Работа Таццяны ГардзіенкІ заўсёды навідавоку, калі атрымліваем квітанцыі аб камунальных плацяжах — вось ужо больш за 10 гадоў працуе яна кантралёрам-цеплавіком у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Штодзень ёй трэба праверыць работу 47 прыбораў уліку цяпла, а гэта значыць, наведаць столькі падвалаў гарадскіх шматпавярховак. Акрамя таго, што трэба зняць паказчыкі і перадаць у вытворча-тэхнічны аддзел УКП ЖКГ, ёй неабходна прааналізаваць дзейнасць лічыльнікаў, вызначыць, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, няспраўнасць, тэрмінова звязацца з адпаведнай службай па рамонту і г.д. А яшчэ сустрэцца са злоснымі неплацельшчыкамі і пераканаць апошніх, што за выкарыстанае цяпло плаціць трэба.
Хоць і не так шмат часу прайшло з таго моманту, як звязала жанчына сваё жыццё з прадпрыемствам, але яна лічыць УКП ЖКГ родным домам. Мусіць, яшчэ і таму, што побач шчыруюць яе родныя людзі.
— Паболей бы нам такіх работнікаў, як Гардзіенкі, — заўважае інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ірына Хічэўская. — Сумленна выканаюць любую даручаную справу. І Таццяна Пятроўна, і Мікалай Іванавіч, які працуе вадзіцелем, — лепшыя працаўнікі нашага прадпрыемства.
Дастойна прадаўжае дынастыю Гардзіенкаў сын Руслан, які з 2007 года працуе тут слесарам КВПіА і паралельна вучыцца на 4 курсе БНТУ — будучы інжынер-цеплатэхнік.