Айчынная iндустрыя казкi №23

Калі
мы хочам змяніць свет да лепшага, мы павінны пачынаць з дзяцей

Астрыд
Ліндгрэн.

Да братоў Грым казкі лічыліся ўсяго толькі не
вартым увагі здабыткам простых людзей. Ніхто з паважаных літаратурных мэтраў іх
не запісваў і, тым больш, не пісаў. Але шматгадовая праца братоў-немцаў дазволіла
пахіснуць гэтае зняважлівае стаўленне і ўвесці казку ў кнігарні, салоны і
палацы. З часоў “перавароту” мінула багата гадоў, але асколкі некалі разбітага
стэрэатыпу ўсё яшчэ даюць аб сабе знаць. У чарговую 25-ую гадавіну святкавання
Сусветнага дня пісьменніка мастацкі кіраўнік узорнага лялечнага тэатра “Ялінка”
Ларыса Мядзведская распавяла “раёнцы” пра беларускую казачную індустрыю і яе
аўтараў, літаратурныя захапленні маленькіх асіпаўчан, а таксама пра
складанасці, з якімі сутыкаецца яе тэатрык.

Варта нагадаць, што “Ялінка” ў гарадской
дзіцячай бібліятэцы існуе з 1989 года, а пад кіраўніцтвам Ларысы Канстанцінаўны
— з 2003 года. Сёння яе рэпертуар уключае больш за тры дзясяткі тэатралізаваных
казак, інсцэніровак і прадстаўленняў на беларускай і рускай мовах. У дзвюх
групах займаюцца каля 15 юных акцёраў.

— Ці ёсць у “Ялінкі” ўлюбёны пісьменнік?

— Пытанне рэпертуару для нас самае балючае, —
адзначае Ларыса Мядзведская. — Аматарскаму дзіцячаму тэатру падыдзе далёка не
кожны твор. Па-першае, тэкст павінны ўпадабаць акцёры, таму загадзя падбіраю
варыянты будучых пастановак, а дзеці вырашаюць, што ім іграць. Па-другое, трэба
ўлічваць магчымасці нашага лялечнага асартыменту, здольнасці артыстаў і мяне,
іх рэжысёра. Ставілі творы Уладзіміра Караткевіча, Мікалая Гогаля, Сяргея
Міхалкова, Мікалая Суцеева ды інш.

Найбольш прыйшліся да душы п’ескі-казкі
лагойскага пісьменніка Міколы Захаранкі, з якім пазнаёмілася дзякуючы дзіцячаму
часопісу “Вясёлка” і яго рубрыцы “Тэатр Васі Вясёлкіна”. Творы Захаранкі
невялікія, дынамічныя, вясёлыя ды асучасненыя. Некаторых дзетак адразу
насцярожыла беларуская мова, на якой напісаны п’есы, аднак калі азнаёміліся з
тэкстам больш грунтоўна, усе прыйшлі ў захапленне. Сёння ў нашым рэпертуары 6
рэчаў гэтага аўтара.

Год таму адправілі яму падзячны ліст праз
рэдакцыю “Вясёлкі”. Праз некаторы час у бібліятэку прыйшоў адказ. Мікола
Захаранка прызнаўся, што нават калі яго п’еса “Паехалі” ставілася на сцэне
Купалаўскага тэатра, ён не атрымаў столькі радасці, колькі ад нашага пісьма.
Аказалася, што піша ён у асноўным для дарослых, а гэтыя казкі — своеасаблівы
эксперымент.

— Што дапамагае арыентавацца ў прасторы
шматлікіх аўтараў і іх твораў?

— Часопісы “Вясёлка”, расійскі “Театр круглый
год”. Праўда, апошні больш у Беларусі не прадаецца, а ён якраз быў разлічаны на
аматарскія тэатры і падчас нас ратаваў. Нешта бяру з дадаткаў да газеты
“Культура”, аднак гэтага недастаткова. Выданняў, якія дапамагаюць дарослым і
дзецям знаёміцца са светам дзіцячай літаратуры, мала, і цэняцца яны на вагу
золата. Часта бяром за аснову нейкі тэкст і пераапрацоўваем яго. Так становімся
сааўтарамі: прыдумваем канцоўкі, уводзім новых герояў і рэаліі сучаснага жыцця.
Напрыклад, вось наш кавалачак з п’есы Паншынай “Пераборлівы жук”: “День за днем
уж год проходит, царь покоя не находит, в интернет он не заходит!”.

А яшчэ даўно выношваю ідэю: выдаць зборнік
дзіцячай творчасці. Некаторыя нашы чытачы ўжо прынеслі ў скарбонку свае вершыкі
і расповеды. Ёсць сярод іх і пара твораў унучкі паэткі Лёлі Багдановіч.

— Сучасныя дзеці любяць чытаць? Ці стымулюе
цікавасць да кнігі дзейнасць тэатра?

— Пачну з таго, што асартымент кніг у бібліятэцы
для ўсіх узростаў проста багацейшы, толькі чым сталей дзіця, тым менш яно чытае
і больш цягнецца да камп’ютара, гэта не сакрэт… У пэўнай ступені нашы
пастаноўкі аднаўляюць цікавасць да кнігі, прынамсі мае акцёры — самыя актыўныя
карыстальнікі бібліятэкі. За год некаторыя з іх прачытваюць 30-60 кніг. Што
чытаюць? Пераважна навінкі, якія вельмі граматна пададзены: прыгожае
аздабленне, інтрыгуючыя назвы. Даспадобы прыхо-дзяцца серыі кніжак кшталту
“Улюбёныя кнігі дзяўчат”, заўжды папулярным застаецца фэнтэзі. Між іншым,
некаторыя выдавецтвы ідуць на хітрыкі і перавыдаюць класічныя творы ў серыях
навінак. Напрыклад, у серыі “Улюбёныя кнігі дзяўчат” расійскай выдавецкай групы
“АСТ” побач з “Пакутамі юнага хакера” Раманава выйшлі і “Прыгоды Алісы
Селязнёвай” Кіра Булычова.

Цікавасць да чытання трэба падтрымліваць. Сёння
ў кнігі моцная канкурэнцыя, таму толькі прывабнага выгляду, назвы і цікавага
зместу выдання недастаткова. Па-трэбна яе граматная папулярызацыя. Дзеці шмат
чытаюць па школьнай праграме і вельмі мала для сябе. Калі ставім п’есу перад
школьнікамі, імкнемся расказаць нешта захапляльнае пра яе аўтара. Сваіх акцёраў
стымулюем тым, што яны першымі могуць браць навінкі.

— З якіх аўтараў, лічыце, трэба сёння прывучаць
да чытання?

— Самуіл Маршак, Агнія Барто, Эдуард Успенскі…
(спіс атрымаўся салідны — аўт.). З айчынных — Янка Маўр, Уладзімір Караткевіч,
але гэта ўжо для больш дарослых. Зараз багата цудоўных дзіцячых серый — кшталту
“Казак ХХI стагоддзя”, “Беларускай аўтарскай казкі”, “Скарбаў роднай прыроды”
ці “Славутых iмён”. І ўсё гэта можна знайсці ў нашай бібліятэцы!

Ганна МАЦКЕВІЧ.

Последние новости

Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

22 августа 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал о скором визите в Китай и встрече с Си Цзиньпином

21 августа 2025
Читать новость
Власть

Производство ракет – в центре внимания Лукашенко. Президент требует определиться с развитием отрасли

21 августа 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый парень во время конфликта избил меня. Как его наказать?” Отвечает участковый инспектор милиции

21 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

21 августа 2025
Читать новость
Власть

“Фундамент для масштабного рывка есть”. Главное из переговоров Лукашенко и Пезешкиана в Минске

20 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем