Сыход снегу традыцыйна дае старт вясенняй кампаніі па навядзенні парадку на зямлі.
23 сакавіка адбыўся першы вясенні рэйд, падчас якога прадстаўнікамі райэкалогіі, ДДЛГУ «Асіповіцкі доследны лясгас” і «раёнкі” быў агледжаны шэраг адрасоў, дзе па папярэдняй інфармацыі пасля зімы можна было сустрэць «смеццевую жудасць”.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што змрочныя прагнозы спраўдзіліся толькі часткова: нельга сказаць, што ўсе агледжаныя тэрыторыі былі ў ідэальным стане, але са-праўды ўражваючых памераў бязладдзе было выяўлена толькі на кантэйнернай пляцоўцы гаражнага кааператыва «Аўтааматар № 1”. Праўда, на момант правядзення рэйду там ужо працаваў пагрузчык.
Аднак добраўпарадкаванне населеных пунктаў — гэта не толькі барацьба са смеццем. Яго важны кампанент — стварэнне зручных умоў існавання для чалавека. І вось тут, на жаль, Асіповічам ганарыцца можна не ўсім. Прыклады?
Брукаваная дарожка, якая злучае гандлёвы цэнтр «Сіці-Мол» з масівам жылых дамоў на перакрыжаванні вуліц Сумчанкі і 60 гадоў Кастрычніка, спраектавана так, што падчас таяння снегу альбо выпадзення больш-менш значнага дажджу пераўтвараецца ў глыбокае возера з багністымі берагамі…