Да 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. “Мурамцы” над Асіповічамі

Да 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.  “Мурамцы” над Асіповічамі

Першы многаматорны бамбавоз

У 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу групай інжынераў акцыянернага таварыства “Руссо-Балт” пад кіраўніцтвам знакамітага авіяканструктара ХХ стагоддзя Iгара Сікорскага быў пабудаваны самы вялікі на той час самалёт у свеце. Паветраны волат з размахам крылаў 32 метры і даўжынёй фюзеляжа каля 20 метраў атрымаў дастойнае імя: “Iлля Мурамец”. Магчымасці чатырохматорнага самалёта, які мог пераносіць паўтары тоны грузаў і знаходзіцца ў паветры да 5 гадзін, былі, як кажуць, на мяжы фан-тастыкі, аднак ацанілі іх не адразу і не цалкам — так нярэдка бывае з тэхнікай, якая значна апярэджвае свой час.

Тым не менш, восенню 1914 года імператар Мікалай II даў згоду на арганізацыю першага ў свеце злучэння многаматорных бамбардзіроўшчыкаў — эскадры паветраных караблёў. “Мурамцы” ЭПК — усяго ў злучэнне было перададзена 60 машын — змагаліся на франтах Першай сусветнай вайны з 14 лютага 1915 года да распаду расійскай імператарскай арміі. За няпоўныя тры гады яны здзейснілі 400 баявых вылетаў, скінулі 65 тон бомб і збілі 12 самалётаў праціўніка. Загінуў жа ў паветры толькі адзін “Мурамец”, прычым у баі з 20(!) варожымі знішчальнікамі. Яшчэ два разбіліся падчас аварыйных пасадак, атрымаўшы сур’ёзныя пашкоджанні ад агню зенітнай артылерыі. Каля 20 машын былі страчаны з-за тэхнічных непаладак, памылак пілотаў і… дрэннага надвор’я. Тагачасныя самалёты рабіліся з дрэва і тканіны, якія ад вільготнасці хутка псаваліся. Да таго “Мурамцы”, як усе драўляныя біпланы, мелі вялікую паруснасць і адносна нізкую трываласць, таму моцны вецер мог нанесці іх доўгім крылам непапраўную шкоду.

На здымку: “Iлля Мурамец” серыі “Г” з маторамі “Рэно” (яшчэ называўся “Рэно-Балт”) з дывізіёна паветраных караблёў Чырвонай Арміі і яго экіпаж. Перад кабінай стаіць пілот Алякей Туманскі з ордэнам Чырвонага Сцяга на грудзях. Пасля грамадзянскай вайны ён яшчэ 12 гадоў служыў лётчыкам-выпрабавальнікам. Справа ад камандзіра бамбардзіроўшчыка на стойцы шасі сядзіць яго брат Сяргей — матарыст і паветраны стралок, у будучыні — генеральны канструктар авіяцыйных матораў і акадэмік Акадэміі навук СССР.
На здымку: “Iлля Мурамец” серыі “Г” з маторамі “Рэно” (яшчэ называўся “Рэно-Балт”) з дывізіёна паветраных караблёў Чырвонай Арміі і яго экіпаж.
Перад кабінай стаіць пілот Алякей Туманскі з ордэнам Чырвонага Сцяга на грудзях. Пасля грамадзянскай вайны ён яшчэ 12 гадоў служыў лётчыкам-выпрабавальнікам. Справа ад камандзіра бамбардзіроўшчыка на стойцы шасі сядзіць яго брат Сяргей — матарыст і паветраны стралок, у будучыні — генеральны канструктар авіяцыйных матораў і акадэмік Акадэміі навук СССР.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 2 ці 3 экіпажы на сваіх караблях пераляцелі да бальшавікоў, яшчэ некалькі машын дасталіся Цэнтральнай радзе Украінскай народнай рэспублікі, астатнія былі знішчаны экіпажамі.

Падчас грамадзянскай вайны арганізаваць эксплуатацыю, рамонт і будаўніцтва гэтых складаных машын здолела толькі Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія. У лютым-сакавіку 1918 года на справы завода “Авія-Балт”, падраздзяленне “Руссо-Балт” у Петраградзе, на якім да рэвалюцыі выпускаліся “Мурамцы”, звярнуў увагу сам Уладзімір Ленін. Па загадзе лідара бальша-віцкай партыі на прадпрыемстве была праведзе-на рэвізія, якая выявіла досыць вялікія запасы запчастак, не выкарыстаныя раней маторы, а таксама некалькі пашкоджаных, але рамонтапрыдатных самалётаў. Аднавіць пашкоджаныя машыны і завяршыць зборку новых з выкарыстаннем існуючага тэхналагічнага задзелу даручылі інжынеру Мікалаю Палікарпаву, у будучым — знакамітаму савецкаму авіяканструктару.

Усяго было здадзена ў эксплуатацыю 13 ці 14 самалётаў. Разам з тымі апаратамі, што пераляцелі з эскадры, з іх стварылі дывізіён паветраных караблёў (ДПК). “Мурамцы” знаходзіліся на ўзбраенні Чырвонай Арміі нядоўга — да восені 1920 года, аднак паспелі паваяваць і з Узброенымі Сіламі Поўдня Расіі, якімі камандаваў барон Пётр Урангель, і з белапалякамі на франтах савецка-польскай вайны. Менавіта падчас апошняй “Мурамцы” і з’явіліся ў асіповіцкім небе.

З другой спробы — частковы поспех

У маі 1920 года першы бойатрад з ДПК у складзе трох “Мурамцаў” — бойкараблі № 1 пад началам чырвонага лётчыка-“красвоенлета” А.С. Яроменкі, № 2 А.К.Туманскага і № 3 А.Г.Шкудава — атрымалі загад пераляцець на Заходні фронт. Машыны былі не ў лепшым тэхнічным стане, што дадавала экіпажам клопату і сур’ёзна перашкаджала выконваць баявыя загады.

Напачатку чэрвеня бамбардзіроўшчыкі пераляцелі ў Магілёў, дзе машына Туманскага больш чым на тыдзень стала на рамонт з-за паломкі матора. “Мурамец” Яроменкі без асаблівых прыгод даляцеў да Старога Быхава. Адсюль ён быў павінен нанесці ўдар па чыгуначнай станцыі Градзянка ў сучасным Асіповіцкім раёне, але з-за няправільнай зборкі падчас апошняга рамонту не здолеў падняцца ў паветра з баявой нагрузкай і таксама досыць доўгі час не лятаў.

8 ліпеня 1920 года ўсе тры бамбавозы ў больш-менш працаздольным стане сабраліся ў Бялынічах. Наступным днём яны атрымалі загад правесці разведку і нанесці бомбавы ўдар па чыгуначнай лініі Градзянка-Уборак-Талька-Верайцы-Завішын. Аднак Яроменка страціў арыенціроўку і вымушаны быў вярнуцца, а ў самалёта Шкудава зламаўся матор, што скончылася даволі жорсткай аварыйнай пасадкай.

Самалёт Туманскага застаўся адзін. Не дачакаўшыся абяцанага прыкрыцця са знішчальнікаў, камандзір экіпажа прыняў рашэнне бамбіць запасную цэль — чыгуначную станцыю Бабруйск. З-за доўгага чакання паліва на зваротны шлях не хапіла, самалёт сеў на балота ў 10 кіламетрах ад аэрадрома. Машына ўцалела, аднак для эвакуацыі яе давялося разбіраць на часткі.

Вечарам таго ж дня Туманскі на самалёце Яроменкі ўсё ж здзейсніў налёт на Асіповічы, дзе скінуў 11 пудоў бомб і пуд лістовак. Ён адбамбіўся і па станцыі Верайцы. У журнале баявых дзеянняў ДПК пра гэтыя налёты зроблены наступны запіс: “…бамбілі станцыі Асіповічы, Верайцы, пуці, эшалоны, мястэчкі пры абедзвюх станцыях, абстралялі з кулямётаў гэтыя станцыі, мястэчкі, пуці, эшалоны, якія стаялі ці праходзілі”.

Дакладныя вынікі бамбардзіровак не ўзгадваюцца, што дазваляе даць маштабам нанесенага ўрону досыць асцярожную ацэнку. Сапраўды,  11 пудоў “карыснай нагрузкі” — гэта ўсяго 176 кілаграмаў, ці 4-20 бомб (у залежнасці ад вагі кожнай). “Мурамцы”, як і ўсе іншыя самалёты таго часу, не мелі дакладных прыстасаванняў для прыцэльвання, а бамбардзіроўку вялі з вышыні 1,5-2 кіламетры — каб не патрапіць пад абстрэл з вінтовак і кулямётаў пяхоты праціўніка. Пры такіх умовах разбамбіць паравоз ці нават падарваць рэйкі можна толькі пры вялікім вязенні.

Псіхалагічнае ўздзеянне налётаў было адчувальным, аднак таксама не без агаворак. Персанал станцый і перавозімыя па чыгунцы часці белапалякаў перажылі, безумоўна, некалькі хвілін страху, магчыма, нехта нават быў забіты ці паранены. А вось жыхары прылягаючых паселішчаў паветранага дэмаршу “чырвоных сокалаў” хутчэй за ўсё не заўважылі. На ўзгаданай вышыні адзіночны самалёт выглядаў зусім невялікім, жылыя пабудовы знаходзіліся ад рэек досыць далёка і пад бомбы, верагодна, не патрапілі. Што ж тычыцца лістовак, то іх асіпаўчане ўбачылі толькі падчас адступлення польскай арміі, калі ў сіле савецкай улады ўжо і так ніхто не сумняваўся.

…Удзел у савецка-польскай вайне для “Мурамца” “красвоенлета” Туманскага скончыўся досыць незвычайна і нават крыху камічна. У хуткім часе пасля бамбардзіроўкі Асіповіччыны ён павінен быў перавезці каля тоны касторавага масла, якое ўжывалі для змазкі авіяматораў, у Мінск. Пры ўзлёце бойкарабель № 2 патрапіў у аварыю — зламалася шасі. Для тагачаснай авіяцыі — справа нярэдкая, аднак ад удару бідоны з маслам адкрыліся і фюзеляж імгненна пераўтварыўся ў ванну з касторкай, у якой экіпаж ледзь не захлынуўся…

Юрый КЛЕВАНЕЦ.

Последние новости

Общество

Прокуратура Осиповичского района потребовала устранить нарушения в сфере увековечения памяти о погибших при защите Отечества и сохранении памяти о жертвах войн

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 24 апреля для всех знаков Зодиака

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков Зодиака

23 апреля 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Филигранная точность на скорости 200 км/ч. Лукашенко показали возможности дронов и их операторов

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко поручил ужесточить подготовку водителей в автошколах

22 апреля 2026
Читать новость