У якіх сферах сёння лакалізуецца асіповіцкая працоўная моладзь? Пра гэта і іншае можна даведацца з сацыяльнага пашпарту раёна, складаннем якога займаецца аддзел па справах моладзі і яго начальнік Ларыса Волкава. Збор інфармацыі па астатніх раённых арганізацыях будзе працягвацца да пачатку мая, і з анкет 25 арганізацый і прадпрыемстваў рэгіёна «АК” даведаўся наступнае.
На 2010 год самай «маладой” арганізацыяй у гэтым спісе з’яўляецца інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах, калектыў якой на 65,1% складаецца з дзяўчат і хлапцоў ад 18 да 31 года і налічвае 28 чалавек. За ёй ідзе раённы аддзел унутраных спраў — 51,6% (94 чалавекі) і ААТ «Гандаль” — 36,6% (127). Самы невялікі працэнт маладых кадраў на кансервавым заводзе — 8,4 (14). І толькі на ААТ «ПМК№ 95 «Вадбуд” працуе моладзь ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 3 чалавекі.
Трэба адзначыць, што толькі ў падатковай інспекцыі ўсе маладыя супрацоўнікі маюць вышэйшую адукацыю. Па колькасці працоўных з падобнай «коркай” лідзіруе завод аўтаагрэгатаў, на якім робяць 92 выпускнікі ВНУ, аднак трэба ўлічваць, што ў штаце завода ўсяго налічваецца 710 маладых кадраў. Найбольш людзей з базавай адукацыяй сярод прадпрыемстваў зафіксавана тут жа — 37 чалавек.
Між іншым, толькі ў падатковай інспекцыі, СП ААТ «Дах”, установе па захаванні матэрыяльных каштоўнасцей «Маяк”, РАУС і філіяле № 722 «АЗБ Беларусбанк” пераважае моладзь з вышэйшай адукацыяй. Спецыялістаў з сярэднеспецыяльнай больш за ўсё ў калектывах установы кіравання магістральных газаправодаў ААТ «Белтрансгаз”, станцыі Асіповічы, дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, ДЭУ № 73, ЖКГ, аўтапарку і кансервавым заводзе. Сярэднепрафесіянальная адукацыя пераважае на камбінаце бытавога абслугоўвання, у лакаматыўным дэпо, ААТ «Гандаль”, філіяле «Белшына-агра”, аддзяленнях паштовай сувязі. Сярэдняя ж прэвалюе ў ДРБУ № 199, АЗАА, раёне газазабеспячэння, шклозаводзе «Ялізава”, малочным камбінаце, ПМК-95, вагонным дэпо і заводзе жалезабетонных канструкцый.
Па колькасці спецыяліс-таў, што замацаваліся на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, лідзіруе дыстанцыя сігналізацыі і сувязі: сёлета на трэці год тут засталіся 10 чалавек.
Больш за ўсё членаў райарганізацыі «БРСМ” на заводзе аўтаагрэгатаў — 55 чалавек. За ім ідуць РАУС і лакаматыўнае дэпо — па 47. А па членству ў «Белай Русі” лідзіруе падатковая інспекцыя — 12.
Больш за астатніх ганарыцца сваімі маладымі су-працоўнікамі СП ААТ «Дах” і шклозавод «Ялізава”: на іх Дошках гонару адзначаны адпаведна 3 і 2 спецыялісты.