Любоў да дзяцей і роднай мовы прывяла Вікторыю Дайнеку на факультэт славянскай філалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівер-сітэта імя А.Куляшова, дзе дзяўчына яшчэ больш палюбіла творчасць айчынных пісьменнікаў ХХ ст.
Пасля заканчэння вучобы работу па спецыяльнасці “настаўнік беларускай мовы і літаратуры” ў родным Магілёве яна не знайшла, таму вырашыла па-ехаць у сельскую мясцовасць. Так Вікторыя разам з мужам Антонам Дайнекам, настаўнікам фізкультуры, апынуліся ў нашым раёне. Зараз яны жывуць у новым калгасным доме ў Каўгарах і разам працуюць у Дараганаўскай школе.
Адаптацыя да тутэйшых умоў прайшла без асаблівых праблем. Калі ж на пачатку не даставала ведаў, дзяўчына без засмучэння звярталася за дапамогай да старэйшых калег.
Па словах маладой спецыялісткі, сельскія дзеці амаль нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. Агульную мову з вучнямі яна знайшла даволі хутка, стала класным кіраўніком 9-класнікаў.
— Наша праца не сканчаецца, як толькі выходзіш за школьныя сцены, — адзначае Вікторыя Дайнека. — Як правіла, кожны вечар трэба рыхтавацца” да наступных заняткаў. З мужам адзін аднаму не надакучваем, бо прыходзім у школу ў розны час.
Прафесію сваю мы вельмі любім, але любім і адпачываць. Асабліва за межамі Беларусі. Не аднойчы былі на Чорным і Азоўскім моры. Хацелася б яшчэ з’ездзіць разам у горы. Для пачатку — хаця б у Карпаты.