Асіповічы: коратка аб розным

20 мая ў будынку раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў межах рэспубліканскай акцыі “Ноч музеяў” пройдзе тэматычная праграма “У шэсць гадзін вечара пасля вайны”. Пачатак у 18.00. Кошт білетаў 2,50 руб.
У нядзелю, 21 мая, у 11.40 на тэлеканале “Беларусь 3” адбудзецца перадача “Наперад у мінулае” з удзелам народнага ансамбля народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага Дома культуры. Тэлегледачы стануць віртуальнымі ўдзельнікамі свята Юр’я, адроджанага па ініцыятыве мясцовых аматараў беларускай народнай культуры.
У аддзеле ЗАГС райвыканкама 13 мая, напярэдадні Міжнароднага Дня сям’і, зарэгістравалі шлюб тры пары: Сяргей Міхадзюк і Святлана Самсоннік, Станіслаў Жук і Ксенія Давідовіч, Мікалай Станкевіч і Вера Астраўко. Усім маладажонам уручаны памятныя падарункі.
“Радуга” — так называецца свята для ўсёй сям’і, якое адбудзецца сёння ў РЦК у 17.00. Арганізатары — раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. У праграме — гульнёвая і канцэртная праграмы.
Асіповіцкім доследным лясгасам за вясенні перыяд пасаджана 262 га лясных культур, у тым ліку елкі — 120, сасны — 100, дуба — 30. Акрамя гэтага, селекцыйныя насаджэнні атрымалі прапіску на 200 га, з закрытай каранёвай сістэмай — амаль на 50. У гадавальніку закладзены пасевы асобных культур на плошчы каля 3 га.
Натарыяльнай канторай раёна за I квартал ажыццёўлена 1088 натарыяльных дзеянняў. Самыя распаўсюджаныя — даверанасць (189), выканаўчыя надпісы (188), згоды (160).
Новы від прадукцыі — бланкі для афармлення пашпарта, рэгістрацыі па месцы жыхарства, кватэрнага ўліку — можна набыць з гэтага тыдня ў гандлёвых кропках Асіповіцкага філіяла ААТ “Магілёўсаюздрук”: у павільёне па вуліцы Паркавай і кіёсках № 2 і № 3 — на “Чарняхоўцы” і ля магазіна “Дуэт” адпаведна.
