалізаваць. Яна член маладзёжнага парламента, які дзейнічае пры раённым Савеце дэпутатаў, прэзідэнт органа самакіравання навучэнцаў “Гімназічная ліга”. Дзяўчына заўсёды з цікавасцю і задавальненнем бярэцца за справу, прымала актыўны ўдзел у грамадска-карыснай працы.

Наталля Сіваракша,

гімназія

На ўроках заўсёды была ўважлівай, дысцыплінаванай. Неаднаразова прымала ўдзел у школьных, раённых і абласных алімпіядах па беларускай мове, грамадазнаўстве, фінансавай граматнасці — станавілася прызёрам і пераможцам. Вясёлая і жыццярадасная, эмацыянальная і працаздольная, настойлівая ў дасягненні пастаўленых мэт — гэта ўсё пра яе. Заўсёды ахвотна бралася за класныя справы. Не раз была вядучай мерапрыемстваў на гімназічнай сцэне — мае артыстычныя якасці. Па меркаванні Наталлі, галоўнае, чаму яе навучылі ў “alma mater”, — правільна расстаўляць прыярытэты.

Анастасія Шухава,

гімназія

Шмат чытае, валодае добрай памяццю, умее лагічна і паслядоўна выказваць свае думкі. Праяўляла цікаўнасць як да прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, так і да гуманітарных. Мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Паспяхова спраўлялася з задачамі капітана гімназічнай каманды па інтэлектуальных гульнях “Могучая кучка”. Пераможца і прызёр раёна, вобласці, удзельніца рэспубліканскага турніру. Нязменны рэдактар прэс-цэнтра гімназіі “VITA”. Сфера, якая найбольш цікавіць і можа стаць прафесійным выбарам, — праграмаванне.

Арцём Шагаеў,

гімназія

Жыццёвае крэда юнака: “Хто змагаецца — можа прайграць, а хто не стаў змагацца — ужо прайграў”. Таму хлопец не выбірае лёгкіх шляхоў. Па характары ўраўнаважаны, вытрыманы, камунікабельны, тактоўны, прынцыпіяльны. Узаемаадносіны з аднакласнікамі і педагогамі базіраваліся на ўзаемаразуменні, падтрымцы, супрацоўніцтве. Шмат чытае. Пастаянна працуе над сабой. Неаднаразова паспяхова ўдзельнічаў у школьных, раённых і абласных алімпіядах і конкурсах па англійскай мове. Дапытлівасць прывяла ў інтэлектуальную зборную. Любімая гульня юнака, азы якой спасціг з малых гадоў, — шахматы. У прафесійным плане яго прываблівае банкаўская справа.

Дар’я Пацкевіч,

СШ № 1

Усяго адной дзясятай бала не хапіла ёй, каб бал атэстата быў 10. Але гэта ніколькі не засмучае, бо павінна быць прастора для ўдасканалення. Галоўнае для дзяўчыны — па-стаянны рух наперад, гармонія і любоў да свету. Любімая фігура — круг як сімвал дружнай сям’і, вернага сяброўства. Мае асаблівую любоў да паэзіі, некалькі твораў, у тым ліку і напісаны аднакласнікам, паклала на музыку. Не расстаецца з гітараю і ўвогуле не мысліць сябе без творчасці. Маючы добрыя вакальныя дадзеныя, была пастаяннай удзельніцай раённага конкурсу “Творчыя ўзлёты”. Валанцёрскі рух таксама яе накірунак. А галоўная мэта — зрабіць свет, у якім жывём, крыху лепшым. Збіраецца спасцігаць камп’ютарныя тэхналогіі.

Алена Маркава,

СШ № 1

Бал яе атэстата — 9,9! Дзяўчына валодае лідарскімі якасцямі. Цудоўная дыкцыя дазволіла шмат разоў быць вядучай школьных і раённых мерапрыемстваў. Выдатна ведае нямецкую мову. Займала прызавыя месцы ў абласным конкурсе эсэ, сачыненняў  эпісталярнага жанру і іншых. За што б ні бралася, усё робіць з душою і вялікай адказнасцю. Жыццёвыя прыярытэты дзяўчына вызначыла так: сям’я, здароўе блізкіх людзей і развіццё. На працягу многіх гадоў мэтанакіравана спасцігае складаныя навукі — біялогію і хімію. Марыць стаць урачом.

Уладзіслаў Сямёнаў,

СШ № 1

Чалавек яркі і неардынарны.  Сур’ёзна захапляецца гісторыяй і адносіць яе да цікавейшай з навук. З дзяцінства марыць стаць прафесійным абаронцам Радзімы, таму любіць дапрызыўную падрыхтоўку, а ваенную форму прымярае з павагаю і сапраўдным захапленнем. Член школьнага навуковага таварыства “Шукальнік”. У жыцці важнай справай лічыць сяброўства, беражлівыя адносіны да акаляючага свету. Упэўнены, што настойлівай працай можна дасягнуць многага. Сярод захапленняў — рыбалка. Па характары добры, разважлівы, ураўнаважаны. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.

Андрэй Жыдовіч,

СШ № 2

Званне “Вучань года” сярэдняй школы № 2 2017 года — вынік шматгадовай і мэтанакіраванай работы Андрэя. Член маладзёжнай суполкі, аматар музеяў, школьны сцяганосец на ўрачыстых лінейках, пастаянны ўдзельнік самых розных акцый і конкурсаў, чалавек, які ведае і цікавіцца гісторыяй краіны і роднага краю. Ужо ў пачатковых класах паспяхова далучыўся да алімпіяднага руху і зарэкамендаваў сябе трывалым выдатнікам. Яго любімы прадмет — хімія. А глыбокія веды хлопца пацвярджаюцца неаднаразовымі перамогамі на алімпіядах. У школе мяркуюць, што юнаку будзе пасаваць менавіта медыцынскі халат.

Таццяна Мялешка,

Ялізаўская сярэдняя школа

Дзяўчына выдзяляецца ўстойлівай матывацыяй на атрыманне глыбокіх ведаў і выбар прафесійнага шляху. Заўсёды арганізаваная і сабраная. Ёй характэрныя высокі інтэлектуальны ўзровень і здольнасць да дакладных і гуманітарных навук. Была стыпендыяткай фонду Йова Лаяніца. Шчырая, спагадлівая, адказная. Iмкнецца спланаваць сваю дзейнасць і прытрымлівацца плана, размяркоўваючы час на выкананне задуманага. Неканфліктная, узнікаючыя ва ўзаемаадносінах праблемы ўмее вырашаць на аснове кампрамісу. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, займалася харэаграфіяй. Галоўнае — не баяцца марыць і ісці да сваёй мэты, лічыць Таццяна.

Алена Хлус,

СШ № 4

Дзяўчына творчая, мае рознабаковыя інтарэсы. Iмкнецца прытрымлівацца прынцыпу: “Сёння я настойліва працую для таго, каб заўтра пакарыць новую вяршыню”. Не спыняе невядомасць перад чымсьці новым. Наадварот, Алена заўсёды імкнецца да адкрыццяў, з захапленнем займалася даследчай дзейнасцю. Яе работа на тэму “Паходжанне прозвішчаў настаўнікаў і вучняў нашай школы” заняла II месца на абласным конкурсе. Выпускніца прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы, была сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ. У людзях дзяўчына цэніць сумленнасць, тактоўнасць, шчырасць і ўменне сябраваць. Усмешку лічыць спосабам дзяліцца радасцю з тымі, хто побач.

Караліна Жук,

Каменіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа

 Актыўная ўдзельніца культурна-масавых мерапрыемстваў школы і класа. Пераможца і прызёр школьных, раённых і дыстанцыйных алімпіяд па нямецкай мове, фізіцы. Эрудзіраваная, ветлівая і спагадлівая дзяўчына. За гады вучобы праявіла сябе толькі са станоўчага боку. Любоў да працы, адказнасць, самадысцыпліна, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу — вось галоўныя якасці выпускніцы. Не толькі ў вучобе, але і ў грамадскіх справах яна заўсёды наперадзе. Вельмі любіць чытаць, захапляецца бісерапляценнем, вышывае крыжыкам. Аматар падарожжаў, разам з бацькамі пабывала ў многіх куточках роднай Беларусі.

Святлана Пірагова,

Ліпенскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа

9 класаў скончыла ў Вязаўніцы, добра сябе зарэкамендавала і ў новай установе адукацыі. У 10 і 11 класах была пераможцай школьнага конкурсу “Лідар сярод нас”. Мае рознабаковыя інтарэсы: удзельніца творчых конкурсаў, алімпіяд па вучэбных прадметах, стваральнік відэаролікаў. Дзяўчына — адміністратар садружнасці “Музей Ліпенскай школы” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Арганізатар і ўдзельнік краязнаўчых квестаў. Iнтэрнэт і работа на камп’ютары — яе стыхія. Відэафільм “Таленты роднага краю” аб асіповіцкай паэтэсе Марыі Цімінскай заняў прызавое месца на абласным конкурсе.

Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніна ЦАРЫК.

Последние новости

Власть

“Надо решать вопрос”. Лукашенко поручил разобраться с проблемами на “АМКОДОРе”

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Создать условия для людей. Лукашенко обозначил задачи по развитию поселков городского типа

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

Тематическую прямую телефонную линию проведет и.о. первого заместителя начальника Могилевской таможни Дерезовский Дмитрий Евгеньевич

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко во время рабочей поездки в Витебскую область посетил Оршанский лесхоз

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость