Каля сотні чалавек сабралася на справаздачна-выбарны сход у СВК “Калгас “Новы шлях” 23 сакавіка. На парадку дня стаялі розныя пытанні, якія дазволілі рознабакова разгледзець і прааналізаваць дзейнасць гаспадаркі за мінулы год, паставіць задачы на бягучы.
З дакладам выступіў старшыня Аляксандр Гамеза. Акрамя агульных звестак пра гаспадарку (плошча сельгасугоддзяў — 3.089 гектараў, у тым ліку ворнай зямлі — 1.733 га, бал ворыва — 34,6), кіраўнік спыніўся і на канкрэтных лічбах мінулага года. У цэлым СВК, улічваючы складаныя кліматычныя ўмовы, спрацаваў добра: выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 5.422 млн. рублёў — 110,5% у адносінах да папярэдняга перыяду. І гэта адзін з лепшых вынікаў у раёне сярод сельгаспрадпрыемстваў. Узрасла на 4% колькасць буйной рагатай жывёлы (1.822 галавы) і свіней (1.110). Вытворчасць малака склала 2.962 тоны (103%), рэалізацыя — 2.434 тлустасцю 3,73%. Надой ад каровы — 5.818 кілаграмаў (+116). Палепшылася якасць малака — напрыканцы 2010 гаспадарка пачала хоць і ў невялікіх аб’ёмах, аднак атрымліваць “экстру”. Мінулагодні вал зерня ў бункернай вазе — 2.098 тон, ураджайнасць — 29,3 ц/га. Парадавала бульба: вырашчана 424 тоны (159%), кожны гектар урадзіў па 283 цэнтнеры. Адбыўся і рост зарплаты — яна стала на 25% большай і склала 724,1 тысячы рублёў.
Належнымі тэмпамі вялося будаўніцтва: летась узве-дзена 4 дамы прысядзібнага тыпу ў Яноўцы. На ўсіх МТФ ужо ўстаноўлены малакаправоды, зроблены рамонт сістэмы водазабеспячэння, прычым за асабістыя сродкі.
Старшыня ў дакладзе паказаў магчымыя шляхі зніжэння выдаткаў: аптымальна балансуючы рацыён па спажыўнасці, больш рацыянальна расходаваць кармы, якія пераважна павінны быць сваёй вытворчасці; знізіць трату электраэнергіі, у тым ліку за кошт скарыстання мясцовых відаў паліва. Галоўныя мэты, пастаўленыя перад СВК — самафінансаванне, самаакупаемасць.
Трымалі справаздачу аб зробленым і галоўныя спецыялісты. Так, галоўны інжынер Віктар Шэўчанка расказаў, як зарэкамендавала сябе новая тэхніка, у прыватнасці, якаснай аказалася работа сушылкі: зерне захавалася выдатна. Паведаміў і аб гатоўнасці парку да вяснова-палявых работ.
Галоўны аграном Віктар Юрчанка прааналізаваў леташні ўраджай і паказаў мэтазгоднасць выкарыстання рэгулятараў росту. Вырашана ў гаспадарцы пашыраць плошчы пад бульбу. Збіраюцца гэтай вясною пасеяць тут і піваварны ячмень на 30 гектарах — справа новая, крыху рызыкоўная, але пры станоўчым раскладзе павінна даць добры прыбытак.
Іншыя галоўныя спецыялісты паведамілі, як ідуць справы ў астатніх кірунках. Адметна, што прысутныя ў зале не былі пасіўнымі, выказвалі свае заўвагі і прапановы, задавалі пытанні.
Эмацыянальным было і завяршэнне сустрэчы: Аляксандр Гамеза звярнуўся да калгаснага сходу з просьбай задаволіць яго заяву аб вызваленні ад займаемай пасады па прычыне змены месца жыхарства. Ён падзякаваў усім за працу і выказаў меркаванне, што сумесная дзейнасць была прадуктыўнай — разам гаспадарку не толькі захавалі, але і прымножылі. За добрасумленную работу Аляксандру Мікалаевічу выказалі падзяку начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Поклад і галоўны спецыяліст па кадрах Галіна Грудовіч, якія ўручылі кветкі і каштоўны падарунак ад райвыканкама.
Тут жа, на сходзе, быў выбраны новы старшыня — Віктар Строк, які раней працаваў намеснікам дырэктара філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. “Новы шлях” адкрывае новую старонку сваёй гісторыі. Верыцца, што не менш плённую.