У Дараганаўскім комплексна-прыёмным пункце ўжо 13 гадоў касірам-прыёмшчыкам працуе Вікторыя Паходава. Яна і заказы ад насельніцтва прымае, і рамонт адзення ажыццяўляе, і шые на продаж пасцельную бялізну, ручнікі, безрукаўкі. А можа і сукенку, як кажуць, выдаць “на-гара” — на любы густ і выпадак. Прычым выкрайку зрабіць не складае ніякіх цяжкасцей, бо Вікторыя Ула-дзіміраўна — прафесійны закройшчык. Мясцовыя школьніцы не раз звярталіся да яе за паслугамі. Выпускныя ўборы, выкананыя рукамі прафесіянала, — сапраўдны эксклюзіў.
У 80-х гадах яна скончыла швейнае вучылішча ў Днепрадзяржынску. Некаторы час адточвала сваё майстэрства ў Польшчы: у ваенным гарадку Свінтошуў шыла адзенне для салдат. Там пазнаёмілася з вольнанаёмным рабочым, родам з Радуціч, выйшла за яго замуж. Пасля нараджэння дачкі Ані маладая сям’я пераехала на радзіму мужа. Былы калгас імя Ульянава, куды ўладкаваўся на працу муж Мікалай Міхайлавіч, выдзеліў ім жыллё. Неўзабаве з’явіўся на свет і сынок Сяргей. Пасля дэкрэтнага адпачынку жанчына занялася любімай работай.
— За гэты час умовы працы ў Доме быту змяніліся ў лепшы бок. Цалкам адрамантаваны будынак, сталі ўтульнымі рабочыя памяшканні. Новае абсталяванне дазваляе выконваць самыя складаныя швейныя аперацыі. Падведзена гарачая і халодная вада, што вельмі зручна для цырульніка. Дарэчы, пастрыгчыся можна два разы на месяц у прафесіяналаў сваёй справы Ніны Хацько і Святланы Шэйко, якія прыяджаюць з Асіповіч. Усяго ж дараганаўцы і жыхары прылягаючых вёсак могуць атрымаць 11 розных паслуг. Апошнім часам для вясковых гаспадынь прапаноўваем насенне агародніны і кветак, — расказвае яна.
Дома Вікторыя Уладзіміраўна любіць парадаваць родных выпечкай. Частуе ёй і суседзяў. А яшчэ — не здраджвае нацыянальнай украінскай кухні: каму пашчасціла паспытаць цудоўны боршч гаспадыні, той назаўсёды запомніць незвычайны смак гэтай стравы.